Дызельны цягнік з пяці вагонаў ад 4 кастрычніка па рабочых днях будзе хадзіць па маршруце Маладзечна – Смаргонь – Маладзечна – Вілейка – Маладзечна. Пасажыры ўпершыню змогуць карыстацца такімі перавозкамі.

Начальнік маладзечанскага чыгуначнага вакзала Надзея Сталпінская расказала ў інтэрв’ю “РГ”: дызель-цягнік прызначаны па просьбах саміх пасажыраў. У выхадныя дні ў дадатковых цягніках недахопу няма, а вось па буднях ён адчуваўся, і людзі вымушаныя былі карыстацца паслугамі таксістаў.

“Перад тым, як прыняць рашэнне пусціць цягнік, мы абмяркоўвалі, ці будзе карыстацца такі маршрут попытам пасажыраў, – кажа Надзея Сталпінская. – І ўрэшце вырашылі паспрабаваць правесці такі эксперымент”.

Цягнік з пяці вагонаў ад 4 кастрычніка па рабочых днях будзе хадзіць па маршруце Маладзечна – Смаргонь – Маладзечна – Вілейка – Маладзечна.

Па словах начальніка вакзала, чыгуначнікі спадзяюцца, што маршрут будзе вельмі зручны навучэнцам, якія вучацца ў сярэдніх спецыяльных установах Вілейкі.

Дабрацца на вучобу раніцай з Маладзечна праблем няма: дызель адпраўляецца ў 8 гадзін 30 хвілін. А вось даехаць назад па чыгунцы, што дзешавей, чым на іншым транспарце, навучэнцы дагэтуль не маглі. Заняткі ў іх заканчваюцца каля 16-17 гадзін. Цяпер дадатковы цягнік з Вілейкі будзе адпраўляцца ў 17 гадзін 04 хвіліны.

Надзея Сталпінская адзначае, што супрацоўнікі чыгункі будуць сачыць за колькасцю пасажыраў у вагонах. Пакуль цягнік будзе хадзіць без абмежаванняў кожны дзень. Потым будуць глядзець: калі пасажыраў будзе дастаткова, ён у такім рэжыме будзе курсіраваць пастаянна. Калі эксперымент не апраўдае сябе і пасажыраў будзе мала – будуць знімаць нейкія рэйсы альбо ўвогуле адменяць маршрут.

А пакуль маладзечанскія чыгуначнікі папрасілі сваіх вілейскіх і смаргонскіх калег, каб яны развесілі аб’явы аб дадаткова прызначаным цягніку на станцыях Вілейка, Смаргонь, Пруды, Залессе, што па дарозе на Смаргонь, і на прыпынку Маладзёжны, які пад Смаргонню.

З Маладзечна цягнік, які будзе спыняцца на кожным прыпынку, адпраўляецца ў 13.29. Спачатку ён прыбывае ў Смаргонь у 14.26. Адпраўленне назад – у 15.09. Зноў у Маладзечне дызель у 16.05. У 16.16 – выезд у Вілейку. Там дызель будзе ў 16.49. І, нарэшце, з Вілейкі на Маладзечна цягнік адпраўляецца ў 17.04. Прыбыццё на канцавую станцыю – у 17.39.

Расклад руху дызель-цягніка

Сяргей ЗЯНЬКО.

Фота Аляксандра МАНЦЭВІЧА.