Свята Крэўскага замка, прысвечанае 625-годдзю падпісання Крэўскай уніі, прайшло каля яго муроў у суботу, 14 жніўня. Пачаўся фэст у 17 гадзін, доўжыўся да 20 гадзін, потым была моладзевая дыскатэка ў клубе.

Рыцарскі турнір, стральба з лука, кіданне баявой сякеры, выступленне калектываў мастацкай самадзейнасці са Смаргоні і Валожына, выязны гандаль – усё гэта было ў праграме свята, якое сабрала жыхароў мястэчка, бліжэйшых вёсак, райцэнтра, гасцей з Германіі.

Пра гэта ў інтэрв’ю “РГ” расказаў старшыня Крэўскага сельскага выканкама Сяргей Капыш. Паводле яго слоў, работнікі сельвыканкама арганізавалі святочныя мерапрыемствы, да іх далучыліся смаргонскія і валожынскія работнікі культуры. У замак у гэты вечар прыехалі рыцары са Смаргоні і Вілейкі і наладзілі сапраўдны старажытны рыцарскі турнір.

Начальнік аддзела культуры Валожынскага райвыканкама Вікенці Адамовіч, блізкі сябар Сяргея Капыша, колішні яго аднакурснік, па просьбе сябра прывёз на свята вакальную групу ветэранаў “Спяваючае сэрца”, а таксама салістаў свайго цэнтра культуры Аляксандра Шаўчэнку і Ірыну Зянько. Прыехалі таксама з Валожына майстры народнай творчасці “Скарбніца”.

Адначасова ў Крэве ішло свята мястэчка. Быў конкурс на лепшы падворак, конкурс маладых сем’яў. Адзначылі самага маленькага і самага сталага жыхара Крэва, ушанавалі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, якія тут жывуць.

Сяргей Капыш расказаў, што на свята завітала дзесяць гасцей з Германіі. Гэта трое салдат тэрміновай службы нямецкай арміі і сем рэзервістаў. У Смаргонскім раёне яны працуюць ад арганізацыі “Народнага саюза Германіі па доглядзе за ваеннымі могілкамі”.

Напярэдадні свята немцы вярталіся ў райцэнтр з могілак, што ў вёсцы Паўтароўшчына. Па дарозе ўбачылі аб’яву аб правядзенні свята. Іх гэта зацікавіла, і яны прыехалі ў Крэва. Узначальваў нямецкую дэлегацыю ваенны аташэ пасольства Германіі ў Беларусі.

Адной з адметнасцяў свята стала выстава фотамастакоў пад назвай “Крэва: час збіраць камні”. Гэта сумесны праект інтэрнэт-партала krevo.by, сталічнай кампаніі “Свет Фота” і Беларускага грамадскага аб’яднання “Фотамастацтва”. Пра выставу расказаў нашаму выданню мясцовы фотамастак, студэнт пятага курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва Сяргей Гапон.

Паводле яго слоў, выстаўляліся 52 работы. Іх аўтары – вядомыя ў Беларусі фотамастакі: Сяргей Плыткевіч, Віктар Суглоба, Анатоль Кляшчук, Віталь Раковіч, Віктар Сядых, Сяргей Грыц, Юлія Дарашкевіч, Дзмітры Брушко, Уладзімір Багданаў. Удзельнічаў і сам Сяргей Гапон.

У Крэве работы гэтых мастакоў ужо выстаўляліся леташняй восенню і сёлетняй зімой. Выстава, якая прайшла на свяце, стала абагульняючай. Сяргей Гапон адзначыў: фотаработамі на крэўскую тэматыку зацікавіліся ў Міністэрстве культуры. Цяпер плануецца, што выставу пакажуць у розных гарадах Беларусі, а таксама ў Польшчы і Літве – краінах, якія маюць прамое гістарычнае дачыненне да Крэўскай уніі.

Сяргей ЗЯНЬКО.

Фота Сяргея ГАПОНА.

Даведка “РГ”.  Крэўская унія – дзяржаўны саюз паміж Вялікім княствам Літоўскім (ВКЛ) і Польшчай, заключаны 14 жніўня 1385 года ў Крэўскім замку.

Акт Крэўская унія – дакументальнае зацвярджэнне вялікім князем ВКЛ Ягайлам папярэдне прынятых абавязацельстваў перайсці ў каталіцтва і ахрысціць паводле лацінскага абраду ўсіх язычнікаў-літоўцаў, а таксама стварыць дзяржаўны саюз (унію) ВКЛ і Кароны Польскай.

У акце зафіксавана таксама абяцанне польскіх паслоў ад імя сваёй дзяржавы аддаць князю Ягайлу ў жонкі малалетнюю каралеву Ядвігу, а з ёй і польскую карону.

Акт падпісалі Ягайла, князі Скіргайла, Лугвен, Карыбут, Вітаўт. Агульным галоўным фактарам саюза была барацьба абедзвюх дзяржаў з Тэўтонскім ордэнам, небяспека з боку якога ўзмацнілася і пагражала стратай зямель Польшчы і ВКЛ.

Дзякуючы саюзу ўдалося ліквідаваць пагрозу з боку Тэўтонскага ордэна, перамагчы яго ў Грунвальдскай бітве ў 1410 годзе, адкрыць гандлёвыя шляхі ў Заходнюю Еўропу. На ўсходзе ВКЛ з дапамогай Польшчы ўдалося стрымліваць націск з боку Маскоўскай дзяржавы. Адным з вынікаў уніі быў шырокі дыпламатычны выхад ВКЛ у Еўропу, а таксама культурнае збліжэнне з іншымі краінамі Еўропы.