Сістэму раздзельнага збору смецця плануюць наладзіць у Вілейцы. Гэты праект падтрымала і будзе часткова фінансаваць Праграма развіцця Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ПРААН).

Пра гэта нашаму выданню 18 жніўня расказала інжынер-эколаг Вілейскай ЖКГ Алена Шаманюк. Паводле яе слоў, ПРААН плануе выдаткаваць на вілейскі праект каля 19 мільёнаў рублёў. Большая частка грошай, крыху больш за 14,5 мільёна, пойдзе на набыццё новага магутнага прэса для перапрацоўкі пластыку і паперы. Кантэйнеры для шкла, паперы, ПЭТ (поліэтылентэрафталату) закупяць за сродкі Вілейскай ЖКГ і мясцовага бюджэту.

Цяпер па горадзе ўсталяваныя асобныя кантэйнеры для ПЭТ-бутэлек. Спецыяльная машына збірае іх і вывозіць на палігон, дзе ёсць стары прэс. Там іх спрасоўваюць, затым здаюць на прадпрыемствы для далейшай перапрацоўкі.

Некаторыя віляйчане, якія не паспелі да смеццявоза, ставяць пакеты з бытавымі адходамі на кантэйнеры для пластыку. Кажуць, што так смецце хоць сабакі не расцягаюць.

Астатняе смецце сартуюць работнікі ўчастка ЖКГ “Санітарная ўборка”. Макулатуру і шкло Вілейская ЖКГ таксама здае перапрацоўшчыкам.

Асобных ёмістасцяў для шкла і паперы пакуль што мала – іх звычайна ўсталёўваюць толькі на святы, у месцах збору вялікай колькасці людзей. Праўда, віляйчане і госці горада не заўсёды правільна імі карыстаюцца – некаторыя кідаюць смецце, не звяртаючы ўвагу на надпісы. “Так, працаваць з насельніцтвам трэба – культура не на вышэйшым узроўні, – адзначыла Алена Шаманюк. – Таму мы плануем праводзіць тлумачальную работу ў школах, зробім інфармацыйны стэнд або расцяжку”.

Плануецца, што ў горадзе з’явяцца кантэйнеры для раздзельнага збору смецця – асобныя для паперы, шкла і пластыку. Гэта дазволіць, лічаць спецыялісты Вілейскай ЖКГ, больш смецця перапрацоўваць, зменшыць колькасць адходаў на палігоне і палепшыць такім чынам экалагічную абстаноўку ў раёне. Цяпер на цэнтральным палігоне смеццем занята каля 3,3 гектара з 7,07 гектара. Па словах Алены Шаманюк, штогод колькасць адходаў павялічваецца. Калі тэмпы не зменяцца, то палігона хопіць на гадоў пяць-сем. А пасля трэба будзе праектаваць новы.

Даведка “РГ”. Праграма развіцця ААН – арганізацыя пры ААН па аказанні дапамогі краінам-удзельніцам у сферы развіцця. ПРААН аказвае дапамогу ўрадам у правядзенні даследаванняў прыродных рэсурсаў, у стварэнні навучальных устаноў, у развіцці энергетычных рэсурсаў, навучае спецыялістаў, пастаўляе абсталяванне і г.д. Дапамога ПРААН дармовая. Фінансавыя сродкі ўтвараюцца з добраахвотных укладаў удзельнікаў арганізацыі, якімі могуць быць краіны-сябры або назіральнікі ААН, і іншых міжнародных арганізацый.

Святлана ЦІШКО.