Дзіцячая стаматалагічная паліклініка і псіханеўралагічны дыспансер пакідаюць свой будынак на Вялікім Гасцінцы, 58 – пачынаецца рамонт.

Па словах намесніка галоўнага доктара па адміністрацыйна-гаспадарчай частцы цэнтральнай раённай бальніцы Анатоля Бразоўскага, у памяшканнях гэтых медыцынскіх устаноў зробяць не толькі касметычны рамонт, але і заменяць вокны, дзверы, сантэхніку, камунікацыі. Фінансуецца рэканструкцыя з раённага бюджэту.

Хірург стаматалагічнай паліклінікі ад 28 верасня працуе на базе гімназіі №6. Тэрапеўты – у іншых школах і гімназіях горада. Для пацыентаў з горада, школьнікаў і дашкольнікаў, мала што зменіцца: бацькі па-ранейшаму могуць тэлефанаваць у рэгістратуру па нумары 159 – іх накіруюць у бліжэйшую навучальную ўстанову. Жыхары раёна будуць лячыцца ў амбулаторыях у Чысці, Красным, Радашкавічах, іншых мястэчках.

Псіханеўралагічны дыспансер пераязджае ў бальніцу №2 (“раённую”). Там будзе ісці прыём, там жа размясціўся і дзённы стацыянар. Тэлефон для даведак 76-35-32.

Плануецца, што рамонт будзе доўжыцца каля трох месяцаў, і Новы год стаматалагічная паліклініка і псіханеўралагічны дыспансер сустрэнуць у абноўленых памяшканнях. Да канца гэтага года, – расказаў Анатоль Бразоўскі, – плануецца адрамантаваць таксама будынкі паліклінікі №2 (ля “Спадарожніка”) і цэнтральнай раённай бальніцы №1.

Сам дом па Вялікім Гасцінцы, 58 таксама чакае капітальны рамонт. Па словах інжынера жыллёвага аддзела “Камунальніка” Марыны Клімянковай, праекціроўшчыкам стаў “Інстытут “Белжылпраект”. Цяпер гэтае прадпрыемства распрацоўвае праект рамонту.

Святлана ЦІШКО.