Чыгуначны пераезд на Вілейку з боку Асіпавічаў будзе зачынены ад 6 да 10 верасня. Яго будуць рамантаваць рабочыя Маладзечанскай дыстанцыі пуці.

“На пераездзе зношаная верхняя частка, і мы будзем цалкам яе мяняць, – сказаў у інтэрв’ю “РГ” начальнік Маладзечанскай дыстанцыі пуці Генадзь Фяськоў. – Там рабочыя памяняюць шчэбень, заменяць рэйка-шпалавую рашотку, правядуць стабілізацыю, выпраўку і ўкладку новага асфальтавага пакрыцця”.

Па словах Генадзя Фяськова, гэта планавы рамонт, але вельмі складаны. Пераезд нясе значна большую нагрузку, чым звычайная дыстанцыя пуці, таму і зношваецца хутчэй.

Месяц назад рамантавалі пераезд, што па дарозе на Вілейку каля вёскі Гліннае, цяпер чарга і да пераезду з боку Асіпавічаў. Генадзь Фяськоў патлумачыў таксама незразумелы для звычайнага чалавека нумар пераезду 646, па якім можна будзе праязджаць да горада на час рамонтных работ.

Па словах начальніка Маладзечанскай дыстанцыі пуці, праязджаць можна па адрамантаваным ужо пераездзе каля Гліннага альбо па пераездзе, што на вуліцы Першамайскай.

Сяргей ЗЯНЬКО.

Фота “РГ”.