За 30 гадоў, што Ала Прастакова працуе на чыгуначным вакзале, змянілася не толькі станцыя, умовы работы, але і пасажыры.

Ала Валянцінаўна працуе на маладзечанскім вакзале ад 1980 года. Спачатку дзяжурнай па вакзале, цяпер – дзяжурнай па выдачыдаведак. Станцыя і будынак вакзала моцна змяніліся за 30 гадоў. Але ж гэта здарылася не раптам, а ішло паступова. Прыкметныя перамены адбыліся пасля рэканструкцыі, якая завяршылася ў верасні 2008 года – вакзал стаў больш сучасным. Змяніліся, на думку Алы Прастаковай, і пасажыры. Але, у адрозненне ад вакзала, не ў лепшы бок. “Раней, мне здаецца, пасажыры былі больш добрымі. Цяпер яны, асабліва моладзь, нецярплівыя і нецярпімыя. Электрычка літаральна на 10 хвілін спазнілася, а малады мужчына тут жа скандал учыніў. Маўляў, чаму я павінен чакаць, я грошы заплаціў!.. Тлумачэнні, што на адным з участкаў провад абарваўся, магло здарыцца нашмат большае няшчасце, слухаць не захацеў”.

У Алы Валянцінаўны многа даволі розных абавязкаў: яна дае даведкі па тэлефоне і пры асабістым звароце, сочыць за маніторамі відэаназірання (на станцыі, у памяшканнях і на платформах, усталяваныя 16 камер), кіруе трыма табло і аўтаматызаваным дыктарам. Тэхніка не можа цалкам замяніць чалавека: тэрміновыя аб’явы таксама робіць дзяжурная па выдачы даведак. Ёсць камп’ютарызаваная даведка, але асноўнае – расклад электрычак, кошт праезду да вялікіх станцый, іншую інфармацыю Ала Валянцінаўна ўжо ведае на памяць. “Гэта самы дасведчаны чалавек на вакзале: валодае ўсёй аператыўнай інфармацыяй, трымае сувязь з дзяжурным па станцыі. Ад яе “нітачкі” разыходзяцца ва ўсе бакі. На гэтай пасадзе працуюць добра падрыхтаваныя людзі, якія ведаюць усе нашы правілы”, – так ахарактарызавала работу дзяжурнага па выдачы даведак начальнік вакзала Надзея Сталпінская.

“Цяпер нашмат лягчэй – нам столькі апаратуры дапамагае! А раней усё рабілі самі: і табло набіралі, і аб’яўлялі прыбыццё-адпраўленне цягнікоў, і на тэлефанаванні ў даведку адказвалі, і ў Мінск званілі, заказвалі месцы для нашых пасажыраў на цягнікі, што ідуць праз Маладзечна”, – успамінае Ала Прастакова.

Некалькі дзесяцігоддзяў таму, калі толькі пачынала працаваць, моцна стамлялася. Найбольш ад тэлефона і размоваў з пасажырамі. Прыйшоўшы дадому, ні з кім не магла гаварыць, хацелася цішыні. А рабіць аб’явы па гучнагаварыцелі “жыўцом” баялася толькі ў першы дзень. Расказвае, што тады яна зачынялася, фіранкі акенца завешвала, прасіла калегаў выйсці, каб ніхто не глядзеў, толькі тады пачынала гаварыць. А пасля прывыкла.

Клопату і цяпер хапае. Пасажыры, як і 30 гадоў таму, спазняюцца на цягнікі – у гэтым людзі не змяніліся. А то і адстаюць ад свайго саставу. Стаянка ў Маладзечне 3-4 хвіліны, а яны бягуць у буфет. Вядома, не паспяваюць, застаюцца на станцыі, чакаюць свой багаж, які на бліжэйшым прыпынку здымаюць з цягніка.

Даводзіцца і медыкаў для пасажыраў выклікаць. Нядаўна ў адной жанчыны здарыўся інфаркт – цягнік затрымалі на 20 хвілін, яе агледзелі дактары, аказалі першую дапамогу. Але ад шпіталізацыі яна адмовілася і паехала далей, у Гродна.

Здараецца і так, што чалавек у цягніку памірае. Тады дзяжурная па выдачы даведак выклікае і медыкаў, і міліцыю. Рэчы здымаюць, пасля шукаюць сваякоў памерлага, якія іх забяруць.

На вакзале падлічылі: за змену ў даведку паступае да 400 тэлефанаванняў. Тэлефон звоніць літаральна кожную хвіліну, а то і не раз. Асабліва многа – пасля 17 гадзін, калі людзі прыходзяць з работы дадому. Цікавяцца раскладам цягнікоў, коштам праезду да пэўнай станцыі, у колькі адпраўляецца з Мінска электрычка да Баранавічаў… Спакайней становіцца толькі пасля 24 гадзін. Але тэлефануюць і ў 1.30, і ў 1.58, і ў 3 гадзіны ночы. Бывае цяжка зразумець, што чалавек хоча. Напрыклад, калі пытаецца, як даехаць да Казахстана. Да Казахстана – і ўсё. Назву станцыі ў гэтай немалой краі не не ведае. А то ў 2 гадзіны ночы патэлефанаваў мужчына і спытаў: “У колькі з могілак адпраўляецца бліжэйшы аўтобус да чыгуначнага вакзала?” Бываюць пытанні зусім не па адрасе: як даехаць да нейкага прадпрыемства ці ўстановы ў Маладзечне, да санаторыя ў Маладзечанскім раёне. Але дзяжурная па выдачы даведак і ў такіх сітуацыях спрабуе дапамагчы.

Дзяжурныя па выдачы даведак працуюць пазменна – па 12 гадзін, з 8 да 20 і з 20 да 8 гадзін. Сама Ала Валянцінаўна прывыкла і да такога графіка, і да начных зменаў. А сям’я разумее – і сыны, і муж таксама працуюць на чыгунцы. У начных зменах, па словах Алы Прастаковай, не страшна. “Я ж на вакзале не адна – ёсць яшчэ дзяжурны па вакзале, пасажыры, міліцыя”, – тлумачыць яна.

Спецыяльна на гэта не вучаць. І Ала Прастакова, закончыўшы школу ў роднай Подберазі Валожынскага раёна, паехала ў Латвію атрымоўваць не чыгуначную спецыяльнасць. Вучылася ў Елгаве на здымшчыцу пражы. Але па спецыяльнасці працавала нядоўга. Прыйшла на чыгуначны вакзал і засталася. Тут з мужам сваім пазнаёмілася.

Калегі яе хваляць: вельмі добразычлівая, камунікабельная. З усімі ў добрых адносінах. І да пасажыраў ставіцца прыязна і са спагадай – на кожнага, нават самага скандальнага, у яе хапае цярпення. “Наш дэвіз: пасажыр заўсёды мае рацыю. Але ж пасажыры бываюць і з розным характарам, і з розным настроем”, – тлумачыць начальнік вакзала Надзея Сталпінская.

Святлана ЦІШКО.