Норка падплыла амаль да самага майго берага, але з 3-4 метраў паспела, канешне ж, разабрацца, што перад ёй чалавек. Яна ўзяла накірунак у супрацьлеглы бок і схавалася там у сухой высокай траве.

Лістападаўскі дзень быў на рэдкасць сонечны, ды яшчэ з лёгкім марозікам. Па абедзе выехалі ва ўгоддзі з надзеяй падзівіцца на вялікага лася-рагача, які апошнімі днямі часта сустракаўся егеру на тым участку.

Рухаліся мы па асушаным балоце, парэзаным мноствам меліярацыйных канаў і канавак, уздоўж якіх праходзілі дарогі. Пакалясіўшы па іх каля гадзіны і нікога не сустрэўшы, спыніліся на невялікім узвышшы, з якога ў бінокль праглядвалася забалочаная мясцовасць ва ўсе бакі.

Побач праходзіла меліярацыйная канава, зарослая па берагах трыснягом і рэдкім рагозам. Раптам егер Аляксандр Саковіч заўважыў у метрах 50-ці ад нас нейкі рух на выступаючай пасярод канавы купіне. У бінокль я адразу ж вызначыў, што гэта норка. Не губляючы часу, хутка пайшоў па дарозе, што ўздоўж канавы. Праз некалькі хвілін я параўняўся са звярком. Прыгнуўся і пачаў падкрадвацца да самага краю канавы, каб можна было жывёліну разгледзець і сфатаграфаваць.

Норка. Добра схавалася.

Даведка “РГ”. Норкі – падрад жывёл роду шашкоў і ласак. Бываюць чатырох відаў: еўрапейская норка, амерыканская, горная інданезійская, марская. Амерыканская норка знешне падобная да еўрапейскай, адрозніваецца крыху большымі памерамі (даўжыня цела – да 50 сантыметраў, вага – да двух кілаграмаў, даўжыня хваста – 25 сантыметраў), плавальная перапонка менш развітая. Футра такое ж. Белага колеру толькі ніжняя губа, верх – таго ж колеру, што і галава.

Норка ўсё яшчэ заставалася сядзець на купіне. Хутчэй за ўсё, адпачывала і падсушвала футра. З уласнага вопыту ведаю, што яны часта выкарыстоўваюць такія месцы, каб перадыхнуць ці прыняць ежу, а таксама пакідаюць на іх свае пахучыя адмеціны.

Да норкі ўсяго 10 метраў. Прыглядваюся, бачу яе. І ў той жа час разумею, што расліннасць не дазволіць мне зрабіць добрае фота.

Тым часам вечарэе, лістападаўскае сонца чапляецца за голыя верхавіны дальняга лесу. Да канавы яго промні не дастаюць, але асвятлення для здымкаў мне яшчэ хапае. Цяпер застаецца галоўнае: выманіць норку на адкрытае месца? Успомніўшы, што харчуецца жывёліна не толькі рыбай і жабамі, спрабую прапішчаць мышыным піскам.

Норку ён зацікавіў. Тут жа на купіне пайшоў рух. Жывёліна  развярнулася ў мой бок і стала ўважліва прыслухоўвацца і прыглядвацца. Гэта была амерыканская норка. А вызначыў гэта па ніжняй губе звярка, якая была белага колеру, што з’яўляецца асноўнай характэрнай прыкметай. Расліннасць перашкаджала, але я ўсё ж зрабіў некалькі кадраў. Пасля прапішчаў яшчэ раз. Норка падышла да вады і спынілася, па-ранейшаму ўважліва слухала і лавіла гукі. Я ведаў, што яна адносіцца да самых цікаўных і смелых звяркоў. Быў нават выпадак, калі жывёліна, бегучы ўздоўж вадаёма, пераскочыла праз ногі чалавека, які сядзеў апусціўшы іх у ваду.

Прапішчаў яшчэ разок. Нервы ў норкі не вытрымалі, і яна паплыла ў мой бок. Адлегласць паміж намі скарачалася хутка. Аўтафокус фотаапарата ледзь паспяваў трымаць плывучую амерыканку ў рэзкасці. Чарот, што рос ўздоўж берага, закрываў яе. Але мне ўсё ж удавалася рабіць кадр за кадрам. Я ўжо не сачыў за іх якасцю. Вырашыў, што з гэтым буду разбірацца дома, пасля. І толькі фатаграфаваў, фатаграфаваў…

Норка ўвайшла ў ваду і паплыла.

Даведка “РГ”. На тэрыторыі СССР акліматызацыя амерыканскай норкі пачалася ў 1933 годзе. У Беларусі яе выпускалі на возеры Кромань у Стаўбцоўскім раёне, у вусці ракі Волка, пры яе ўпадзенні ў раку Заходняя Бярэзіна ў Іўеўскім раёне і інш. Усяго да 1952 года было выпушчана 12 акліматызаваных груп амерыканскай норкі, якія налічвалі 900 звяркоў.

Ва ўмовах Беларусі амерыканская норка аказалася жыццяздольным відам і за 30 гадоў з пачатку акліматызацыі яе колькасць узрасла ў 60 разоў.

Норка падплыла амаль да самага майго берага, але з 3-4 метраў паспела, канешне ж, разабрацца, што перад ёй чалавек. Яна ўзяла накірунак у супрацьлеглы бок і схавалася там у сухой высокай траве. Зайшоў уперад метраў на дзесяць і зноў стаў пішчаць мышкай. Неверагодна, але жывёліна  бегла па супрацьлеглым беразе ў мой бок, што добра было бачна па верхавінках травы, якая рухалася.

Яна паказалася ля самай вады. Акурат насупраць мяне. Хуценька ўвайшла ў яе і паплыла па самым цэнтры канавы. Я зноў пачаў здымаць, і калі норка параўнялася са мной – устаў і адкрыта пайшоў па дарозе, спрабуючы вылавіць яе аб’ектывам у чыстых прагалінах паміж трыснягом.

Норка, бачачы маё праследаванне, толькі павялічыла хуткасць, стараючыся адарвацца. І ёй гэта ўдалося. На канаве з’явіліся ледзяныя праталіны, па якіх яна перабежкамі адарвалася ад мяне. Ды я за ёй ужо асабліва і не бег, бо каля пяці добрых кадраў зрабіць усё ж паспеў.

Віктар КАЗЛОЎСКІ.

Фота аўтара.