У суботу, 31 ліпеня, у ЗАГСе адбылася першая рэгістрацыя шлюбу па індывідуальным сцэнарыі. Замуж выходзілі дзве сястры-блізняты – Наталля Хадаронак стала жонкай Віталя Шыдлоўскага, а НадзеяУладзіміра Парэпкі.

 

Традыцыйны сцэнарый рэгістрацыі маладыя змянілі толькі тым, што правялі яго сумесна і дабавілі паклон сваім бацькам у знак удзячнасці за выхаванне.

Працаўнікі ЗАГСа прапанавалі гэты элемент самі, а дзяўчаты з радасцю пагадзіліся. На іх погляд, бацькі вельмі многа зрабілі для іх: гадавалі, вучылі і вяселле аплацілі. Таму паклон удзячнасці – гэта меншае, што яны маглі зрабіць.

Па словах Наталлі Хадаронак, вяселле адбылося менавіта такім, якім сёстры з дзяцінства бачылі яго ў марах. Праўда, ім яшчэ хацелася, каб і жаніхамі ў іх былі двайняты.

– Бывае, мне здаецца, што ў кожнага чалавека ёсць блізня, – патлумачыла Наталля. – У нас з Надзяй такія даверлівыя адносіны, што часам мне цяжка зразумець, як іншыя абыходзяцца без двайнят.

Наталля гаворыць, што яны ўжо нарадзіліся лепшымі сяброўкамі і ўсё жыццё заўсёды разам. Дзяўчаты разам паступілі ў Маскоўскі юрыдычны інстытут на спецыяльнасць “фінансавы мэнэджар”.

У адной групе з імі вучыліся 25-гадовы Віталь і 23-гадовы Уладзімір. Абодва хлопца мінчане, але раней яны не ведалі адзін аднаго. Маладыя людзі пазнаёміліся і пачалі сябраваць.

– Мы былі заўсёды разам, учацвярых, – дзеліцца Наталля. – І ў Маскве вучыліся, і адпачывалі ў Беларусі – усё разам. Дзесьці на другім курсе я пачала сустракацца з Віталікам, а Надзя – з Вовай.

Мінула два гады, і хлопцы зразумелі, што іх лёс вызначаны. Яны прапанавалі дзяўчатам стаць іх жонкамі, а тыя вырашылі, што і замуж будуць выходзіць разам.

Дзяўчатам было не цяжка падабраць сукенкі, якія добра глядзеліся б побач, бо іх густ вельмі падобны. Наталля гаворыць, што часам купіць туфлі і ўбачыць, што Надзя ўчора купіла такія самыя, але іншага колеру.

І на вяселле дзяўчаты збіралі ўбор паасобку, але атрымалася вельмі падобна. Толькі ў Надзі былі ружовыя ўпрыгожванні, а ў Наталлі – блакітныя, бо гэта іх любімыя колеры.

На вяселле прыйшло каля ста чалавек і з Маладзечна, і з нашай сталіцы. Двайное вяселле яўна прынесла добры прыбытак мясцовым прадаўцам кветак, але яны, асабліва ружы, вельмі цяжка пераносілі спёку.

Маладыя вельмі задаволеныя сваім святам. Але на пытанне: “А мядовы месяц вы будзеце таксама праводзіць разам?” Наталля адказала:

– На жаль, сапраўдны мядовы месяц нам прыйдзецца на некалькі месяцаў перанесці. Віталіка не пускаюць з працы, а ў яго добрае месца ў сталіцы. Таму, напэўна паедзем зімой у Егіпет. І, канешне, таксама ўсе разам.

Маладыя ўжо нанялі сабе жыллё ў Мінску і хутка туды пераедуць. Іх кватэры размешчаны побач, а зімой іх чакае перадапошняя сесія ў маскоўскім інстытуце.

Зоя ХРУЦКАЯ.

Фота Зоі ХРУЦКАЙ.