У суботу, 14 жніўня, адбыўся трэці рэспубліканкі лёгкаатлетычны прабег “Нарачанскае кальцо”.

“Калі хочаш быць прыгожым і здаровым – бегай!” – заклікае Леанід Шыдлоўскі, галоўны спецыяліст аддзела па фізкультуры, спорце і турызму Мядзельскага райвыканкама.

Мінскі клуб аматараў бегу “Вікторыя” трэці раз арганізаваў марафон сумесна з мядзельскім райвыканкамам.

У 38-градусную спёку на прабегу “Нарачанскае кальцо” дыстанцыю пераадолелі ўсе: і 9-годкі, і дарослыя, і тыя, каму за 80.

Усяго прыехала 38 аматараў здаровай звычкі з усёй рэспублікі. Госці спартыўнага свята, па словах Леаніда Шыдлоўскага, былі вельмі задаволеныя гасціннасцю, а таксама месцам правядзення марафона. Пасля добрай прабежкі было надзвычай прыемна пакупацца ў возеры Нарач.

Для дзяцей дыстанцыя, як і планавалася, склала 1 кіламетр. У розных падгрупах перамаглі мядзельцы Кірыл Клімовіч, Каця Вайцэхоўская, Арцём Зарэцкі, Максім Чарняўскі, Наталля Камароўская і смаргонец Вадзім Горскі.

Замест запланаваных 20 кіламетраў дарослыя беглі 10 у сувязі са спёкай. Сярод дарослых ад 18 да 69 гадоў у розных падгрупах першымі да фінішу дабеглі  мінчане Аляксандр Кругленя, Уладзімір Рабіновіч, Тадэвуш Жаўток, Ігар Доўбік і Валянціна Храмцэвіч, а таксама жыхар Крупак Валерый Чавус.

Па 1 кіламетры прабеглі і ветэраны, а таксама тыя, каму 70-79 гадоў і  падгрупа, у якую ўваходзілі людзі ад 80 гадоў. Адпаведна пераможцамі сталі мінчанка Яніна Ляпіна, Уладзімір Чабанаў са Смаргоні і маладзечанец Павел Сталбавенка.

За першыя месцы лёгкаатлеты атрымалі кубкі, медалі і дыпломы.

“Бег – гэта самы даступны сродак аздараўлення, – мяркуе  Сяргей Коваль, старшыня клуба “Вікторыя”. – Таму мы такімі акцыямі спрабуем папулярызаваць бег сярод людзей”.

Марафон “Нарачанскае кальцо” – гэта адроджаны прабег. Па словах Сяргея Коваля, больш за дзесяць гадоў таму ля Нарачы штогод праводзіўся лёгкаатлетычны фестываль. Самай вялікай дыстанцыяй быў 61 кіламетр.

У суботу ў Мядзеле было каля 38 спёкі, але арганізатары паставілі пункты асвяжэння, дзе можна было папіць халаднаватай вады. Мясцовыя жанчыны аблівалі ўдзельнікаў бегу вадой з кубачкаў. Напэўна, дзякуючы гэтаму усе бегуны пераадолелі дыстанцыі.

Сяргей Коваль адзначае, што ўдзельнікі былі вельмі задаволеныя тым, што не пабаяліся спёкі і паўдзельнічалі ў спартыўна-аздараўленчым свяце.

Зоя ХРУЦКАЯ.

Фота забяспечана Сяргеем КОВАЛЕМ.