Новая рэдакцыя правілаў беларускага правапісу пачала дзейнічаць ад 1 верасня.

Ад 1 верасня гэтага года пачалі дзейнічаць змены ў беларускім правапісе.

Ад 1 верасня пачаў дзейнічаць закон Рэспублікі Беларусь “Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”, падпісаны 23 ліпеня 2008 года. Але школьнікі, навучэнцы і педагогі маюць тры гады на тое, каб прызвычаіцца да новага правапісу – пераходны перыяд будзе доўжыцца да 31 жніўня 2013 года.

Пра гэта нашаму выданню расказала галоўны спецыяліст аддзела адукацыі Вілейскага райвыканкама Іна Яскевіч. “Педагогі да зменаў маральна гатовыя. Да думкі, што давядзецца працаваць па новых правілах, яны прывыклі”, – сказала яна.

На думку Іны Яскевіч, рэформу правапісу лягчэй перажывуць вучні пятых класаў, якія толькі пачынаюць вывучаць правілы арфаграфіі – ім не трэба перавучвацца, як старшакласнікам.

Новымі даведнікамі па арфаграфіі і пунктуацыі школы і гімназіі забяспечаныя. Падручнікі для сярэдняй школы ўжо выдадзеныя. Да пачатку навучальнага года яны прыйдуць у школы горада і раёна, запэўнілі супрацоўнікаў аддзела адукацыі.

Да зменаў педагогі рыхтаваліся загадзя. У аддзеле адукацыі яшчэ ў студзені распрацавалі план мерапрыемстваў: семінары, нарады, кансультацыі для бацькоў і вучняў.

У мінулым навучальным годзе таксама прайшлі педагагічныя нарады на гэтую тэму, у школах дзейнічалі інфармацыйныя стэнды. Педагогі распрацавалі табліцы, памяткі для выкарыстання на ўроках. У гімназіі “Логас” адбылося сумеснае пасяджэнне настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры і пачатковых класаў. У пачатковай школе правілы арфаграфіі не вывучаюць, патлумачыла Іна Яскевіч, але некаторыя “змененыя” словы сустракаюцца. І настаўнікі малодшых школьнікаў таксама павінны быць гатовыя да зменаў. Як і педагогі дашкольных устаноў.

На новыя правілы ўвагу вучняў будуць звяртаць не толькі настаўнікі мовы і літаратуры, але і іншых прадметаў. Выдадзеныя рэкамендацыі для настаўнікаў замежных моў, музыкі і выяўленчага мастацтва. Яны таксама павінны тлумачыць “новы” правапіс. Так, ужо ў трэцім класе на ўроках англійскай мовы вывучаюць словы  “клоун”, “камп’ютэр” і “семнаццаць” (ад 1 верасня трэба пісаць “клоўн”, “камп’ютар”, “сямнаццаць”).

На працягу пераходнага перыяду памылкі ў словах, правапіс якіх быў зменены, настаўнікі будуць выпраўляць, але на адзнаку яны не паўплываюць. У пытанні для цэнтралізаванага тэставання адпаведныя правілы абяцаюць не ўключаць.

Некаторыя змены ў беларускім правапісе:

* пашыраецца прынцып перадачы акання пры напісанні запазычаных слоў. Напрыклад: трыа, адажыа, Ватэрлоа. У словах іншамоўнага паходжання канцавыя элементы -эр, -эль прапанавана перадаваць як -ар, -аль: прынтар, камп’ютар, пэйджар, але: Одэр, Юпітэр (уласныя імёны іншамоўнага паходжання);

* паводле агульнага правіла перадачы на пісьме якання ў першым пераднаціскным складзе прапанавана пісаць лічэбнікі дзявяты, дзясяты, сямнаццаць, васямнаццаць;

* пашыраецца напісанне нескладовага ў у большасці слоў іншамоўнага паходжання, напрыклад: ва ўніверсітэце, пасля ўнікальнай аперацыі, фаўна, але: траур;

* уносяцца змены ў напісанне складаных і складанаскарочаных слоў. Напрыклад, прапануецца пісаць гаркам, газпрам, інтэрпал і г. д.;

* уніфікуецца напісанне мяккага знака ў прыметніках на –ск(і), утвораных ад уласных назваў. Напрыклад: чаньчунскі, цяньшанскі, як і любанскі, астраханскі;

* упарадкавана напісанне вялікай і малой літар у назвах органаў улады, арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў, а таксама ў назвах асоб па пасадах, званнях, тытулах і г. д. Напрыклад: візіт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;

* з вялікай літары прапануецца пісаць асабовыя назвы божастваў (бостваў) у рэлігійных культах, а таксама ўсе словы ў спалучэннях, якія змяшчаюць гэтыя назвы: Бог, Усявышні, Святая Тройца і іншыя;

* у пачатку і ў сярэдзіне слоў гукавое спалучэнне [й]+галосны перадаецца ётаванымі галоснымі, як і ў словах уласнабеларускіх: Нью-Ёрк, Ёфе;

* рэгламентавана ўжыванне ў беларускай мове дзеясловаў іншамоўнага паходжання з суфіксам -ава- (-ява-) і -ірава- (-ырава-): ліквідаваць, а не ліквідзіраваць, акліматызаваць, а не аклімацізіраваць, але камандзіраваць, а не камандаваць, будзіраваць, а не будаваць і г. д.;

* уведзены новы раздзел “Правапіс некаторых марфем”, у якім у сістэмным выглядзе сабраныя звесткі пра правапіс прыставак, суфіксаў;

* спрошчаныя правілы пераносу слоў, што адпавядае сучасным выдавецкім тэхналогіям. Напрыклад, слова “сястра” раней для пераносу дзялілася так: ся-стра, сяст-ра. Цяпер: ся-стра, сяс-тра, сяст-ра.

Святлана ЦІШКО.

Фота philology.by.