Хіп-хоп, дыска, хаўс – гэта стыль жыцця тысяч маладых людзей новага пакалення, людзей, якія слухаюць электра, рэп і іншыя прагрэсіўныя музычныя напрамкі, якія носяць шырокія штаны і шапку ў любую пару года. А таксама танцуюць брэйк-данс на вуліцах, малююць графіці і, увогуле, жывуць толькі музыкай і танцам.
Вось і студыя сучасных танцаў “Авангард” аб’ядноўвае тых, для каго танец – гэта спосаб быць гарманічным і свабодным у выказванні сваіх думак, эмоцый і пачуццяў праз рух. Дырэктарам і адначасова кіраўніком гэтай цудоўнай студыі з’яўляецца Андрэй Малько.

– Андрэй, чаму вы вырашылі адкрыць студыю менавіта сучасных танцаў?

– Я доўгі час займаўся бальнымі танцамі. А пасля зразумеў, што стаміўся, што хочацца нечага новага: новых пачуццяў і эмоцый, новых знаёмстваў і розных дасягненняў. Студый і клубаў па спартыўных бальных танцах на той час у нашым горадзе хапала. І калі ўпершыню “выйшаў” фільм “Крок наперад: вуліцы”, то, напэўна, тады я зразумеў, што вось тое, чым я хачу займацца, тое, чаму хачу прысвяціць сваё далейшае жыццё. Спачатку пачаў ездзіць на майстар-класы ў Мінск, каб больш даведацца пра сучасныя танцы, навучыцца іх тэхніцы.

– Вы назвалі сваю студыю “Авангард”. Чаму?

– Спачатку было вельмі шмат варыянтаў. Але потым спыніўся на назве “Авангард”. У перакладзе з французскай – першая частка войска. І зараз я выкарыстоўваю гэта, як нейкі своеасаблівы дэвіз: каб заўсёды быць уперадзе. Стымулам гэта з’яўляецца і для ўдзельнікаў студыі на розных конкурсах, у якіх мы актыўна і з вялікім задавальненнем прымаем удзел. Трэба адзначыць, што з такім імкненнем, такой працавітасцю і добрыя вынікі не прымусяць сябе доўга чакаць. А ўвогуле, авангард, як абагульненая назва напрамкаў у майстэрстве, характарызуецца асаблівым падыходам да мастацкай творчасці з выкарыстаннем арыгінальных, наватарскіх сродкаў выказвання.

– Андрэй, раскажыце, калі ласка, пра вашу студыю.

– У маёй студыі займаецца прыкладна каля 60 чалавек, чатыры ўзроставыя групы па 15 дзяцей. Гэта колькасць непастаянная, таму што ў пачатку навучальнага года можа прыйсці шмат людзей, а бліжэй да канца нехта вырашае, што танцы не для яго; нехта знаходзіць больш цікавы занятак; у кагосьці не хапае часу заўсёды хадзіць на трэніроўкі. І на канец танцавальнага сезона колькасць удзельнікаў памяншаецца.

На заняткі да мяне дзеці пачынаюць хадзіць з 5-6 гадоў. Усё гэта залежыць, канешне, ад іх розуму і развіцця, магчымасці хутка ўспрымаць новы матэрыял. Для маленькіх дзяцей я праводжу заняткі ў жартоўнай і гульнявой форме. Яны весела пачынаюцца і смешна заканчваюцца. Да старэйшых удзельнікаў студыі я адношуся больш сур’ёзна, раблю ўхіл на тэхніку. Але ў любым выпадку прыемна, калі да цябе на трэніроўкі ходзяць ці бягуць, як на свята.

– А да якога ўзросту можна наведваць вашу студыю?

– Старэйшым удзельнікам студыі можа быць 18 год. Гэта ўжо дарослыя людзі, якія разумеюць свае імкненні ў жыцці. Некаторыя прыходзяць на танцы дзеля эмацыянальнай разгрузкі, а камусьці гэта проста цікава.

– Раскажыце падрабязней пра танцы, якім можна навучыцца ў вашай студыі.

– Асноўны напрамак, у якім мы працуем, – гэта хіп-хоп, яркія моладзевыя танцы. Наогул, хіп-хоп лічыцца амерыканскай вулічнай культурай, для якой нечага асаблівага не патрэбна. Любое зручнае адзенне і абутак на плоскай падэшве (кеды ці скулы). Падзяляецца хіп-хоп на Old School (у перакладзе з англ. мовы – старая школа), што лічыцца самым раннім стылем хіп-хопа, яго базай; і New Style, ці New York Style (напрамак новай школы), – гэта змешванне эстрады, хіп-хопа, брэйк-данса і таксама ўнікальных рухаў танцора. Таксама займаемся мы і такім напрамкам сучасных танцаў, як хаўс. А маленькія дзеці ў адрозненне ад старэйшых вучацца танцаваць дыска – сумесь мастацкай гімнастыкі і танцаў стылю 80-х гадоў. Вось гэта мешаніна надае такім танцам незвычайную прыгажосць.

– Ведаю, што ў вашай студыі і ў некаторых удзельнікаў ёсць вельмі добрыя вынікі на конкурсах рознага ўзроўню.

– Увогуле, на турнірах канкурсанты прымаюць удзел па ўзроставых катэгорыях. Напрыклад, дзеці 6-8 год уваходзяць у групу, якая так і называецца “Дзеці”. Далей катэгорыя дзяцей 9-11 год. Спачатку яны “Пачынаючыя”, затым праз год пераходзяць у першую лігу, а далей – у вышэйшую. Падлеткі 12-15 год уваходзяць у катэгорыю “Юніёры”, а затым група “Дарослыя і старэйшыя”. У турнірах па хіп-хопу можна прымаць удзел па аднаму, двойкай (парнае выконванне танца) і ў групах.

– Раскажыце пра свае дасягненні.

– Імкнёмся прымаць удзел у турнірах, якія праходзяць у розных гарадах і нават краінах, удзельнічаем у майстар-класах. Адным словам, вядзём актыўную конкурсную дзейнасць. І не было яшчэ ні аднаго разу, калі б удзельнікі маёй студыі не атрымлівалі перамог. У гэтым годзе напрыканцы танцавальнага сезона, у канцы мая, прымалі ўдзел у закрытым чэмпіянаце Рэспублікі Беларусь-2010, паказаўшы вельмі добрыя вынікі. У вышэйшай лізе ў катэгорыі да 12 год сярод хлопчыкаў нашы навучэнцы занялі першыя пяць месцаў. Сярод іх Павел Шантарыцкі (5-е месца), Ян Грыб (4-е месца), Павел Матусевіч (3-е месца), Павел Бажко (2-е месца) і ў трэці раз чэмпіёнам РБ стаў Мікіта Рагель. У гэтай жа ўзроставай катэгорыі сярод дзяўчынак 2-е месца заняла Яна Янушка. На гэтым чэмпіянаце ўпершыню за ўсю гісторыю студыі атрымалі золата ў катэгорыі “Юніёры”. Міхаіл Старыкевіч стаў чэмпіёнам РБ у першай лізе і прынёс у скарбонку перамог студыі першы залаты медаль у гэтай катэгорыі. Былі і іншыя конкурсы, а з імі, вядома, перамогі.

– Якія планы на будучыню?

– У планах з’ездзіць у лістападзе ў Санкт-Пецярбург на турнір “Паўночная бітва”, а таксама арганізаваць свой рэспубліканскі конкурс у Маладзечне. Мы ўжо праводзілі ў гімназіі №6 турнір па сучасных танцах, у якім прынялі ўдзел студыя эстраднага танца “ВіЗаВі”, два мінскія клубы сучасных танцаў і “Авангард”. Далей планую танцавальны летні лагер, у якім прымуць удзел студыі і клубы не толькі сучаснага танца, але, напрыклад, і бальнага. На мой погляд, гэта цікава. На працягу некалькі дзён мець зносіны са сваімі аднадумцамі, абменьвацца вопытам з іншымі калегамі, асабліва калі яны не толькі з Беларусі, але і з-за мяжы. Яшчэ ў гэтым годзе гімназія №6, дзе і праходзяць мае заняткі, адзначыць свой 50-гадовы юбілей, і студыя “Авангард” прыме непасрэдны ўдзел у канцэрце, які будзе прысвечаны гэтай падзеі. І ў планах на будучыню застаюцца турніры ў розных гарадах Беларусі.

Юля КРУК, моладзевая рэдакцыя “РГ”.