Журналісцкі фестываль “БАЖынкі” прайшоў сёлета на тэрыторыі нашага рэгіёна: 30-31 ліпеня каля 40 журналістаў, сябраў БАЖ, з розных беларускіх сродкаў масавай інфармацыі сабраліся ў аграсядзібе “Хутар “Барок”, што непадалёк ад Ракава.

Даведка “РГ”. БАЖ – грамадскае аб’яднанне “Беларуская асацыяцыя журналістаў” – добраахвотнае, недзяржаўнае, непартыйнае аб’яднанне грамадзян, якія займаюцца прафесійнай журналісцкай дзейнасцю альбо садзейнічаюць яе развіццю. Дзейнічае з восені 1995 года. Сёння ў БАЖ налічваецца больш за 1000 сябраў. Аснову маладзечанскай філіі складаюць супрацоўнікі “Рэгіянальнай газеты”.


“Індзеец” Андрэй Сыцін і “галоўная скво” БАЖу (старшыня) Жанна Літвіна.

 

 

“БАЖынкі” – штогадовы фестываль. Сёлетнія былі трэцімі па ліку, мелі індзейскую стылістыку і праходзілі пад назвай “Апошні з магікан”. “Хаця мы ў рэзервацыі, але дух наш вольны, і яго нікому не скарыць”, – сказаў на цырымоніі адкрыцця “намеснік вярхоўнага шамана племені вольных журналістаў” Андрэй Аляксандраў.

Журналісцкія спаборніцтвы і гульні былі незвычайныя: калі футбол, то на пляцовачцы меншай нават за міні-футбольнае поле, што патрабавала ад гульцоў большай дакладнасці ўдараў і разважлівасці, чым звычайна; калі “Што? Дзе? Калі?”, то на журналіскую тэматыку; танцы – сярэднявечная “Ойра”, музыка – на беларускай дудзе (музычны інструмент, падобны на валынку, вельмі папулярны ў нашых продкаў) граў гаспадар сядзібы Алесь Лось. Нават папулярная цяпер гульня “Мафія” стала “Інфармацыйнай мафіяй”. Толькі перацягванне канату і спаборніцтвы па дартсе былі звычайныя.

Падчас адпачынку на прыродзе крыху павучыліся – майстар-клас па журналісцкай бяспецы правяла калега з Украіны Аксана Раманюк.

Святлана ЦІШКО.

Фота Святланы Цішко.