“Горшай гульні, чым гэта, “Смаргонь” яшчэ не паказвала, – сказаў у інтэрв’ю нашаму выданню балельшчык, футбольны эксперт “РГ” Мікалай Кіндра.

Амаль паўгадзіны варатар “Смаргоні” Валеры Макарэвіч выручаў сваю каманду ў дамашняй гульні супраць “Полацка” ў суботу, 28 жніўня. На 29 хвіліне гульні нашы прапусцілі першы гол, а да заканчэння першага тайма мы ўжо прайгравалі 0:3.

“Горшай гульні, чым гэта, “Смаргонь” яшчэ не паказвала, – сказаў у інтэрв’ю нашаму выданню балельшчык, футбольны эксперт “РГ” Мікалай Кіндра. – Не паказвала нават тады, калі прайгравала ў вышэйшай лізе. Ва ўсякім разе, тады была гульня. Цяпер гульні не было. Ні ўдараў па варотах, ні вуглавых – нічога. Не ведаю, ці то нашы футбалісты не хочуць гуляць, ці не могуць, ці стаміліся”.

Па словах Мікалая Кіндры, “Полацк” ад самага пачатку валодаў ініцыятывай. Яшчэ да першага ўзяцця варот госці мелі 5-6 магчымасцей забіць, але гаспадароў выручаў варатар Валеры Макарэвіч. І надалей ён прапускаў не ўсё, што ляцела ў вароты. Але смаргонская абарона гуляла ў гэты дзень вельмі дрэнна. Другі і трэці галы мы прапусцілі на 35 і 42 хвілінах.

Нічога ў “Смаргоні” не атрымлівалася таксама ні ў сярэдзіне поля, ні на флангах. Не знайшлося футбаліста, які змог бы ўзяць на сябе ролю дыспетчара і кіраваць дзеяннямі каманды.

Забіўшы ў першым тайме тры мячы, полацкія гульцы ў другой палове сустрэчы не вельмі напружваліся. Не стараліся пераламаць ход гульні і нашы футбалісты. На 74 хвіліне смаргонцы атрымалі чацвёрты мяч.

На трэцяй хвіліне, дабаўленай да асноўнага часу гульні, гол прэстыжу ў вароты гасцей забіў Дзяніс Міцкевіч.

“І тут жа, праз хвіліну, палаччане нібы пакрыўдзіліся на прапушчаны мяч, пабеглі і забілі пяты гол”, – кажа Мікалай Кіндра. Так, з лікам 1:5, гульня і завяршылася.

У наступным, 20 туры, едзем у Гомель да ДСК.  

Турнірная табліца пасля 19 тураў:

1. Гомель         52

2. СКВІЧ          35

3. ДСК-Гомель      34

4. Граніт          33

5. Рудзенск     28

6. Хімік           27

7. Славія-Мазыр  25

8. Баранавічы     25

9. Верас           25

10. Белкард     24

11. Полацк      24

12. Смаргонь   22

13. Хваля        20

14. Камунальнік  18

15. Ведрыч-97     14

16. Ліда              10

Сяргей ЗЯНЬКО.