Хто ж не марыць адсвяткаваць сваё вяселле як-небудзь надзвычай рамантычна і незвычайна!  Напрыклад, пасярод возера ў альтанцы на Востраве Кахання…

Падобна на казку? Але менавіта такое вяселле адбылося 14 жніўня ў Гарадку.

Госці стаялі на беразе возера, а нявеста Алена Ламака, узяўшы пад руку бацьку, прайшла праз памост на востраў Кахання, пад навес альтанкі. Там яе чакаў жаніх Яўген Асіповіч разам з бацькамі і сведкамі.

Алена Ламака і Яўген Асіповіч адсвяткавалі сваё вяселле на Востраве Кахання.

На востраве маладыя зарэгістравалі шлюб і станцавалі свой першы сямейны вальс. Да яго пара рыхтавалася загадзя, будучыя жаніх і нявеста бралі ўрокі вальса ў маладзечанскага майстра бальных танцаў.

 Для гасцей на беразе быў фуршэтны стол з прахаладжальнымі напоямі, каб лягчэй было перанесці спёку. Але горача было ўсё роўна. Цырымонію віншавання правялі на беразе, а банкет адбыўся ў комплексе для адпачынку, што размешчаны адразу каля возера.

– Вось пра такое вяселле я і марыла ўсё жыццё! – падзялілася Алена. – Хацела, каб на маім свяце было штосьці выключнае. На Захадзе, дарэчы, вяселле на прыродзе – гэта не рэдкасць. А вось на Маладзечаншчыне мы сталі першымі.

Бацькі Алены і Яўгена ўжо даўно пыталіся, калі ж іх дзеці ўрэшце пажэняцца. Маці Яўгена Ніна Асіповіч ведала пра мару будучай нявесткі адсвяткаваць вяселле на прыродзе. Яна даведалася, што ЗАГС прапаноўвае паслугу праводзіць урачыстасць за межамі ЗАГСа і параіла дзецям ажаніцца ў сімвалічным для любой маладой пары месцы – на востраве Кахання.

Але такая рэгістрацыя патрабавала і асаблівай падрыхтоўкі. Маладыя павінны былі забяспечыць дастаўку работніка ЗАГСа на месца правядзення ўрачыстасці, а таксама наяўнасць дзяржаўнага сцяга і герба.

– Па праўдзе кажучы, – расказвае Алена, – мы крыху хваляваліся, бо такая ўрачыстасць была незвычайнай для ўсіх. Але больш за ўсё мы баяліся, што пойдзе дождж.

Маладыя адзначылі, што рыхтавацца да вяселля было яшчэ прыемней з-за яго незвычайнасці. Але колькі грошай пайшло на вясельныя клопаты, яны сказаць не змаглі. Цяжка падлічыць не толькі таму, што неабходнае набывалася не адразу, а яшчэ і таму, што ім дапамагалі бацькі.

А пачалася іх гісторыя кахання з Амерыкі. Сем гадоў таму Алена жыла ў Дзяржынску, а Яўген – у Маладзечне. І ўпершыню сустрэліся, калі збіраліся выязджаць у ЗША. Адразу ж пачалі сустракацца.

Алена і Яўген сталі ўдзельнікамі праграмы па абмене “Work and Travel” (праца і падарожжа), дзякуючы якой маглі вывучаць культуру і мову амерыканскіх жыхароў.

На той момант Алена правучылася ў беларускай ВНУ 3 гады, а Яўген – 2. У штаце Мэрылэнд яны жылі разам. Спачатку працавалі паўтара года ў рэстаране, а потым вырашылі і вучобу працягваць ў Амерыцы. Алена вучылася па спецыяльнасці бухгалтар, аналіз і аўдыт. Яўген вывучаў фінансы і інвестыцыі ў тым жа ўніверсітэце.

Скончыўшы ВНУ, яны яшчэ год адпрацавалі па спецыяльнасці ў штаце Вашынгтон. Зараз маладыя вырашаюць, ці вяртацца ім на радзіму. Калі адпачынак скончыцца, сям’я Асіповічаў у любым выпадку вернецца за сабакам Бэлай.

Цяпер маладыя жывуць у бацькоў Яўгена. Мядовы месяц яны праводзяць разам з блізкімі, бо вельмі па іх засумавалі. На іх погляд, кудысьці з’ездзіць пападарожнічаць можна і ў Амерыцы.

Яўген і Алена адзначылі, што ў іх сям’і галоўны муж. На пытанне карэспандэнта, ці шчаслівыя яны, маладыя дружна адказалі: “Безумоўна!”

Зоя ХРУЦКАЯ.

Фота забяспечана Яўгенам АСІПОВІЧАМ.