Браты пасварыліся, і мо гадоў ужо 20, як не хочуць адно пра аднаго нічога ведаць. Вінаватыя ў гэтым грошы за бацькаву хату. Малодшаму па сённяшні дзень здаецца, што старэйшы брат ўзяў сабе больш.


Шмат вады ўцякло з таго часу. Выраслі іх дзеці, пачалі жаніцца, выходзіць замуж. Але не былі яны адзін у аднаго ні на вяселлях, ні на хрэсьбінах, ні на юбілеях. Ці то злосць не дала, ці то гонар дурны не дазволіў падаць адно аднаму руку.

“Я чалавек на радню багаты, – расказвае маладзечанец Леанід Катковіч. – Нас у сям’і трое братоў. Яшчэ з дзяцінства бацька прывучаў любіць і шанаваць адзін аднаго. Слова “брат” было для нас нейкім святым, ці што. Па-брацку і жылі ўвесь час. У нас нават дачы побач. А што, такой сям’ёй і працаваць лягчэй, і адпачываць весялей”.

Адзін з яго братоў быў інвалідам. Яшчэ салдатам страціў у армію нагу. “Хлопцы, – вучыў бацька, – дапамагайце малодшаму, вы ж на двух нагах, ён – на адной. Не стане нас з маці, падстаўце плячо, не кіньце”. І яны не кідалі. Калі прывозіў Леанід на дачу машыну гною, то расцягваў адразу на тры ўчасткі, калі бачыў, што брату фінансава цяжка, дзяліў грошы, што былі ў кашальку, на дваіх. І ніколі пры гэтым не чакаў ніякіх асаблівых слоў удзячнасці. Каму чужому даў, ці што. Брату ж. А гэта адна кроў!

Коля і Сяргей таксама браты. Адзін жыве ў Мінску, другі – у Маладзечне. Не было, напэўна, таго дня, каб яны не патэлефанавалі адзін аднаму, не пацікавіліся справамі. “Сяргей мне як бацька, – расказвае Мікалай. – Увесь час апякае, я б сказаў, дапамагае ісці па жыцці. Што б ні здарылася: добрае, благое, ён заўсёды побач. Пяць гадоў таму пачалі мы будаваць кааператыў. Грошы на першы ўзнос сабралі загадзя, але штосьці там не клеілася з праектам, нейкімі дакументамі. Карацей, загадалі нам на працягу тыдня ўнесці яшчэ тры мільёны рублёў”.

Такіх грошай у Колькі не было. Ведаў, што не будзе іх і ў Сяргея. Машыну толькі-толькі купіў, у адпачынак з сям’ёй ехаць збіраецца. Вечарам сазваніліся. Канешне ж, не стрымаўся малодшы брат, прызнаўся старэйшаму ў сваёй бядзе. “Будзем думаць, дапаможам”, – сказаў той. А вечарам наступнага дня прывёз грошы. Маўляў, дома з жонкай параіліся і вырашылі ў адпачынак не ехаць. Будуйся, у чалавека павінны быць свой дом.

Добра жыць і ведаць, што ёсць на свеце чалавек, якому ты можаш даверыцца, які цябе прыме любога. Віцька таксама пасля таго, як вызваліўся з турмы, чатыры месяцы жыў у свайго брата. Бачыў, што лішні. Што ў двух інтэрнацкіх маленькіх пакойчыках ім самім развярнуцца няма дзе. Кожны дзень мужчына спадзяваўся, што ўладкуецца на працу, што знойдзе сабе жыллё. Толькі – дарма. “Ды не хвалюйся ты, – замест таго, каб злавацца, казала яму братава жонка, – усяго нам хопіць. Дзе чацвёра, там і пятаму месца знойдзецца”.

“Лепш з разумным згубіць, чым з дурнем знайсці”, – любіць казаць адзін мой знаёмы і заўсёды пры гэтым расказвае, як з братам дзялілі спадчыну. Ён не злапамятны, бо па сённяшні дзень падтрымлівае з ім сувязь, і не сквапны, інакш бы не адмовіўся ад сваёй палавіны бацькоўскай хаты. Проста няпраўду не любіць і зразумець не можа, як можна прадаваць цішком бацькоўскую маёмасць, а пасля біць сябе ў грудзі і казаць, што ўсё ўкралі.

Марына СЛІЖ.

Больш матэрыялаў рубрыкі “Думкі ўслых”на сайце