Спартыўныя аб’екты спартыўна-забаўляльнага цэнтра, які пабудуюць у Маладзечне, будуць прызначаныя найперш для аздараўлення насельніцтва, а не для правядзення спаборніцтваў.
Пра гэта заявіў старшыня Мінаблвыканкама Барыс Батура на выязной нарадзе па “Дажынках–2011”, што прайшла ў суботу, 28 жніўня, у Маладзечне.
Некаторыя дэталі праекта цэнтра дапрацоўваюцца, але начальнік аддзела ФКСіТ Мікалай Шрымф расказаў у інтэрв’ю “РГ”, якімі будуць асноўныя аб’екты.
У Маладзечне з’явіцца крытая пляцоўка з пакрыццём, якое зможа трансфармавацца: трэба – стане лёдам, трэба – гульнёвай залай, можна і выступленні артыстаў ладзіць. Трыбуны разлічаныя на 2000 гледачоў.
У басейне будзе пяць дарожак даўжынёй 25 метраў – “кароткая” вада, як кажуць спартсмены. Аўтары праекта запланавалі і элементы аквапарка. Што канкрэтна, пакуль невядома: магчыма, горкі, магчыма, джакузі.
Акрамя таго, зробяць яшчэ тры невялікія залы – трэнажорную, для заняткаў фітнэсам і харэаграфіяй.
Праекціроўшчыкі цяпер працуюць над залай для гульнёвых відаў спорту. Яна будзе стандартнай – 24 на 42 метры. Размесціцца на другім паверсе.
Побач з двухпавярховым будынкам, паводле планаў праекціроўшчыкаў, зробяць футбольнае поле са штучным пакрыццём і трыбунамі.
Усе гэтыя аб’екты, як і планавалася першапачаткова, размесцяцца непадалёк ад Маладзечанскага прафесійна-тэхнічнага каледжа.
Святлана ЦІШКО.
Фота molnet.ru
Пра “Дажынкі”:
“Дажынкі” і новы духоўны цэнтр Маладзечна
“Дажынкі-2011”. Падрыхтоўка пачалася
“Дажынкі” пройдуць у Маладзечне