“У нашай вёсцы ніводнай пустой хаткі не засталося, – расказвае мне знаёмая бабуля. – Усе выкупілі”. “Пад дачы?” – пытаюся ў яе? “Што ты! – махае яна рукой. – Нейкіх людзей чужых са сталіцы туды панавозілі. Ніхто нідзе не працуе, толькі п’юць”.

Апошнія навасёлы пераехалі ў хатку наводшыбе тыдні два таму. Пакупку абмывалі ўсе выхадныя. Музыка і песні не сціхалі ў доме і на падворку нават ноччу. Мясцовыя людзі толькі спачувальна ківалі галовамі. Ведаюць жа ўжо, што бывае з такімі весельчакамі. Кончаць грошы, якія выручылі за кватэру ў горадзе, і будуць красці на чужых гародах бульбу, каб адкупіцца ад галоднай смерці. Бо працаваць жа з іх не прывык ніхто.

“Пра што гэтыя людзі толькі думаюць, – склаўшы на грудзях вялікія напрацаваныя рукі абураецца мая суразмоўца, – аддаюць за нішто гарадское жыллё і пералазяць у перакошаныя, з’едзеныя шашалем хаты. Мы вось глядзім на іх і адно думаем: кончаныя яны, зусім без мазгоў”.

“А якое выйсце ў мяне было, – разважае, размазваючы па твары слёзы, адна такая перасяленка. – Доўг за кватэру пераваліў за пяць мільёнаў. Грошай не было. Прадстаўнікі домакіраўніцтва адразу прасілі заплаціць, пасля сталі пагражаць, што выкінуць на вуліцу. Праз нейкі час паведамілі, што справа перададзеная ў суд. У гэты час і з’явіліся на парозе кватэры маладыя людзі, якія пагадзіліся аддаць за мяне даўгі і купіць таннейшае жыллё ў вёсцы. Перапісала на іх кватэру, забрала розніцу ў шэсць мільёнаў рублёў і стала жыць тут. Думала, хопіць грошай надоўга. Але працягнула на іх толькі тры месяцы. Цяпер вось бамжую. Бо ні бульбіны не маю, ні кавалка хлеба. Што людзі за работу дадуць, тым і жыву”.

Думаю, не перабольшылі вясковыя жанчыны, калі сказалі, што навасёлы “без мазгоў”. Двухпакаёўка той жанчыны ў сталіцы каштавала не менш за 70 тысяч долараў. Хатку ёй прыдбалі за дзве, плюс шэсць мільёнаў далі наяўнымі. Дзёшава, як кажуць, і сярдзіта.

У адну з вёсак Валожынскага раёна перавезлі на пастаяннае месца жыхарства са сталіцы дзядулю. Хворага, сляпога. Праўда, пасялілі ў добраўпарадкаваную, загадзя адрамантаваную кватэру. Доўгі час ён думаў, што жыве на ўскраіне Мінска. А калі даведаўся, што да горада таго ад яго цяперашняга жылля больш за 100 кіламетраў, толькі горка заплакаў.

Казаў, што абманула яго сяброўка дачкі, пасля смерці якой ён застаўся зусім адзін. Нейкі час гэта “добрая” жанчына прыходзіла да яго, прыносіла прадукты, спачувала. Казала, што не кіне аднаго ў старасці. А пасля прапанавала перабрацца ў новую кватэру на ўскраіне сталіцы. Маўляў, так ёй будзе бліжэй ездзіць, ды і на прагулкі ў парк яны змогуць выходзіць.

Нядоўга пажыў дзядок у вёсцы. Захварэў, злёг, сацыяльны работнік, якая за ім даглядала, дапамагла ўладкавацца ў інтэрнат для састарэлых людзей. Там, відаць, і дажыве ён свой век. Бо наўрад ці прачнецца ў былой “апякункі” сумленне, і яна, пабаяўшыся граху, забярэ старога назад. Не заела ж яно яе, калі выношвала гэтыя планы, і не хвалявала тады, калі падсоўвала сляпому чалавеку падпісаць фіктыўныя дакументы.

Марына СЛІЖ.