Субота. Спёка на мяжы вар’яцтва. Але ў Залессі яе, здаецца, не заўважаюць. У маёнтку Міхала Клеафаса Агінскага вёска адзначае 320-годдзе.

Міхаіл Савоська (справа) і Пётр Южык.

Моманты свята.

На беразе старой сажалкі.

Сельмаг “Назад в СССР!”.

Смачная медавуха!

Спявае калектыў ААТ “Смаргоньсілікатабетон”.

Такім ураджаем не грэх і пахваліцца.

Ткачыха з Залесся Зафія Войтка з дочкамі Алёнай і Вікай.

Першае знаёмства.

Шчырыя абдымкі сяброў.

 

Вяселле “У Міколы”.

Грошы на сёлетняе свята, прымеркаванае да 320-годдзя мястэчка, паступілі ў рамках праекта Праграмы развіцця Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па ўстойлівым развіцці рэгіёнаў.

“Круглы стол”

Раніцай перад па­чаткам самога фэсту ў будынку Залескай школы-сада адбыўся “круглы стол” “Дыялог, партнёрства і сумесны ўдзел у вырашэнні пытанняў устойлівага развіцця вясковых супольнасцяў”. Мадэратарам была выканаўчы дырэктар Міжнароднага гуманітарна-адукацыйнага фонду “Жывое партнёрства” Галіна Мацюшэнка. Да ўдзелу запрасілі прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый, мясцовых органаў улады, СМІ, экспертаў па ўстойлівым развіцці тэрыторый. Зразумела, самае цікавае ў такіх мерапрыемствах – кантакты з людзьмі, што маюць практычны досвед працы ў сваёй мясцовасці. У дадзеным выпадку – развіцця агра- і экатурызму.

Пачатак адраджэння ў Залессі?

Ала Шыцікава – чалавек у Залессі вядомы, экс-старшыня мясцовага сельскага Савета, а цяпер – дэпутат Залескага сельвыканкама, член ініцыятыўнай групы па стварэнні фонду “Залеская талака”. Мяркуецца, што фонд будзе дзейнічаць як грамадская арганізацыя, якая зоймецца даўнімі – і балючымі! – залескімі праблемамі і эканамічнага, і экалагічнага характару. Па-першае, аднаўленнем тэрыторый, прылеглых да палаца Агінскіх: прыгожыя і чыстыя некалі ставы, крыніцы ператварыліся ў балота. Патрабуе догляду парк, сад, млын… Усё гэта пры належным доглядзе даўно магло б стаць турыстычнай “фішкай”. Узнікае яшчэ адна праблема – развіццё мясцовага турызму: ужо цяпер ёсць шмат ахвотных наведаць Залессе, але яны не знойдуць тут прытулку. У Залессі няма аграсядзібаў, дзе можна было б спыніцца і добра адпачыць. Да таго ж развіццё мясцовага турызму дало б добры заробак і мясцовым жыхарам, а чалавек са справай – гэта лепей, чым чалавек з бутэлькай. Трэцяе балючае пытанне – жудасная якасць пітной вады, і гэта закранае кожнага, хто хоць дзянёк пабудзе ў Залессі. Пабудова станцыі па ачыстцы вады – прынцыпова важны момант, які закранула ў сваім выступленні Ала Мікалаеўна.

Поспехі іншых…

Вельмі цікавым і змястоўным было выступленне Эдуарда Вайцяховіча з ТДА “Цэнтр падтрымкі вясковага прадпрымальніцтва вёскі Камарова”, які займаецца справай устойлівага развіцця і агратурызму ўжо семнаццаць год. А з чаго ўсё пачалося? У адзін “цудоўны” момант стала зразумела, што ў вёскі Камарова няма будучыні: Свірскі прафесійна-тэхнічны ліцэй, што даваў працу мясцовым жыхарам, прыходзіў у заняпад. Усё меней станавілася людзей, якім патрэбна была сельскагаспадарчая адукацыя менавіта ў такім выглядзе і па прычыне заняпаду сельскай гаспадаркі, і па прычыне змяншэння колькасці людзей у ёй занятых… Найбольш актыўныя (і неабыякавыя) мясцовыя жыхары хацелі, каб іх дзеці ды ўнукі засталіся жыць у роднай вёсцы – гэта жаданне падштурхнула іх ажыццявіць шмат цікавых праектаў. Адзін з найбольш значных – пабудова невялікай гідраэлектрастанцыі, якая дае святло цэнтральнай частцы вёскі, падсвечвае прыгажосць старажытных будынкаў маёнтка графа Старжынскага, частку парку і вуліцу ля става.

У агульнай дыскусіі таксама прынялі ўдзел старшыня Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра Астрыд Зам, старшыня Жалудоцкага пасялковага выканаўчага камітэта (Шчучынскі раён) Генадзь Цывінскі. Вынікі падвяла Галіна Мацюшэнка, зазначыўшы, што маленькія справы змяняюць свет. З ёй цяжка не пагадзіцца.

Свята ля паўразбуранага палаца

– Мы імкнуліся, каб усе тыя, хто спрычыніўся да нашага Залесся – хто жыве або жыў тут, хто тут нарадзіўся, проста калісьці бываў, – змаглі наведаць вёску, – нагадала мэту правядзення фестывалю-кірмашу Ала Шыцікава. – Мне здаецца, што ўраджэнцам і жыхарам нашага Залесся ўласцівае пачуццё асаблівага гонару за сваю малую радзіму, якая ў гісторыю вялікай радзімы ўпісала не адну старонку. Чаго варты асобы Міхала Клеафаса Агінскага і яго сакратара Леанарда Ходзькі, дачкі пісьменніка Льва Талстога, якая ў Залессі кіравала работай шпіталя падчас Першай сусветнай вайны! А колькі выбітных асобаў падарыла Залессе ў навейшы час! Многія з іх прыехалі да нас на свята.

Гасцей сапраўды было шмат: з райцэнтра і са сталіцы, з Літвы, Латвіі, Польшчы.

І не было канца радасным сустрэчам. Дэпутат Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Пётр Южык нарадзіўся ў невялікай вёсачцы Зарудзічы блізу Залесся. Сюды, даверліва прызнаўся журналісту, мяркуе вярнуцца пасля таго, як скончыцца тэрмін яго дэпутацкіх паўнамоцтваў. Таму што няма лепшых мясцін, чым тут, дзе пачыналіся яго жыццёвыя сцежкі-дарожкі. Са святочнай сцэны, якую абсталявалі на тэрыторыі маёнтка Міхала Клеафаса Агінскага, проста пад сценамі млына, Пётр Уладзіміравіч агучыў землякам доўгачаканую вестку: з рэспубліканскага бюджэту запланавана выдзяленне сродкаў для рэстаўрацыі сядзібы, і ўжо ў наступным годзе тут пачнуцца работы па аднаўленні. Да 2015 года сядзіба павінна набыць такі выгляд, які мела ў пару Паўночных Афінаў.

Міхаіл Савоська прыехаў на сустрэчу з малой радзімай з Вільні.

– Не быў тут 35 гадоў – з таго часу, як скончыў школу і пайшоў “па марах”. Шмат давялося бачыць прыгожых мясцін, але заўсёды з лёгкім сумам успамінаў мясціны дзяцінства і маладосці. Зараз тут блізкіх сваякоў не засталося, таму і не прыязджаў столькі гадоў! Але вось атрымаў запрашэнне і нібы на крылах ляцеў. У памяці было тое Залессе, якое бачыў апошні раз. Тады ў сядзібе месціўся санаторый, было прыгожа і весела. Скажу шчыра: зараз выгляд сядзібы мяне не парадаваў: парк і сажалкі зараслі, патрэбна шмат папрацаваць, каб аднавіць усё.

Яны па чарзе выходзілі на сцэну – далёкія і знакамітыя госці, якім лёс падарыў шчасце нарадзіцца на гэтай зямлі або адпачываць у мясцовым санаторыі – хоць нядоўга, але запамінальна.

Цяперашнія залесцы на правах гаспадароў сустракалі прыезджых гасцінна і арыгінальна. Кожная вёска сельсавета, кожнае прадпрыемства ці ўстанова ладзілі свой падворак, адметны і асаблівы. У імправізаванай карчме “У Міколы” “Смаргоньсілікатабетон” і чыгуначная станцыя Залессе наладзілі сапраўднае вяселле па мясцовым абрадзе, але з гумарам. Знайшлася для дарагіх гасцей і чарка, і скварка.

Мясцовая ўрачэбная амбулаторыя частавала гасцей рознымі напоямі і травянымі зборамі – “Ад сквапнасці”, “Ад удаўлення”, “Ад хады налева”. Пакаштаваць тут можна было нават маладзільных яблыкаў. Ну, чым не казка!

Прыгажуні-студэнткі Ліза Брыль і Хрысціна Несцяровіч гасцінна запрашалі на панадворак сваёй невялікай вёсачкі Алянец.

А горад майстроў клікаў у свае ўладанні і прапаноўваў усё, што могуць стварыць фантазія і рукі чалавека. Свае вырабы прадставілі майстры з Мінска, Смаргоні, Маладзечна і мясцовыя майстрыхі з раённага дома рамёстваў, які прапісаны ў Залессі.

Са сцэны доўга ў гэты дзень гучалі песні ў выкананні мясцовых артыстаў і іх гасцей з Літвы, Латвіі, Польшчы.

Дар’я ЛІС.

Наталля ВІЛЕЙСКАЯ.

Фота Мікалая ВАЛЫНЦА.