Праект “Камсамольскаму парку – наш клопат і ўвага”, які распачаўся ў ліпені 2009 года і які планавалі рэалізаваць да сёлетняга жніўня, дагэтуль не завершаны.

Футбольнае поле ў Камсамольскім парку абнеслі агароджай. Цяпер тут побач і спартыўны аб’ект, і гадаванцы прыватных сельскіх гаспадарак.

Моладзевы доўгатэрміновы праект быў зацверджаны рашэннем каардынацыйнага савета па арганізацыі работы з моладдзю Маладзечанскага райвыканкама 26 ліпеня 2009 года. Яго падпісала намеснік старшыні райвыканкама Людміла Канановіч.

Прадпрыемствы Маладзечаншчыны, згодна з праектам, павінны былі за кошт уласных сродкаў добраўпарадкаваць парк. Сёння тут да канца не зробленае асвятленне, няма пешаходных дарожак, спартыўных пляцовак, не ўсталяваныя лаўкі для адпачынку. Да таго ж стыхія наламала дрэў.

Галоўны спецыяліст аддзела па справах моладзі райвыканкама Жанна Ангерчык распісвала праект і размяркоўвала работы паміж прадпрыемствамі і арганізацыямі горада. У інтэрв’ю “РГ” яна расказала: усё, што залежала ад аддзела па справах моладзі, выканана на 80 працэнтаў.

Як і планавалася, з маладзечанскіх школьнікаў былі сфарміраваныя моладзевыя экалагічныя атрады, якія, выходзячы на суботнікі, збіралі ў парку смецце.

“Кожны раз выносілі па восем вялікіх мяшкоў смецця, – расказвае Жанна Ангерчык. – Нягледзячы на тое, што ў парку п’яніцы пастаянна раскідаюць пустыя бутэлькі, з кожным разам гэтых мяшкоў дзякуючы рабоце моладзі станавілася ўсё менш. Апошнім разам вынеслі толькі тры мяшкі”.

Па словах Жанны Ангерчык, у парку быў праведзены турнір па міні-футболе сярод дзяцей і падлеткаў, якія стаяць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх.

А ў ліпені, як і планавалася ў праекце, у Камсамольскім парку збіраўся міжнародны моладзевы лагер “Зямля – наш агульны дом”. Акрамя беларусаў, у ім удзельнічалі расіяне, палякі і ўкраінцы. Усіх удзельнікаў было каля 100 чалавек.

Хіба што не праводзіліся тут запланаваныя культурна-масавыя моладзевыя мерапрыемствы. Галоўны спецыяліст аддзела моладзі кажа: не рабілася гэта таму, што трэба было іх праводзіць у іншых месцах.

Акрамя гэтага, на заводзе металічных канструкцый зрабілі агароджу для стадыёна. Стадыён абгарадзілі з дапамогай аддзела адукацыі, а работнікі Маладзечанскіх электрычных сетак па яго перыметры ўстанавілі слупы электрычнага асвятлення. Вось, бадай, і ўсё.

Цяпер пра тое, што планавалася ў праекце, але дагэтуль не зроблена. Баскетбольная, валейбольная і гандбольная пляцоўкі, лёгкаатлетычныя і пешаходныя дарожкі, поўнае асвятленне парку, лаўкі для адпачынку, збор матэрыялаў па гісторыі ўзнікнення парку з біяграфіяй камсамольцаў, якія яго закладалі.

Жанна Ангерчык паведаміла таксама, што старшыня райвыканкама Генадзь Кучко даў указанне начальніку аддзела па справах моладзі Дзмітрыю Богдану настойліва патрабаваць у “Камунальніка” і іншых прадпрыемстваў выканання работ у парку, за якія яны адказваюць.

“Цяпер трэба гэта ўказанне выконваць, але ад самага пачатку нам не гаварылася пра тое, што наш аддзел з’яўляецца куратарам усяго праекта, і мы не ведалі, што павінны будзем ганяцца за іншымі яго ўдзельнікамі і патрабаваць зрабіць сваю работу”, – сказала Жанна Ангерчык.

У “Камунальніка” цяпер няма грошай, каб рабіць у парку пешаходныя дарожкі і ладзіць асвятленне. Пра гэта паведаміў “РГ” намеснік дырэктара прадпрыемства па камунальных пытаннях Аляксандр Осіпаў. Па яго меркаванні, сродкі на гэта могуць з’явіцца толькі ў наступным годзе.

Генеральны дырэктар прадпрыемства “Мінскі мэблевы цэнтр” Васіль Курган расказаў: нам ніхто за гэты час не патлумачыў – якія менавіта лаўкі мы павінны зрабіць – большыя, меншыя, шырэйшыя ці вузейшыя.

“Я звяртаўся ў “Камунальнік”, але нічога выразнага мне не сказалі. Мы не адмаўляемся зрабіць тыя лаўкі, і спатрэбіцца для гэтага дзве гадзіны, але прыміце канкрэтнае рашэнне і дайце нам канкрэтнае заданне”, – сказаў Васіль Курган.

У аддзеле адукацыі райвыканкама кажуць, што пляцоўкі для гульнявых відаў спорту абсталююць за агароджай, на месцы цяперашняга футбольнага поля. Плануюць пачаць работы ў верасні, а вось калі плануюць скончыць – невядома.

Па словах галоўнага інжынера дарожнага рамонтна-будаўнічага ўпраўлення №195 Дзмітрыя Кругліка, яго прадпрыемству ніхто не даваў задання падсыпаць у парку дарожкі, толькі таму гэта і не рабілася.

У сярэдняй школе №5 і ў гімназіі №3, якія знаходзяцца недалёка ад парку, ёсць гурткі па гісторыі. У пятай школе ўдзельнікі гэтага гуртка займаюцца пошукам загінуўшых у канцэнтрацыйным лагеры “Шталаг”, а гімназісты разам з прафсаюзным камітэтам аддзела адукацыі на базе гімназіі рыхтуюць музей па ўвекавечванні памяці педагогаў Маладзечаншчыны.

Заданняў па вывучэнні гісторыі Камсамольскага парку ні СШ №5, ні гімназіі №3 ніхто не даваў, – паведамілі “РГ” у адміністрацыях гэтых навучальных устаноў.

Сяргей ЗЯНЬКО.