Доўгі час жыхарам вёскі Турэц-Баяры не дае спакойна жыць канава, што каля хлявоў. Мясцовыя скідвалі туды смецце некалькі гадоў. А цяпер паўстае пытанне, каму ж яго разграбаць?

Калі мы заехалі ў Турэц-Баяры па просьбе мясцовага жыхара Івана Парфёнава, то доўга шукаць знакамітую канаву не давялося. І кожны вясковец, у якога мы пыталіся дарогу, свой адказ пачынаў са слоў: “Лепш вы туды не едзьце”.

Але мы паехалі.  Адразу за жылым дваром размяшчаюцца сельскагападарчыя пабудовы. А адразу за хлявамі – балоцістая субстанцыя, з якой тырчыць усё, што некалі перастала быць патрэбным мясцовым жыхарам.

“Гэта проста жах, што там робіцца, – расказвае Іван Парфёнаў. – Навокал бур’яну поўна, і ніхто яго не косіць. Хлявы ледзь не валяцца ў гэту канаву.

Закапаць яе хто нам толькі не абяцаў. І з інспекцыі аховы навакольнага асяроддзя прыязджалі, і з “Камунальніка”, і з санэпідэмстанцыі. Калі цяперашняга старшыню выбіралі, ён абяцаў усё расчысціць. Гаварылі, што да 1 чэрвеня ўсё зробяць да толку. Толькі і сёння засмечана”.

 Але мясцовая гаспадыня Галіна вінаваціць не ўладу, а саміх жыхароў: “Раней там недалёка ферма стаяла, дык нават тады намнога чысцей было. Самі ж жыхары і дагэтуль смецце кідаюць. А што рабіць? Сюды, у Турэц-Баяры, хоць раз на тыдзень прыязджае смеццевываз. А людзям з суседскіх вёсак куды яго дзяваць?”

Леанід Семашкевіч, старшыня Лебедзеўскага сельвыканкама, патлумачыў, што гэтую праблему ён спрабаваў вырашыць: “Я абавязаў раённую ЖКГ расчысціць турэц-баярскую канаву. Яшчэ ў пачатку вясны выслаў ім гэтае рашэнне. Таму адказнасць ляжыць на іх”.

На гэта Алік Кавалевіч, дырэктар раённай ЖКГ, адказвае так: “Гэта самі жыхары са сваіх гаспадарчых пабудоў скідваюць смецце. Мы адказваем толькі за жылы фонд, канава не стаіць на нашым балансе. Таму звяртацца трэба да старшыні Лебедзеўскага сельсавета”.

Для таго, каб выйсці за межы гэтага замкнутага кола, мы звярнуліся да начальніка інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзіслава Чарнова: “Я працую на гэтай пасадзе з верасня мінулага года, але пра канаву чую ўпершыню. Асабіста да мяне ніхто з гэтай праблемай не звяртаўся.

Калі гэты аб’ект стаіць на балансе прадпрыемства мелірыяцыйных сістэм (ПМС), то, хутчэй за ўсё, ім і расчышчаць. Калі не – то канава становіцца клопатам сельсавета.

Наогул, для таго, каб разабрацца ў сітуацыі, неабходна арганізаваць сустрэчу. Сабраць старшыню сельвыканкама, прадстаўнікоў ПМС, мясцовых жыхароў і разам вырашыць гэтую праблему.

Магу сказаць: мясцовыя жыхары што хацелі, тое і атрымалі. Калі іх так непакоіць засмечаная канава, то маглі б самі закасаць рукавы і расчысціць. Але ж наш менталітэт гэтага не дапусціць. Лепш з месяца ў месяц перакідваць праблему на чужыя плечы”.

Дык хто ўсё ж возьме на сябе адказнасць і расчысціць канаву: старшыня сельвыканкама, дырэктар ЖКГ, ПМС ці мясцовыя жыхары?

Зоя ХРУЦКАЯ.