Акцыю па прадухіленні траўматызму транспартная міліцыя праводзіла на станцыі Уша ў ліпені. Прычына была. Жыхары гэтага населенага пункта пераходзяць чыгуначнае палатно праз рэйкі, рызыкуючы жыццём.

Жыхары Краснага рызыкуюць жыццём, пераходзячы чыгуначныя пуці ва неўстаноўленых месцах.

У пачатку жніўня карэспандэнт “РГ” выехала разам з інспектарам прафілактыкі Маладзечанскага аддзела ўнутраных спраў на транспарце на Андрэем Лазавіком ва Ушу.

Толькі мы сталі каля рэек, як праз іх пачаў пераходзіць мужчына з цяжарнай жанчынай. Пытаемся, чаму яны ходзяць у забароненым месцы. Мужчына знайшоўся адразу: “Дык пабудуйце там, дзе хаджу, пераход!”

Інспектар прафілактыкі кажа, што адказы і падчас акцыі крэатыўнасцю не вызначаліся. Прыкладна такое міліцыянеры чулі праз аднаго пешахода. Амаль кожны патрабаваў пабудаваць пераход. Але ў гэтай зоне могуць знаходзіцца толькі работнікі станцыі. Астатнія павінны абыходзіць вакол пабудоў.

Андрэй Лазавік расказаў, што здарэнні на станцыі Уша, як і на іншых, адбываюцца па розных прычынах. Нехта спяшаецца і пералазіць на другі бок пад вагонамі цягніка, хтосьці перабягае прама перад саставам, які рухаецца.

Найбольш небяспечным ён назваў частку манеўровых пуцей, дзе знаходзяцца стрэлкі. Яны аўтаматычна перамяшчаюцца і могуць у любы момант заціснуць нагу. А што, калі ў гэты час па рэйках будзе ісці цягнік? Толькі, відаць, ніхто з людзей пра гэта не думае.  Паўз гэтую зону пратаптаная сцежка.

Па ацэнцы інспектара прафілактыкі чалавек, які пераходзіць ва неўстаноўленым месцы, эканоміць хвілін пяць, ці 200-300 метраў хады. Ці варта для гэтага рызыкаваць жыццём?

Віктар Малайчук, начальнік станцыі Уша, сказаў, што людзей, якія пераходзяць праз рэйкі, бачыць часта. Але дадаткова будаваць нічога не збіраецца. На станцыі ёсць пешаходны мост і насціл у раёне пуцеправода.

– Чыгунку можна пераходзіць толькі ва ўстаноўленых месцах, – гаворыць ён. – Уся астатняя тэрыторыя – для персаналу станцыі. А калі людзі не хочуць прытрымлівацца правілаў, то будуць атрымліваць штрафы памерам да двух базавых велічынь. Гэта ў лепшым выпадку. Бо былі і такія, калі парушальнікаў даводзілася збіраць па кавалках.

Зоя ХРУЦКАЯ.

Фота Зоі ХРУЦКАЙ.