– Работы ідуць надзвычай марудна, – сказаў на нарадзе па падрыхтоўцы да «Дажынак» старшыня Маладзечанскага райвыканкама Фёдар Дамаценка. – Таму будзем высвятляць, хто халтурыць.

Кінатэатр «Радзіма» на рамонце.

Што ў планах?

25 снежня павінны быць здадзены басейн школы-інтэрната для дзяцей, хворых на  скаліёз, і памяшканне дзіцячай бальніцы. Добраўпарадкаванне тэрыторыі вакол яе  адкладваецца на вясну. Да гэтай жа даты трэба падрыхтаваць праекты ўсіх аб’ектаў, што ўваходзяць у праграму “Дажынак”. Іх пад тысячу.

Сюды ўваходзяць 14 банкаў, 260 аб’ектаў гандлю, 33 прамысловыя прадпрыемствы, 24 адукацыйныя ўстановы. Некаторыя з іх дастаткова толькі пафарбаваць, іншыя патрабуюць больш сур’ёзнага рамонту. Плануюць правесці рамонт у 163 жылых дамах, а у 98 зробяць капітальны. Капітальны рамонт чакае 27 вуліц горада, а таксама добраўпарадкаванне 11 мікрараёна, дзе вырастуць 26 дамоў.

Праграма “Дажынак” працуе і для раёна. У яе трапляюць 15 СВК, капітальны рамонт чакае паўсотні жылых дамоў у розных вёсках Маладзечаншчыны. У першы дзень новага года павінны быць гатовы Дом культуры ў Чысці. У студзені-лютым 2011 года плануецца пачаць рамонт музычнага вучылішча імя Агінскага, Цэнтральнай бібліятэкі, дзіцячай музычнай школы, школы духавых інструментаў, цэнтра пазашкольнай работы “Маладзік”, Красненскіх музычнай школы і Дома культуры.

На гарадскім стадыёне ў Маладзечне паставяць туалеты, зоймуцца асвятляльнымі вышкамі. У красавіку пачнецца рамонт цэнтральнага ўвахода ў стадыён.

Што ёсць цяпер?

На нарадзе высветлілася, што на некаторых аб’ектах, уключаных у праграму “Дажынак”, работы пакуль што не пачыналіся. На некаторых вядуцца. Але пры такім вялізным аб’ёме зробленага вельмі мала.

На пляцоўцы Лядовага палаца вынас сетак яшчэ не пачалі. Як адзначыў Фёдар Дамаценка, у гэтым раёне пакуль наогул ніхто не працуе.

Па Вялікім Гасцінцы зараз кладуць бардзюры. Зрабілі каля двухсот метраў. А вуліца цягнецца шэсць кіламетраў. Самае складанае ў падрыхтоўцы да “Дажынак” – рамонт і афармленне вуліцы Прытыцкага, Цэнтральнай плошчы і парку Перамогі. Як яны будуць выглядаць, канчаткова не вырашана. Але 14 лістапада з гэтымі аб’ектамі ўжо ўсё павінна быць вызначана.

Мяняе аблічча кінатэатр “Радзіма”. Рамантуюцца дахі, мяняюцца вокны на шклопакеты ў СШ №№1, 6, 11. Вядуцца работы і ў іншых навучальных установах горада і раёна. Даводзяцца да ладу спартыўныя аб’екты. У адной трэнажорнай зале рамонт ужо скончылі, у другой ён блізіцца да завяршэння.

Зоя ХРУЦКАЯ.

Фота Зоі ХРУЦКАЙ.