У сувязі з экстрэмальна спякотным надвор’ем колькасць пацярпелых ад цэркарыёзу на возеры Нарач у ліпені ўзрасла ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года ў 3,4 раза –  з 91 да 307, паведамляе БелаПАН са спасылкай на Рэспубліканскі цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.

У сувязі з гэтым галоўны санітарны доктар – намеснік міністра аховы здароўя Валянціна Качан – падпісала распараджэнне “Аб навядзенні парадку на замацаваных пляжных тэрыторыях і няўхільным выкананні супрацьцэркарыёзных мерапрыемстваў на возеры Нарач і іншых вадаёмах рэспублікі”. У ім гаворыцца, што прычынай росту захворвання цэркарыяльнымі дэрматытамі стала “парушэнне выканання комплексу мерапрыемстваў па зніжэнні рызыкі распаўсюджання цэркарыёзу ў возеры Нарач”.

Фрагмент распараджэння.

У распараджэнні адзначаецца, што не на ўсіх пляжах і прылеглых тэрыторыях якасна робяць прыбіранне малюскаў, ёсць парослыя і забруджаныя смеццем мелкаводныя ўчасткі. Не ў поўным аб’ёме выконваюцца рэкамендацыі па зніжэнні колькасці вадаплаўных птушак – асноўных носьбітаў захворванняў – шляхам адстрэлу ці адпуджвання.

Вадаплаўныя птушкі – асноўныя носьбіты цэркарыяў.

Цэркарыя (павялічаны выгляд).

Галоўны санітарны доктар адзначыла “зніжэнне патрабавальнасці санітарна-эпідэмічнай службы да суб’ектаў гаспадарання па падрыхтоўцы тэрыторый пляжаў да курортнага сезона і падчас эксплуатацыі на працягу сезона”.

Суб’ектам гаспадарання даручана навесці парадак на замацаваных пляжных тэрыторыях, а таксама на тэрыторыях падведамасных санаторна-курортных устаноў.

У студзені 2008 года Міністэрства аховы здароўя зацвердзіла інструкцыю “Эпідэмічны нагляд за цэркарыяльнымі дэрматытамі”. Дакумент прадугледжвае падтрыманне ў здавальняльным санітарным стане пляжнай зоны і прылеглай акваторыі, выкошванне травы перад пачаткам купальнага сезона і па меры адрастання звыш 50 см, прыбіранне з мелкаводдзя малюскаў і бытавога смецця. На пляжах павінны быць устаноўленыя душавыя, біяпрыбіральні і кантэйнеры для збору смецця, якія неабходна своечасова ачышчаць. Забаронена карміць вадаплаўных птушак у месцах купання.

Аддзел інфармацыі.