“Не растуць у мяне агуркі. Не растуць, і ўсё тут. І сама ведаю чаму: суседка звяла”, — скардзіцца мне адна дачніца, паказваючы на пусты кошык.

“Ды кіньце вы, — кажу ёй, – не бывае такога”. “Яшчэ як бывае”, — крыўдзіцца жанчына і расказвае мне сваю гісторыю.

…Гародніна ў той год у суседскім агародзе расці не хацела. Прыйдзе да яе Міхайлаўна, адно толькі і гутаркі, што цыбуля жаўцее, буракі не растуць, агуркі бастуюць. І ўсё ў Ларысін агарод заглядвае, дзе ўсё прама буяе.

У наступны раз яна прыйшла акурат на свята. Папрасіла даць некалькі агуркоў у халаднік. Маўляў, ніводнага на сваіх градах не знайшла. Ларыса, канешне ж, не адмовіла. А праз колькі хвілін глянула ў акно і ледзь не аслупянела. Суседка стаяла ў яе градах, чэрпала жменяй зямлю і перакідала праз плот у свой агарод.

“З таго часу агуркі ў мяне і не растуць”, — закончыла жанчына свой аповед. А мне раптам прыйшла на памяць гісторыя, пачутая калісьці ад знаёмай.

“Мая свякроўка ведае столькі розных прыкмет і забабонаў, што на ўвесь горад хопіць, — дзялілася неяк Алеся. – І калі захоча, то ў любога чалавека можа пазычыць вязенне і ўдачу. Прычым без асаблівай цяжкасці і якой бы там ні было варажбы. Напрыклад, бачыш ты, што сусед жыве лепш і багацей за цябе, вазьмі ў яго якую-небудзь рэч. Ну не машыну ж, канешне, не залаты пярсцёнак. Карабок запалак, напрыклад, альбо расчоску, аловачак. Тое, што лёгка пакласці ў кішэню, а пасля непрыкметна вярнуць назад. Не агледзішся, як будзеш і пры грашах, і ў дастатку”.

Ва ўсе гэтыя забабоны я не веру. А вось у прыкметы…

У двары адных маіх знаёмых некалькі месяцаў запар выў сабака. “Не на добрае”, — хвалявалася гаспадыня. І бяда не прымусіла сябе доўга чакаць. Увесну пахавалі сына. Пасля гэтага дзесьці год сабака маўчаў. А ў сярэдзіне лета ўзяўся за старое. Не было той ночы, каб ён, гледзячы ў неба, не “спяваў”. У роспачы гаспадыня не спала ночы напралёт. Сэрца маці быццам бы прадчувала бяду. Тэлефанавала кожны дзень дзецям, унукам, пыталася пра здароўе, прасіла шанаваць сябе. Не ўберагла. У сям’і здарылася яшчэ адна бяда…

Калісьці пра ўсякія забабоны гаварылі як пра перажыткі мінулага. Цяпер самыя адукаваныя, зачапіўшыся за што-небудзь, плююць, бывае, праз левае плячо. Каб не дай бог не здарылася якое-небудзь ліха.

“Іду раніцай на аўтобус, суседка з пустым вядром дарогу пераходзіць, — расказвае знаёмы. – Ну, думаю, не пашэнціць. Так яно і было. З’ездзіў у раён — толькі дзень страціў. Ніводнага пытання не вырашыў”.

Былая мая сяброўка на падкладцы паліто заўсёды насіла шпільку. Каб не сурочылі. Яна верыла ў тое, што злы чалавек праз вочы можа скрасці душу іншага чалавека. А вось чорных катоў – не баялася. Казала, што яны, наадварот, прыносяць шчасце.

Сашка не верыць ні ў якія прыкметы. Разбіўся кубак – на шчасце, звалілася люстэрка – цвік саржавеў, пасохлі ў хаце вазоны – догляд дрэнны быў. “Я Фама няверуючы, — кажа ён звычайна пра сябе”. Але калі збіраецца ў далёкую дарогу, абавязкова скажа дамашнім: “Прысядзем на дарожку”. Кажа, што пасля гэтага ехаць лягчэй.

 Марына СЛІЖ.