Навукова-папулярны фільм “Мой край” здымуць у Вілейцы. 20-хвіліннае кіно пра гісторыю Вілейшчыны будзе зробленае дзякуючы перамозе ў “Праекце ўстойлівага развіцця на мясцовым узроўні”, які праводзіла Арганізацыя Аб’яднаных Нацый у Беларусі.

Заяву для ўдзелу ў праекце падалі дэпутаты раённага Савета дэпутатаў. Арганізатары задаволілі заяўку ў лютым, а ў аўторак, 10 жніўня, на здымкі фільма былі пералічаныя грошы. У эквіваленце 7 тысяч долараў ЗША.

Пра гэта ў інтэрв’ю “РГ” расказала старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталля Радзевіч. Паводле яе слоў, рэалізацыя праекта па стварэнні фільма пачалася пасля пералічэння грошай. Ужо сабраныя матэрыялы і гатовая сцэнарная канцэпцыя фільма, у аснове якой работа супрацоўніц раённага краязнаўчага музея Наталлі Яфімавай і Вольгі Коласавай, а таксама дырэктара музея Сяргея Ганчара.

“Кіно “Мой край” не будзе мастацкім, – паведаміў у інтэрв’ю нашаму выданню Сяргей Ганчар. – Але мы таксама не хочам, каб яно атрымалася чыста навуковым. Фільм павінны быць менавіта навукова-папулярным, каб яго можна было выкарыстоўваць у школах на ўроках гісторыі, а дыскі проста прадаваць усім тым, хто цікавіцца гісторыяй Вілейшчыны”.

Па словах Наталлі Радзевіч, плануецца, што фільм будзе зроблены да 20 верасня. Ужо ёсць папярэдняя дамова з рэжысёрам, які будзе манціраваць матэрыялы, сабраныя работнікамі вілейскага музея. На момант напісання матэрыялу, чацвер, 12 жніўня, пісьмовая дамова з рэжысёрам яшчэ не была падпісаная, таму яго прозвішча Наталля Радзевіч пакуль не называе. Старшыня райсавета дэпутатаў сказала толькі, што рэжысёр не мясцовы.

Вілейка не абмяжуецца стварэннем фільма сама пра сябе. Пасля гэтага ў райцэнтры збіраюцца правесці першы рэспубліканскі фестываль краязнаўчых фільмаў. У іншыя раёны Беларусі будуць разасланыя палажэнні па фестывалі і запрашэнні прыняць у ім удзел. Калі ахвотных будзе вельмі шмат, магчыма, будзе праведзены адборачны тур для ўдзелу ў форуме, сказаў Сяргей Ганчар.

Дата правядзення фэсту яшчэ не вызначаная. Мяркуецца, што гэта можа быць субота, 16 кастрычніка.

Дырэктар раённага краязнаўчага музея адзначыў, што ў семінарах “Праекта ўстойлівага развіцця” пад эгідай Арганізацыі Аб’яднаных Нацый удзельнічала некалькі дзесяткаў раёнаў Беларусі. Раёны падавалі заяўкі аб розных мясцовых ініцыятывах: ад пасадкі сада каля дома-інтэрната – да закупкі абсталявання для вытворчасці тратуарнай пліткі.

Здымкі гістарычнага фільма – не адзіная вілейская ініцыятыва, якая была падтрыманая. Былі пададзеныя яшчэ дзве – па стварэнні Віллянскага хутара і па раздзельным зборы смецця. Абедзве гэтыя ініцыятывы, па словах Сяргея Ганчара, таксама былі задаволеныя.

Сяргей ЗЯНЬКО.