Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм” сумесна з ААТ “Арт Сінема груп” здымае ў Залессі васьмісерыйны вострасюжэтны тэлевізійны фільм “Немец”, які выйдзе на тэлеэкраны ў наступным годзе 9 мая.

“Праезд забаронены. Тэрыторыя ў арэндзе кінастудыі “Беларусьфільм”. Такая таблічка з’явілася нядаўна на ўездзе ў Паўночныя Афіны – сядзібу Міхала Клеафаса Агінскага ў вёсцы Залессе.

Вядома, яна толькі падштурхнула журналісцкую цікаўнасць і прымусіла парушыць забарону.

Першае “падазрэнне” – здымаюць гістарычны фільм пра вядомага гаспадара сядзібы Агінскага. Ці сюжэты пра Першую сусветную – недалёка ад палаца ўвагу прыцягнула выцвіўшая палатка з чырвонымі крыжамі (у Залессі ў гады Першай сусветнай вайны стаяў ваенны шпіталь).

Згадкі не пацвердзіліся. На Смаргоншчыне нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм” сумесна з ААТ “Арт Сінема груп” здымае васьмісерыйны вострасюжэтны тэлевізійны фільм “Немец”. Аўтары вызначылі жанр свайго дзецішча як прыгодніцкі дэтэктыў. Падзеі адбываюцца адначасова ў далёкім 1941-м і ў 2009 гадах. У лістападзе 1941 года НКВД пад аховай лейтэнанта Ціханава адпраўляе груз з асаднага Ленінграда ў Маскву. На перахоп выходзіць спецгрупа пад камандаваннем маёра Целера, супрацоўніка нямецкага інстытута “Аненербе”. Экспедыцыя Целера не выходзіць з лесу. На рабочы стол шэфа СС кладзецца рапарт яфрэйтара Ральфа Мюлера – малады салдат бачыў, як група маёра Целера захапіла грузавік і перабіла сведкаў акцыі…

Праз шмат гадоў ў Маскву прыязджае праўнук і поўны цёзка яфрэйтара Мюлера. Ральф-малодшы ўпэўнены: прапаўшы груз знаходзіцца на тэрыторыі Данскога манастыра. Масквіч Антон Ушакоў і немец Ральф Мюлер вырашаюць адшукаць сакральны скарб, выкрадзены па загадзе рэйхсфюрэра Гімлера ў 1941 годзе эсэсаўцамі. Яны трапляюць у шматлікія пераплёты, па іх слядах ідуць адначасова агенты дзвюх спецслужбаў, мафія. У фінале ім удаецца знайсці скарб. Але гэты артэфакт не матэрыяльнага, а духоўнага свету.

Экранізацыю фільма робіць творчы калектыў вядомага беларуска-расійскага прадзюсара Глеба Шпрыгава. Яго ўжо ведаюць па высорэйтынгавых серыялах “У чэрвені 41-га” з Сяргеем Бязрукавым ў галоўнай ролі, “Снайпер” з Дзмітрыем Пяўцовым. У карціне “Немец” таксама задзейнічаныя вядомыя акцёры з Польшчы, Германіі, Расіі і Беларусі. Галоўныя ролі выконваюць нямецкі акцёр Маркус Кунцэ і расійскі Данііл Страхаў.

Жыхарам Смаргоншчыны пашанцавала – у гэтыя дні яны могуць убачыць зорны акцёрскі склад: у ролях занятыя расіяне Анатолій Кузняцоў, Вікторыя Талстаганава, Віле Хаапасала, Кацярына Васільева, Міхаіл Калінічаў, польскі акцёр Павел Дэлонг, беларускія Ігар Сігаў, Яўген Іўковіч, Ігар Падлівальчаў…

Зоркі, дарэчы, не пакутуюць на “зорную” хваробу, яны шчыра захапляюцца прыгажосцю Смаргоншчыны, размаўляюць з мясцовымі жыхарамі, якім “Немец” даў магчымасць таксама адчуць сябе ў ролі акцёраў. На Смаргоншчыне здымаецца шмат батальных сцэн, здараецца, што адначасова на здымачнай пляцоўцы знаходзіцца каля ста чалавек. Таму здымацца ў масавых сцэнах запрасілі смаргонскіх пагранічнікаў і выратавальнікаў з райаддзела па надзвычайных сітуацыях – у вольны ад службы час. Для гэтага ім прыйшлося надзець форму салдат вермахта. Прафесійныя акцёры з імі на адной назе – разам працуюць пад пякучымі промнямі сонца на здымачнай пляцоўцы, разам абедаюць у перапынках. Сцэнарый па раману пісьменніка Юрыя Косціна стварыў прадзюсар Глеб Шпрыгаў, рэжысёр Аляксандр Яфрэмаў.

Здымкі фільма пройдуць ў Маскве, Беларусі і Мюнхене. Пачалі работу 6 ліпеня ў ваколіцах Магілёва. Менавіта тут рэжысёр Аляксандр Яфрэмаў пасля першага дубля разбіў аб штатыў з камерай талерку з назвай фільма і подпісамі ўсіх членаў здымачнай групы. Такая у кіношнікаў традыцыя. Асколкі гэтай талеркі бярэ група на памяць: мець такі кавалачак – добрая прыкмета. Усяго для здымак фільма будзе наладжана пяць экспедыцый у трох краінах.

На Смаргоншчыне здымкі будуць ісці два тыдні. Асноўная здымачная пляцоўка тут – сядзіба Агінскіх у Залессі. Кіношнікаў прыцягнула ўвагу не яе гістарычнае мінулае, а тое, што астатніх абурае: голыя, не патынкаваныя сцены, вузкія вокны – абстаноўка набліжаная да ваеннай. У сценах палаца здымалі толькі дзве сцэны, усё астатняе – на прыродзе ў сядзібе, якая ў гэтыя дні паўстала “ў стылі саракавых”. Праўда, тэхніку ў стары парк Агінскага не пусцілі – каб не нашкодзіць прыродзе. Уезд сюды забаронены ўсім відам транспарту, і выключэння не зрабілі нават кіношнікам.

Акрамя Залесся, натурай для здымак “Немца” стала вёска Наваспаск і яе натуральныя дэкарацыі – разваліны царквы, разбуранай, праўда, не падчас Айчыннай, а ў гады Першай сусветнай. Манастырскі скіт у вёсцы Богушы добра “сыграў ролю” Данскога манастыра ў Расіі – у ім героі фільма шукаюць артэфакты мінулай вайны.

Здымкі прадоўжацца ў Расіі і ў Германіі пры падтрымцы кінастудыі “Баварыяфільм”. Работу над фільмам кінематаграфісты плануюць закончыць ў кастрычніку 2010 года. А 9 мая наступнага года ён выйдзе на тэлеэкраны. Смаргонцы будуць чакаць гэтай кінападзеі з нецярпеннем, каб убачыць у кіно родныя мясціны, знаёмыя твары.

Аддзел інфармацыі.