Ад панядзелка, 13 верасня, у Маладзечне пачалася вакцынацыя супраць грыпу. За першыя тры дні восем прадпрыемстваў і арганізацый горада прышчапілі сваіх работнікаў. 192 чалавекі паклапаціліся пра здароўе самастойна.

Штогод каля 95 % усёй інфекцыйнай паталогіі займаюць грып і інфекцыйныя захворванні. За мінулы год у Маладзечанскім раёне зарэгістраваны 61 744 выпадкі захворвання на грып і вострыя рэспіраторныя вірусныя інфекцыі.

У лістападзе мінулага года пад’ём захваральнасці быў выкліканы пераважна цыркуляцыяй пандэмічнага вірусу грыпу А(Н1/N1), які пасля эпідэміі спарадычна выяўляўся аж да заканчэння эпідэмічнага сезона (да 24 мая).

Усе разнавіднасці грыпу, у тым ліку высокапатагенны А(Н1/N1), часцей за ўсё праяўляюцца сходнымі сімптомамі: павышэннем тэмпературы цела, кашлем, болем у горле, насмаркам ці закладзенасцю носа, болямі ў мышцах і суставах, галаўным болем, дадаткова могуць назірацца пражылкі крыві ў макроце, рвота, рэдкі стул.

Крыніца захворвання пры грыпе – хворы чалавек, нават калі ён пераносіць захворванне ў лёгкай форме. Вірусы выдзяляюцца разам з кропелькамі сліны пры размове, кашлі, чханні.

Асабліва падвержаныя развіццю дадзенага захворвання цяжарныя жанчыны, дзеці, людзі старэйшыя за 65 гадоў, а таксама асобы, што маюць спадарожныя хранічныя захворванні (напрыклад, бранхіт, бранхіяльную астму, хваробу лёгкіх, цукровы дыябет, сардэчна-сасудзістыя захворванні і інш).

Чым небяспечны грып?

Шырока распаўсюджанае меркаванне, што грып – гэта звычайная хвароба, якой людзі хварэюць кожны год, і нічога страшанага не адбываецца. На самой справе ён небяспечны і можа ўскладняецца запаленнем лёгкіх, якое развіваецца ў 2-17% захварэўшых.

Вакцынацыя супраць грыпу значна зніжае захваральнасць, рызыку развіцця ўскладненняў, а з ёй і смяротнасць і з’яўляецца адным з найбольш эфектыўных і эканамічна апраўданых сродкаў прафілактыкі.

Пры аналізе эфектыўнасці правядзення імунізацыі супраць грыпу насельніцтва Маладзечанскага раёна ў перадэпідэмічны сезон 2009-2010 года ўстаноўлена, што захваральнасць на грып і ВРВІ сярод не прышчэпленых асоб вышэй ў 15,3 раза, чым сярод прышчэпленых.

Вакцына, набытая за кошт сродкаў рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў будзе прызначаная для асоб з групы рызыкі – дзецям і дарослым з хранічнымі захворваннямі, медработнікам і г.д. Агульная колькасць грыпознай вакцыны для жыхароў Маладзечанскага раёна — 17 580, што складае 12,5 % ад колькасці насельніцтва. Астатнім неабходна паклапаціцца пра сваё здароўе самастойна, а кіраўніцтву арганізацый сумесна са старшынямі прафсаюзных камітэтаў выдзеліць грашовыя сродкі на набыццё супрацьгрыпознай вакцыны для сваіх работнікаў.

Кансультацыю па пытаннях прафілактыкі грыпу і правядзення вакцынацыі можна атрымаць па тэлефонах 751671 ці 703080 (Маладзечанскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі).

Міхаіл ГРАБОЎСКІ, галоўны дзяржаўны санітарны доктар Маладзечанскага раёна.