Ад прамога ўдару маланкі каля паловы сёмай гадзіны вечара 5 жніўня загарэўся хлеў на прыватным падворку ў вёсцы Сцеберакі Любанскага сельсавета.

“Паведамленне пра пажар на пульт дзяжурнага паступіла ў 18.32, – расказаў у інтэрв’ю “РГ” намеснік начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях Анатоль Стрэж. – Нам сказалі: загарэўся жылы дом. Мы адразу выклікалі “хуткую дапамогу” і выехалі на месца”.

Калі пажарныя прыехалі ў Сцеберакі, убачылі, што гарыць не дом, а хлеў і павець для дроў. Выратаваць надворныя пабудовы не ўдалося. Яны згарэлі. Затое выратавальнікі не далі перакінуцца агню на дом, які знаходзіўся ў пяці метрах ад месца ўдару маланкі.

Нягледзячы на тое, што дом не загарэўся, дапамога дактароў 86-гадовай гаспадыні ўсё ж спатрэбілася. Страту сваёй маёмасці састарэлая жанчына прыняла вельмі блізка да сэрца, сказаў Анатоль Стрэж.

Сяргей ЗЯНЬКО.