“Перайсці” да тэрапеўта, які працуе на іншым участку, можна. Трэба толькі напісаць адпаведную заяву.

Я нядаўна хварэла. Чатыры разы была на прыёме – чатыры разы трапляла да розных тэрапеўтаў. У нашага ўчастка няма свайго доктара. Ці можна “прыпісацца” да спецыяліста, які мне падабаецца?

Алена Вярбіцкая, Вілейка.

На пытанне адказвае загадчык тэрапеўтычнага аддзялення вілейскай паліклінікі Іосіф Ордаш:

– У Беларусі дзейнічае тэрытарыяльны прынцып абслугоўвання пацыентаў – яны замацаваныя за пэўнымі ўчасткамі і тэрапеўтамі. Але “перайсці” да тэрапеўта, які працуе на іншым участку, можна. Мы прымаем адпаведныя заявы ад пацыентаў.

Па словах юрысконсульт вілейскай цэнтральнай раённай бальніцы Алены Філістовіч, тэрытарыяльны прынцып дазваляе своечасова і аператыўна аказаць медыцынскую дапамогу. Але паводле “Закона “Аб ахове здароўя” пацыент мае права на выбар доктара (артыкул 41 “Правы пацыента”).

Каб перайсці да іншага доктара, трэба напісаць адпаведную заяву на імя загадчыка тэрапеўтычнага аддзялення. У Вілейцы – на імя Іосіфа Ордаша: “Прашу замацаваць мяне за…”. Калі ёсць свой участковы, абгрунтоўваць, чаму пацыент не хоча абслугоўвацца ў яго, неабавязкова. Загадчык аддзялення накладае рэзалюцыю і перадае дакумент у рэгістратуру. Так што і на дом да пацыента будуць накіроўваць таго тэрапеўта, якога ён выбраў.

Святлана ЦІШКО.