На працягу пяці дзён ад моманту звароту жыхароў нашага рэгіёна камісіі па надзвычайных сітуацыях райвыканкамаў падлічваюць страты, што нанесла стыхія ў нядзелю, 8 жніўня. На момант здачы газеты ў друк, чацвер, 12 жніўня, ні ў адным з раёнаў не назвалі нават прыкладнай сумы.

Стыхія пашкодзіла прыватныя дамы, будынкі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, лініі электраперадач, лясы і ўгоддзі ў Маладзечанскім, Вілейскім, Валожынскім і Мядзельскім раёнах Мінскай вобласці нашага рэгіёна. Раёны Гродзенскай вобласці – Смаргонскі, Ашмянскі і Астравецкі – не пацярпелі.

“Ураганы здараліся на Маладзечаншчыне, але з такімі наступствамі, як гэты, яшчэ не было, – кажа ў інтэрв’ю “РГ” намеснік начальніка Маладзечанскага гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях Сяргей Гладкі. – Па нашых папярэдніх падліках, за кампенсацыяй нанесенай стыхіяй шкоды ў Дзяржстрах звярнулася каля 200 чалавек. У кагосьці ветрам сарвала ліст шыферу, у кагосьці – увесь дах дома”.

Па кожным такім звароце, па словах Сяргея Гладкага, спецыялісты Дзяржстраху выязджаюць на месца здарэння. Людзі, чыё жыллё не было застрахаванае, могуць звяртацца ў райвыканкам. Камісія па надзвычайных сітуацыях будзе вырашаць, ці ёсць магчымасць чым-небудзь дапамагчы пацярпелым.

І гэта толькі тое, што тычыцца прыватных гаспадарак. Стыхія таксама нанесла шкоду юрыдычным асобам раёна. У прыватнасці, лясной гаспадарцы, дзе было павалена каля 12 гектараў лесу.

Бадай, найбольш лес пацярпеў у Мядзельскім раёне. Па словах намесніка начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксандра Лёткі, у Нарачанскім парку пашкоджана каля 150 гектараў лесу. У камісію райвыканкама мядзельцы нясуць фатаграфіі наступстваў стыхіі і чакаюць дапамогі. У будаўнічых арганізацыях раёна створаныя брыгады, якія гатовыя аказаць платныя паслугі па рамонце жылых дамоў для тых, хто не можа сам ліквідаваць наступствы ўрагану.

Пяць сельскагаспадарчых прадпрыемстваў пацярпелі ў Валожынскім раёне. Сакратар камісіі райвыканкама па надзвычайных сітуацыях Віталь Унучак расказаў нашаму выданню, што стыхія пашкодзіла будынкі і камунікацыі ў сельгаспрадпрыемствах “Пяршаі-2003”, “Сівіца”, “Дорскі”, “Івянецкая крыніца” і ў сельскагаспадарчым філіяле прадпрыемства “Мінаблдарбуд” “Сугвазды”.

У Вілейскім раёне стыхія нанесла шкоду 30 населеным пунктам, пашкоджана 5 сельскагаспадарчых будынкаў. Было абарвана 12 кіламетраў ліній электраперадач. Як расказаў “РГ” намеснік начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксандр Раманоўскі, ураган паклаў 97 гектараў лесу.

На ліквідацыі наступстваў стыхіі працуюць 41 адзінка тэхнікі і 167 чалавек з розных арганізацый і прадпрыемстваў Вілейскага раёна.

Па словах усіх прадстаўнікоў раённых камісій па надзвычайных сітуацыях, папярэднія сумы нанесенай шкоды можна будзе назваць на пачатку наступнага тыдня.

МАЛАДЗЕЧНА. Ураган пашкодзіў 90 дахаў прыватных дамоў у горадзе і 60 – у раёне. 12 фермаў і 4 зернесклады былі зламаныя ветрам. Дрэвы былі паваленыя на тэрыторыі 12 гектараў лесу.

Намеснік начальніка гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях Сяргей Гладкі ў інтэрв’ю “РГ” расказаў: дрэвамі былі заваленыя ўчасткі дарог Маладзечна – Вілейка і Мінск – Маладзечна.

Падчас урагану за паўгадзіны – ад 14 да 14.30 – без электрычнасці засталіся 56 вёсак. Да раніцы 9 жніўня энэргазабеспячэнне ў 50 вёсках было наладжанае. На ліквідацыі наступстваў стыхіі працавалі выратавальнікі, работнікі камунальных службаў, электрычных сетак і лясгаса.

ВІЛЕЙКА. У Вілейскім раёне ураган сарваў дах прыватнага дома ў вёсцы Бутрымава Любанскага сельсавета. Гаспадара дома выратавальнікам прыйшлося даставаць з гарышча.

Па словах намесніка начальніка Вілейскага райаддзела па надзвычайных сітуацыях Анатоля Стрэжа, калі пачаўся моцны вецер, мужчына палез закрываць дзверы на гарышча. Стыхія сарвала дах дома, гаспадара ўдарыла бэлькай. Выратавальнікі спусцілі пацярпелага на зямлю.

ВАЛОЖЫН. 25 вёсак з-за ўрагану засталіся без электрычнасці ў нядзелю, 8 жніўня. Па словах начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Алега Скадорвы, на раніцу панядзелка электрычнае святло аднавілі ў 20 вёсках.

Для аднаўлення дахаў сельскагаспадарчых пабудоў, якія сарвала стыхія, спатрэбіцца 2 400 лістоў шыферу. Моцным ветрам знесла дахі з 22 пабудоў сельгаскааператываў. Людзі не пацярпелі.

Паваленымі дрэвамі ў нядзелю была заваленая дарога Пяршаі–Івянец.

МЯДЗЕЛ. Лівень, ураганны вецер, які прайшлі ў раёне каля гадзіны дня ў нядзелю, нанёс шкоду найперш прыватнаму сектару. Па словах Андрэя Каркоцкага, начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, без электрычнасці засталіся 24 населеныя пункты.

Пацярпелі дахі дамоў, вокны, прыватны транспарт. Істотна пацярпеў Нарачанскі парк. Леснікі падлічваюць страты.

У школах і дзіцячых садках вецер павыбіваў вокны.

СМАРГОНЬ. АШМЯНЫ. АСТРАВЕЦ. У Гродзенскай вобласці стыхія прынесла пашкоджанні дзесяці раёнам, паведаміў галоўны спецыяліст цэнтра прапаганды і навучання абласнога ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях Вадзім Хаценка. Але сярод раёнаў, якія пацярпелі ад урагану, Смаргонскага, Ашмянскага і Астравецкага няма.

Для дзяцей у Вілейцы пабольшала забаў.

Вілейка.

Вілейка.

Вілейка.

А пасля ліўня-разбуральніка над “Зенітам” з’явілася нявінная вясёлка.

Прадпрымальныя маладзечанцы зноўдуць выйсце з любой сітуацыі. Нехта спыняўся, нехта аб’язджаў па тратуары, а нехта спрабаваў уціснуцца. Вуліца Лібава-Роменская.

Каб перайсці перакрыжаванне каля чыгуначнага вакзала, трэба было добра замачыць ногі.

Пешаходны пераход каля аўтавакзала. Маладзечна.

Сяргей ЗЯНЬКО. Зоя ХРУЦКАЯ.

Фота Зоі ХРУЦКАЙ (Маладзечна), Святланы ГОЛЯС (Вілейка).