Лета было сухое, таму негрыбное. Але ў пачатку восені пахаладала, і грыбы, як кажуць, пайшлі. А за імі пайшлі ў лясы і грыбнікі.

На маладзечанскім рынку багаты выбар грыбоў.

На маладзечанскім рынку грыбы прадаюць і ў трох-, пяцілітровых вёдрах, і ў пластыкавых кубачках, і проста кучкамі. Пакупнікі цікавяцца не толькі прыгажунамі-баравікамі, але і лісічкамі, і махавікамі – яны дзешавейшыя. “Не, мне літровы кубачак многа. Прадайце маленькую жменьку – супчык зварыць”, – угаворвала пенсіянерка прадаўцоў.

Адна з прадаўцоў, Алена Івашынка з Маладзечна, расказала, што сама яна любіць есці грыбы, але яшчэ больш – збіраць іх. “Гэта як хвароба ў мяне”, – прызналася яна. Грыбныя месцы ведае. Самыя ўраджайныя, паводле яе слоў, – лес каля Кутлянаў Маладзечанскага раёна, адкуль яна сама родам.

Алена Івашынка з Маладзечна (справа) ведае грыбныя месцы – каля Самалёў, Рашаткоў і Кутлянаў Маладзечанскага раёна.

Пакупнікі, кажа Алена Івашынка, часам цікавяцца, адкуль тавар, і вынікамі лабараторнага даследавання: “Але ў Самалях, Рашатках, Кутлянах, дзе звычайна збіраю, заўсёды чыстыя, колькі ні правярала”.

Загадчыца аддзялення радыяцыйнай гігіены Маладзечанскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ірына Казакевіч расказала ў інтэрв’ю “РГ, што сёлета лабараторыяй цэнтра ўстаноўлена перавышэнне дапушчальных узроўняў радыенукліду цэзію толькі ў дзвюх пробах: у змешаных грыбах, сабраных каля Хоўхлава Маладзечанскага раёна, і курачак з-пад Хаценчыцаў Вілейскага – у 5,4 раза. Але гэты сезон, асабліва летні, непаказальны, – адзначаюць спецыялісты. Лета было гарачае і сухое – грыбоў на праверку прыносілі нямнога. Паводле дадзеных за мінулы год, “засвяціліся” грыбы, сабраныя ў лясах каля Чарчонава, Хоўхлава, Лазаўца Маладзечанскага раёна і Даманава, Гліннага, Талуці, Вязыні, пасёлка Партызанскі Вілейскага раёна. З сямі даследаваных пробаў чарніц з перавышэннем цэзію ў 3,5 раза была толькі адна – з-пад Чарчонава.

Цэнтр гігіены прымае на праверку грыбы як ад насельніцтва, так і ад прадпрыемстваў. Але, адзначаюць спецыялісты, ад прадпрыемстваў паступаюць “чыстыя” дары лесу: у Беларусі наладжаная шматступеньчатая сістэма радыяцыйнага кантролю – прадукцыя прадпрыемстваў правяраецца некалькі разоў.

Спецыялісты штогод нагадваюць грыбнікам, што найбольш назапашваюць радыенукліды маслякі, махавікі, польскія грыбы. Таксама моцна – грузды, зялёнкі, курачкі, сыраежкі, рыжыкі. Найменш – лісічкі, баравікі, падбярозавікі, падасінавікі. Амаль не назапашваюць апенькі восеньскія, вешанкі, грыб-парасон рабы, дажджавік жамчужны. Прычым у шапках канцэнтрацыя радыенуклідаў у 1,5-2 разы вышэйшая, чым у ножках.

Лепш не збіраць грыбы ў вільготных мясцінах (сырых ярах, на балотах) – яны назапашваюць больш радыяцыі, чым тыя, што растуць у сухіх месцах.

Не раяць спецыялісты каштаваць сырыя грыбы: самыя   ядавітыя, бледная паганка і мухамор, маюць прыемны смак.

Бясплатна праверыць лясную прадукцыю на ўтрыманне радыенуклідаў можна ў лабараторыях рынку райспажыўтаварыства і маладзечанскага цэнтра гігіены.

Святлана ЦІШКО.

Фота Святланы ЦІШКО.