Да канца года будаўнікі вілейскай ПМК-185 здадуць 80-кватэрны дом у новым мікрараёне горада. Суседні 40-кватэрны жыхары ўжо засялілі.

Планіроўка для Вілейкі новая, нязбітая, цікавая.

Пра мікрараён “Паўночны-2” у інтэрв’ю “РГ” расказала начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва Галіна Кажарновіч.

“Будуецца яшчэ і 60-кватэрны дом. Хацелася б, каб і яго здалі да канца года. Але хутчэй за ўсё будаўнікі не паспеюць”, – сказала яна.

Узводзіць дамы на “Паўночным-2” пачалі напрыканцы 2009 года. Цяпер там працуюць спецыялісты пераважна вілейскіх будаўнічых арганізацый – ПМК-185, ПМК-186, ПМК-195, іншыя.

Па словах Галіны Кажарновіч, у мікрараён ужо правялі газ, водаправод і каналізацыю. На 2011 год запланавана будаўніцтва яшчэ чатырох дамоў: двух 60-кватэрных і двух – на 40 кватэр.

Жыллёва-будаўнічыя кааператывы ў мікрараёне складаюцца з тых, хто стаіць у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў і атрыманне льготнага крэдыту. У Вілейцы гэта каля 1700 чалавек. Найбольшым попытам карыстаюцца адна- і двухпакаёвыя кватэры.

Паводле праекта ў “Паўночным-2” будзе 21 дом – усе пяціпавярховыя, цагляныя. “Планіроўка для Вілейкі новая, нязбітая, цікавая. Яе апрабавалі на Магілёўскай вобласці. У нас такой раней не было”, – адзначыла Галіна Кажарновіч.

Праект прадугледжвае ў “Паўночным-2” будаўніцтва і сацыяльнай інфраструктуры. У прыватнасці двух дзіцячых садоў, школы, магазіна. Як патлумачылі ў аддзеле адукацыі Вілейскага райвыканкама, СШ №5, што знаходзіцца непадалёк, з нагрузкай пакуль спраўляецца. А вось сад сапраўды патрэбны. І чым хутчэй ён з’явіцца, тым лепш: цяпер увесь той раён абслугоўвае адна дашкольная ўстанова – №5.

Забудову “Паўночнага-2” плануецца завяршыць да 2013 года. Але на выкананне планаў уплывае шмат фактараў. “Калі захаваюцца цяперашнія тэмпы будаўніцтва, то да 2013 года мікрараён забудуюць. Цяпер усе сродкі ідуць на будаўніцтва жылля. Пляцоўкі для садоў, школы зарэзерваваныя, і сацыяльныя аб’екты ў мікрараёне, безумоўна, будуць”, – адзначыў у інтэрв’ю “РГ” намеснік старшыні райвыканкама па будаўніцтве Аляксандр Сталыга.

Святлана ЦІШКО.

Фота Ігара МАРОЗА.