У абед неба завалаклі хмары. “Проста дажджом тут не абыдзецца”, — падумала пра сябе, выглядваючы ў адчыненае акно.

Яшчэ праз хвілін пяць на кухні стала цёмна. “Зачыняйце вокны”, — крыкнула дзецям, якія былі ў суседнім пакоі. А па Цэнтральнай плошчы горада вецер ужо гнаў кучы лісця і смецця.

Грымнула, неба асвяціла маланка. Упалі першыя кроплі дажджу. “Чаму людзі не думаюць пра бяспеку”, — прыціснуўшыся носам да аконнага шкла, заўважыў старэйшы сын. Стагналі ад магутнага ветру пад акном вішні, складалася пад яго напорам ледзь не папалам бярозка. А атракцыёны, што на Цэнтральнай плошчы горада, усё яшчэ круцілі, каталі людзей.

Праз колькі хвілін яны спыніліся. Я яшчэ бачыла, як з піскам і крыкам моладзь разбягалася ў розныя бакі, каб схавацца ад дажджу і ветру. А пасля… “прапала”. Як і ўнівермаг, што насупраць дома, атракцыёны, вялікая аўтамабільная стаянка. Бачна было з акна не далей за метр. Усю астатнюю прастору завалакло нейкім белым густым ні то дымам, ні то туманам.

“Зломіць елку, яшчэ адзін парыў ветру, і яна не вытрымае”, — гледзячы на стройную прыгажуню за акном думала пра сябе. А вецер усё не сціхаў. Ён наадварот, толькі набіраў моц. Выў, як зімой, стагнаў, круціў у дзікім танцы траву, кідаўся ў вокны лісцем, галлём, нечым ляпаў, трашчаў.

Праз акно зняць што-небудзь на фотаапарат не змагла. Па шкле шырокімі палосамі цякла вада. А фортку адчыніць пабаялася. Здавалася, што вецер, дай яму толькі магчымасць, вырве акно як пушынку.

Па падаконніку нешта дробна застукала. Прыгледзелася – град. Невялікі, памерам з гарошыну, але моцны і густы. Схапіла мабільны тэлефон, стала званіць дадому на Валожыншчыну. “У нас не страшна, — супакоіў брат. – Дождж, праўда, прайшоў. А так, чорную хмару пацягнула да вас, на Маладзечна”.

Дзесьці праз гадзіну зазірнула суседка. “Ну, як вы тут, цэлыя, — спытала з парога, — а мы з мужам раму балконную ледзь утрымалі. Каб нікога не было дома, то абавязкова вырвала б яе з мясам”.

Выйшлі на пляцоўку, глянулі ў двор. Легкавікі, прыпаркаваныя ля пад’езда, стаялі як у маскіровачных “халатах”, абсыпаныя лісцем, адарванымі сукамі, галінкамі. Крыху воддаль ляжала вырваная з коранем маладая бярозка. “Парк, напэўна, злажыла цалкам, — падумала пра сябе. – Дрэвы там старыя, наўрад ці супрацьстаялі стыхіі”.

“Вечарам мая сястра вярталася з вёскі, — расказвае знаёмая жанчына. – Раптам цягнік спыніўся, а машыніст па гучнай сувязі спытаў, ці няма ў каго з сабой сякеры. Маўляў, дарогу дрэва перагарадзіла. Прыйшлося пасажырам мужчынскага полу збірацца з сіламі і вызваляць чыгуначныя пуці. Колькі кіламетраў праехалі, зноў завал. На гэты раз, праўда, меншы”.

У Мядзельскім раёне град быў такі, што павыбіваў у хатах вокны. Знаёмая, у якой сваякі маюць дачу ў вёсцы Брусы, расказвала, што вокны ў іх доме вымалаціла за лічаныя хвіліны. А гарод, за якім з такой любасцю даглядалі, стаў падобны да сіласнай ямы. У адну кучу паскідала і буракі, і цыбулю, і памідоры, і яблыкі.

Такога бурану я яшчэ не бачыла ні разу.

Такога бурану я яшчэ не бачыла ні разу. Хіба што неяк у дзяцінстве, у час моцнага дажджу з ветрам на нашай вуліцы зламала старую таполю. Яна перагарадзіла дарогу, і машыны не маглі праехаць. Хаця не. Ведаю яшчэ, што такое віхор. Бачыла, як ён за секунд дзесяць “разгрузіў” велізарны воз сена і, разабраўшы яго на жмуткі, параскідаў па полі. Дзеці стаялі, параскрываўшы раты, дарослыя хрысціліся. Яны, відаць, бачылі ў сваім жыцці яшчэ і не такое…

Марына СЛІЖ.