Такую думку выказаў у мінулую суботу на пашыранай нарадзе аблвыканкама, якая прайшла ў Маладзечне, адзін з аўтараў канцэпцыі рэспубліканскага свята ўраджаю наступнага года дэкан факультэта архітэктуры БНТУ Армэн Сардараў.

Цэнтрам задумкі павінен стаць помнік гораду, за аснову якога ўзяты ранейшы герб Маладзечна – трохліснік Папараць-кветкі. Тут будзе прадстаўлена ўся гераічная, культурная гісторыя і сучаснасць Маладзечна.

Абноўленая Цэнтральная плошча можа стаць, на думку архітэктара, альтэрнатывай ранейшаму сімвалу горада – запамянальнаму вобразу помніка Леніну.

Памер усёй плошчы, 300х100 метраў. Помнік Леніну будзе перакрываць прыгожы амфітэатр – часовае збудаванне.

Любімае месца гулянняў маладзечанцаў, вялікі сквер на плошчы памерам 200х100 метраў, атрымае парадны, які ўзнімае дух, характар. У цэнтры будзе ўсталяваны помнік Янку Купалу, таксама аднаму з галоўных, побач з Папараць-кветкай, сімвалаў свята.

Другі важны аб’ект святкавання – пешаходная вуліца Прытыцкага працягласцю каля 300 метраў.

– Тут мы ідзём, – кажа Армэн Сардараў, – бліжэй да інтымнай абстаноўкі, каб пажылыя людзі, дзеці тут спакойна маглі гуляць.

У цэнтры вуліцы будзе зялёная зона, насупраць кінатэатра “Радзіма” з’явіцца, таксама як элемент утульнасці, фантан.

Канцэпцыя абнаўлення горада прадугледжвае і рэканструкцыю гістарычнага цэнтра Маладзечна – Старога Места:

– Тым больш гэта важна, – удакладніў архітэктар, – што тут пралягае адзін з турыстычных маршрутаў з Мінска на Нарач.

На Старым Месце будуць размешчаныя гандлёвыя рады, дзе можна будзе набыць рознага роду сувеніры, іншыя беларускія вырабы.

Усё Маладзечна аздобяць малыя архітэктурныя формы: свяцільні , лаўкі, аўтобусныя прыпынкі, іншыя, якія змогуць вырабіць мясцовыя прадпрыемствы. Гармонію ўнясе і колеравае рашэнне.

 

Некаторыя аб’екты “Дажынак” (з канцэпцыі свята)

Канцэпцыя свята, якую агучыў на нарадзе ў суботу намеснік старшыні Маладзечанскага райвыканкама Юры Байтаз, прадугледжвае як узвядзенне новых аб’ектаў, так і рэканструкцыю раней пабудаваных. І гэта не толькі аб’екты культурнага, але і сацыяльнага і вытворчага прызначэння.

Спартова-забаўляльны комплекс. Уключае лядовую арэну на 2 тысячы гледачоў з магчымасцю трансфармацыі лядовай пляцоўкі ў сцэну для культурна-масавых мерапрыемстваў, басейн з 5 дарожкамі па 25 метраў і невялікі аквапарк.

Дзіцячы садок у мікрараёне №6.

Новая пешаходна-транспартная сувязь паміж Вялікім Гасцінцам і Лібава-Роменскай вуліцамі.

Помнік Янку Купалу.

Фантан у форме Папараць-кветкі.

Дзіцячая бальніца. Рэканструкцыя мусіць быць закончаная сёлета.

Дарога Р-28 Мінск-Маладзечна-Нарач. Бюджэт работ 48,8 млрд. рублёў.

Свята закране ўсе сферы. Вызначана больш за 1000 аб’ектаў, якія Мінаблвыканкам сумесна з Маладзечанскім райвыканкама прапануе ўключыць у праграму падрыхтоўкі “Дажынак-2011”. Агульны кошт мяркуемых работ складае каля 750 мільярдаў рублёў.

З рабочых планшэтаў. Так будзе выглядаць фантан на вуліцы Прытыцкага:

Вуліца Прытыцкага ўдзень:

Вуліца Прытыцкга пад святлом ліхтароў:

Сквер на Цэнтральнай плошчы:

Часовы амфітэатр на Цэнтральнай плошчы:

Гандлёвыя рады на Старым Месце:

 

Чым могуць стаць “Дажынкі”

Барыс Батура, старшыня Мінскага аблвыканкама:

– Мы мяркуем, што “Дажынкі” ў Маладзечне могуць стаць лепшымі за ўсе папярэднія і імі пачнецца новы этап у развіцці сельскай гаспадаркі.

Не сутнасць прывесці ў парадак Маладзечна. Гэта не так складана зрабіць. А вось усю вобласць “ператрэсці” не так проста, але гэта трэба зрабіць. І тут мы разлічваем на дапамогу рэспубліканскіх органаў. Трэба прыводзіць у парадак усе пад’езды да Маладзечна. А гэта – уся вобласць. І ў абсягу гэтых трас таксама – жыллё, іншыя будынкі і збудаванні, абуладкаванне азёраў, рэчак, прыдарожны сэрвіс, жыллёва-камунальная гаспадарка і абслугоўванне. Водазабор павінен стаць лепшым, узорна-паказальным, з сучаснымі тэхналогіямі і сістэмамі кіравання.

Трэба навесці парадак і ў прамысловасці. На сёння, здаецца, горш чым у Маладзечне прамысловасць нідзе не працуе. Задача Міністэрства прамысловасці і наша “закруціць” гэтыя прадпрыемствы, задзейнічаць магутнасці, знайсці за гэты час канкрэтнае прымяненне прамысловым будынкам і збудаванням.

І, канечне, сельская гаспадарка. Мы ставім задачу на наступны год дасягнуць ураджайнасці па збожжавых 50 цэнтнераў з гектара. І, канечне, уся зямля павінна быць прыведзеная ва ўзорны парадак. Я маю на ўвазе і фермы, і комплексы, і птушкафабрыкі, якія ёсць на тэрыторыі Маладзечанскага раёна. У тым ліку і перапрацоўка, каб яна выглядала дастойным чынам.

Хацелася б, каб і ідэалогія “Дажынак” была абноўленая. Магчыма можна будзе знайсці нейкую новую іскрынку.

І на тое, каб зрабіць “Дажынкі” ў Маладзечне адрознымі ад папярэдніх яшчэ ёсць час.

Юры Байтаз, намеснік старшыні Маладзечанскага райвыканкама:

– Хацелася б, каб наш горад за час падрыхтоўкі да “Дажынак” змяніўся кардынальна. Каб не было ніводнага закінутага куточка. І рабочай праграмай свята гэта прадугледжана. Праграма па лініі ЖКГ “важыць” 318 мільярдаў рублёў. Яна ўлічвае ўсе куточкі горада. Канечне, грошы – вялізныя, тэрмін – год – вельмі сціслы для такіх мерапрыемстваў. І на маю думку, у рэалізацыі праграмы трэба ісці ад цэнтра да перыферыі.

Аляксандр Фінскі, скульптар свята:

– У самім гербе Маладзечна ёсць вобраз рук, якія трымаюць ручнік. Гэта на наш погляд, добра кладзецца і на сімвал “Дажынак” – сустрэча гасцей, добразычлівасць…

Макет помніка Янку Купалу. Скульптар Валяр’ян Янушкевіч:

Мікола ГАЙДУК.
Фота Аляксандра Манцэвіча.