У пятніцу, 17 верасня, у кнігарні “Спадчына” адбылося адкрыццё дзён якасці маладзечанскай друкарні “Перамога”, якія праводзіліся сумесна з полацкай друкарняй “Спадчына Францыска Скарыны”.

Аляксандр Хазянін і Аркадзь Жураўлёў правялі прэзентацыю сваіх навінак.

Намеснік міністра інфармацыі Ігар Лапцёнак павіншаваў былога кіраўніка друкарні “Перамога” Яўстафія Стахоўскага.

На мерапрыемства быў запрошаны Ігар Лапцёнак, намеснік міністра інфармацыі. Ён расказаў, што летась усе паліграфічныя прадпрыемствы атрымалі сертыфікаты якасці раней прызначанага урадам тэрміну.

– Гэта сведчыць аб тым, што беларускія тавары канкурэнтаздольныя на міжнародным узроўні, – растлумачыў Ігар Лапцёнак. – Але перш за ўсё неабходна забяспечыць свае патрэбы. Таму мне надзвычай прыемна, што на гэтай імпрэзе прысутнічае моладзь. Знаёмцеся з прадукцыяй, ацэньвайце. Я ўпэўнены, што вы знойдзеце тое, што хацелі б набыць.

Ала Шапавалава, намеснік дырэктара друкарні па вытворчасці, паведаміла, што за апошнія чатыры гады аб’ём вытворчасці друкарні павялічыўся ў пяць разоў. Прычым 10 % усёй прадукцыі – гэта новыя тавары.

– Мы пастаянна імкнёмся ўдасканальваць свой тавар, але не заўсёды нашы ідэі можна ўвасобіць з дапамогай існуючага абсталявання, – расказвае Ала Шапавалава. – Адна з нашых апошніх навінак – гэта сшыткі з металічнымі спружынамі, сшыткі на 96 старонак фармату А4. Новыя блокі для малявання і чарчэння фармату А3 вельмі зручныя, бо лісты лёгка адрываюцца.

Пра добрыя традыцыі друкарні, якая існуе больш за 60 гадоў, расказаў Мікалай Мінец, дырэктар друкарні “Перамога”. Хаця праца ішла ў трох кірунках: кніжная, выдавецкая дзейнасць і вытворчасць бланкаў строгай справаздачнасці, асаблівая ўвага надавалася друку кніг.

– Нават на нашым таварным знаку ёсць выява кнігі – падкрэслівае Мікалай Мінец. – Гэта вельмі ганаровая справа – ствараць кнігу.

Таму невыпадкова, што менавіта на гэтым мерапрыемстве Аляксандр Хазянін і Аркадзь Жураўлёў правялі прэзентацыю сваіх навінак.

Кніга былога рэдактара “Маладзечанскай газеты”Аляксандра Хазяніна “Скарбонка мудрасці” змяшчае эсэ, апавяданні, рэцэнзіі. Аўтар прапаноўвае яе тым, каму падабаецца паразважаць аб жыцці, хто любіць чытаць удумліва.

Аркадзь Жураўлёў прадставіў дзве свае кнігі: “Я жадаю вам дабра” і “Апалонік для дырэктара”. Аўтар дзеліцца сваімі ўспамінамі з побыту Маладзечна, узгадвае жыццёвыя падзеі. Таксама тут можна знайсці і замалёўкі пра вядомых людзей Беларусі: Міколу Ермаловіча, Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча.

Намеснік міністра інфармацыі Ігар Лапцёнак павіншаваў і былога кіраўніка друкарні “Перамога” Яўстафія Стахоўскага, якому на днях споўнілася 75 гадоў.

Зоя ХРУЦКАЯ.

Фота Зоі ХРУЦКАЙ.