Але гэта не перашкодзіла закончыць школу, стаць студэнткай універсітэта, напісаць кнігу і застацца светлым, чыстым чалавекам, здольным спачуваць і любіць іншых.

Святлана Маршчацкая жыве ў Чысці. Перамяшчаецца з дапамогай інваліднай каляскі. Гэтаму светламу і добраму чалавеку вельмі патрэбная дапамога.


Света нарадзілася далёка ад Беларусі, у прыволжскім Тальяці. Яе мама – беларуска, таму Маршчацкія вырашылі перабрацца бліжэй да сваякоў і аселі ў Чысці.

Сярэдняя школа была ззаду, паступленне ў вышэйшую навучальную ўстанову – наперадзе, але гэты праект расцягнуўся на некалькі гадоў. Па той простай прычыне, што неабходны быў варыянт дыстанцыйнай адукацыі, бо сама дзяўчына не магла ездзіць на сесіі і шкадавала бацькоў-пенсіянераў, якім было б цяжка насіць яе на руках з другога паверха разам з каляскай, а пасля пераадольваць бясконцую колькасць прыступак у любым нашым універсітэце.

Жыццё з хваробай

Быць незалежнай, калі ты залежная ва ўсім, – гэтаму трэба вучыцца. Святлана – самастойная дзяўчына, яна знайшла ўніверсітэт у Маскве, сучасны і прэстыжны, і стала студэнткай факультэта Выдавецкай справы і журналістыкі. Вучыцца самастойна зможа далёка не кожны, нават пры наяўнасці аддаленых памагатых. Рыхтавацца да экзаменаў, здаваць іх у тэрмін, калі ёсць магчымасць расцягнуць задавальненне і адкласці штосьці на потым – тут трэба сіла волі. Дарэчы, у гэтай дзяўчыны сіла волі і слабыя мышцы добра ўжываюцца разам, кампенсуючы адно аднаго! Ужо пасля адзінаццаці класаў сярэдняй школы яна самастойна вывучыла нямецкую мову, жывапіс, літаратурную справу і псіхалогію. Пазней закончыла міжнародныя курсы журналістыкі – таксама дыстанцыйна. Зразумела, усе гэтыя поспехі ажыццявіліся ў тым ліку і дзякуючы сям’і Светы. Дзякуючы іх падтрымцы, маральнай і матэрыяльнай. А сям’я ў дзяўчыны цудоўная.

Сям’я

У доме Маршчацкіх пахне кавай і пірагамі: першае падабаецца Святлане, у другім яе мама – майстрыха… Вельмі добра сядзець за сталом сонечнай і ўтульнай кухні, гаварыць і слухаць, слухаць і гаварыць… І ўсё адно не паспяваеш сказаць усё, што хочацца. Ад’язджаеш – і хочацца вярнуцца. Па той простай прычыне, што табе рады!

Святлана жыве з бацькамі, але яны вельмі блізкія з сям’ёй сястры і часта сустракаюцца, наведваюцца адно да аднаго ў госці. Аднойчы летам нават ездзілі разам у Германію. У гэтай сям’і дружаць, любяць, таму Света не магла не напісаць кніжку пра любоў. Рана ці позна. І прысвяціла яе сваёй маме, якая любіць і падтрымлівае сваю малодшую, стаўшы яе рукамі і нагамі, а галоўнае – надзейным сябрам.

Кніга, ці 200 экземпляраў святла і надзеі

Так ужо выйшла, што Святлане часта сустракаліся дзіўныя, незвычайныя гісторыі кахання (першай была, напэўна, гісторыя яе бацькоў). Аднойчы адна з газет расказала пра сямейную пару з Піцера, дзе жонка была сур’ёзна хворая, а муж здаровы. Пра іх знаёмства, юнацкую дружбу, каханне і цяжкасці, пра іх цудоўную дачку. Света вырашыла напісаць кнігу і расказаць пра такія нефарматныя сем’і. Пра гэту  пару з Піцера. Пра дзяўчыну з халоднага сібірскага гарадка, якая з цяжкасцю паварочвае галаву, але, атрымаўшы вышэйшую адукацыю, піша, малюе і выйшла замуж за добрага чалавека ў Францыі. Пра хлопца-камп’ютаршчыка на калясцы, яго жонку і маленькую дачушку.

Канешне, знайсці выдаўца на нефармат цяжка, тым больш у час фінансавага крызісу: спачатку кнігу планавалі надрукаваць у выдавецтве “Здравствуй”, пасля ў іх узніклі праблемы – і выдавецтва павісла ў паветры. Тады Святлана вырашыла напісаць кнігу невялікім тыражом, з дапамогай сяброў і для сяброў. І размясціць яе ў Інтэрнэце.

200 экземпляраў святла і надзеі ад Святланы Маршчацкай – так можна было б яе праанансаваць. “Сіла кахання, ці Сыходжанне ў рай” – крыху пафасна і ў высокім стылі? Магчыма… Але! Гэта не зборнік казак. Аўтар адшукала  рэальных герояў, якія, нягледзячы на фізічныя абмежаванні, знайшлі сябе ў жыцці, прафесіі і каханні. І гэтаму ў іх варта павучыцца.

Што там, за гарызонтам?

Раніцай Света п’е моцную каву і плануе свой новы дзень. Спраў шмат, і яна стараецца ўсё паспець. У планах значыцца… Дапоўніць кнігу многімі цікавымі гісторыямі, адрэдагаваць і выдаць вялікім тыражом. Напісаць новую. Развіваць толькі што пачаты праект – сайт Erlobus, дзе кожны чалавек можа расказаць пра сваю мару і выканаць мару іншага чалавека. І з’ездзіць у Паўднёвую Афрыку да сяброў. Неабавязкова заўтра, але абавязкова – з’ездзіць!

А самае галоўнае – знайсці работу па спецыяльнасці, якая добра аплачвалася б. Каб жыць… Толькі для таго, каб добра працаваць, трэба зручна сядзець і мець магчымасць хоць крыху перамяшчацца ў прасторы, а ў Светы ўзнікла праблема са старэнькай каляскай. І ўпершыню ў жыцці яна не можа справіцца сама, без чыёйсьці дапамогі.

Святлана Маршчацкая:

“Я перастала хадзіць, калі мне не было яшчэ і пяці гадоў, у 11 перасела ў каляску, бо пераносіць мяне з месца на месца рабілася ўсё цяжэй. Гэта была звычайная дзіцячая прагулачная каляска, у якой я стала перамяшчацца і па кватэры. З часам бацька яе нарошчваў, таму што я расла. Такім чынам яна расла разам са мной. Магчыма, менавіта гэтым і тлумачыцца тое, што я да яе вельмі прывыкла.

Некалькі разоў сябры з розных краін прывозілі мне іншыя добрыя каляскі – я не магу ў іх сядзець. Праз неаднаразовыя няўдалыя спробы перасесці ў іншую каляску я зразумела, што мне можа падысці толькі спецыяльна распрацаваная і зробленая да міліметраў пад мяне. Знайшла фірму, якая менавіта такія каляскі робіць – у Германіі, Штутгарте. Я выйшла на сувязь з іх майстрам і многае даведалася – яны сапраўды робяць тое, што мне трэба. Але такія каляскі вельмі дарагія (больш за 10 000 тысяч долараў, дакладны кошт будзе вядомы пасля ўдакладнення ўсіх нюансаў). Кошт высокі ад строгай індывідуальнасці і матэрыялу – ён павінны быць лёгкім.

Асноўнай праявай майго захворвання з’яўляецца мышачная слабасць, яна прагрэсіруе. Скаліёз і кантрактуры – вынік гэтай слабасці. Адсюль індывідуальнае прывыканне да сваёй позы, да свайго ўмення рухацца. Мая актыўнасць на 90% залежыць ад каляскі. Мінімальныя змяненні сядзення, вышыні падлакотнікаў – і я ўжо не магу есці, пісаць, а доўгае сядзенне ператвараецца ў катаргу – баліць спіна, нямеюць ногі. А мне вельмі хочацца тварыць і рухацца”.

Калі ў вас ёсць магчымасць дапамагчы Свеце ў пакупцы каляскі, то звязацца з ёй можна па тэлефонах: мабільны +375 29 1129669, хатні +375 1773 90541, ICQ 403057549, Skype: erlobus.

Дар’я ЛІС.

Фота забяспечана Дар’яй ЛІС.