Зоф’я Таргонская жыве на хутары Раманішкі. Тут няма, і ніколі не было, вады. Сюды ніколі не пракладвалі асфальтавых дарог і тэлефоннага кабелю. Але сваю хату, якая стаіць у акружэнні дрэў на ўзгорку, яна не памяняе на самую добрую сядзібу ў вёсцы. Там не будзе прастору. А значыць – і песень.

Колькі сябе Зоф’я памятае – столькі спявае. Пятнаццаць гадоў было, як пайшла працаваць на ферму даяркай. Будынак дрэнны, праца цяжкая, а яна зацягне песню ды з вёдрамі да рэчкі за вадой. “Уяўляеце, што б цяпер сказалі людзі, калі б пачулі, што даяркі на ферме пяюць? Няйнакш бы міліцыю выклікалі, – разважае жанчына. – А тады мода такая была, ці што. Жне народ, прадзе, сена сушыць – абавязкова з песняй”.

Хутаранка

Са сваім будучым мужам яны разам хадзілі ў школу. Там і пазнаёміліся. Зоф’я дзеўка была спраўная. Усё ўмела: кросны ткаць, шыць, вязаць, хлеб пячы. За што ні бралася, усё гарэла ў яе руках. “Можа, каб хто крышачку падштурхнуў, дапамог, дык і вывучылася б я, – разважае жанчына. – А то ж не было за кім, ды і грошай не ставала”.

Пасля вяселле яна перабралася з Трокенікаў да мужавых бацькоў на хутар Раманішкі. Часлаў працаваў механізатарам у калгасе, маладая жонка – даяркай. Жылі ў асноўным з уласнай гаспадаркі. Бо ў калгасе даводзілася гнуць спіну за працадні, на якія ў канцы года давалі збожжа. Ды і на колькі яго хапала! Таму садзілі шмат бульбы, буракоў, капусты, сеялі жыта, трымалі немалую гаспадарку. “Нялёгка было, — успамінае жанчына, – але мы неяк асабліва не гаравалі. Вечарам стомішся, ледзь ногі да ложка дацягнеш. А раніцай устанеш – як новенькі”.

Часлаў Таргонскі з сабакам Буржуем.

На ферме, дзе працавала Зоф’я, умоў для работы не было ніякіх. Кароў кармілі і даілі ўручную, пры запаленых ліхтарах. Паіць ганялі да рэчкі. “У 1952 годзе калгасам кіраваў Уладзімір Сідарэнка, – расказвае Зоф’я Таргонская, – нядрэнны чалавек быў, пра людзей клапаціўся. А як песні любіў! Прыйдзе на ферму, просіць: “Ну, дзеўкі, зацягніце якую! А мы рады старацца. Спяваем – аж сцены дрыжаць”.

Часта выязджалі з канцэртамі. Рэпеціраваць часу асабліва не было, але яны ж ужо былі спеўшыся. Кожны дзень на рабоце “гурток” мастацкай самадзейнасці працаваў. “Бывала, кароў раней падоім, укулімся ў машыну, і з канцэртам у іншую вёску едзем, – успамінае жанчына. – Выступалі ў Карвелях, Газе, Астраўцы. Нават зімой у 30-градусны мароз ніхто на холад, нягледзячы на тое, што машына была грузавая, не скардзіўся”.

Таргонскія – людзі рабочыя

Тым часам гады ішлі, сям’я расла. У Зоф’і і Часлава нарадзілася чацвёра дзяцей: два сыны і дзве дачкі. Яны паціху сталі адмаўляцца ад канцэртаў і выступленняў. Дзе таго часу возьмеш, калі гэткая сям’я вялікая. І на ўсіх трэба наварыць, за ўсімі прыбраць, памыць.

Пад адным дахам удзевяцёх (разам з імі акрамя бацькоў жыў яшчэ і мужаў брат-інвалід) было мо, калі і цеснавата. Але не сварыліся. Разумелі адно аднаго, часам саступалі. Стараліся, каб заўсёды быў кавалак хлеба на стале, у дзяцей – адзенне і абутак.

У святы абавязкова збіраліся ўсёй раднёй. Канешне ж, спявалі. І тут ужо не было Зоф’і роўных. А як частушкамі сыпала. Госці за жываты хапаліся, калі гаспадыня пачынала спяваць пра старшыню і брыгадзіра альбо калгасныя парадкі. І калі яна казала, што ўсё гэта чула калісьці ад сваёй маці, якая таксама любіла спяваць, не верылі. Вельмі ж ужо той брыгадзір быў падобны на іхняга, мясцовага.

“А вам ніколі не хацелася пераехаць з хутара ў вёску?” – пытаюся ў жанчыны. “Ды не, – смяецца яна. – Тут жа такі прастор. Ды і зямля наша, купленая калісьці яшчэ мужавымі бацькамі, побач. Прыраслі мы да яе. Нашы дзеці таксама. Ніхто з сыноў не паехаў шукаць у горад лепшага жыцця. Як і бацька, працуюць трактарыстамі”. Вырошчваюць хлеб і ўнукі Таргонскіх. Усе яны – асноўныя бабуліны памочнікі. Не было дня, каб хто-небудзь не зазірнуў на хутар. Калі дапамагчы, калі проста праведаць альбо прывезці вады.

Раманішкі – хутар без вады

На хутары, дзе жыве наша гераіня, няма вады. Некалі на ўсякія патрэбы яе насілі з рэчкі. Цяпер дастаўляюць сыны і ўнукі. У двары ля хлявоў стаіць вялікая бочка. Прывязуць яе поўненькую, надоўга хапае: і для гаспадарчых патрэб, і для лазні, якую час ад часу паляць, каб памыцца.

У двары ля хлявоў стаіць вялікая бочка.

Непадалёк навязаная карова. Гаспадары прызнаюцца, што з ёй мо, і нялёгка. Але ж і сабе кубак малака, і слоік смятаны ёсць, і дзеці час ад часу бяруць. Не набегаешся ж за ўсім у магазін.

Зоф’я кажа, што ў вёску яны ходзяць рэдка. У асноўным па пенсію ды ў магазін, каб тое-сёе купіць. А пра навіны даведваюцца ад дзяцей ды з тэлевізара. Праўда, паказвае ён не ахці. Ловіць толькі некалькі каналаў.

Тэлефона ў Таргонскіх таксама няма. Ды яны без яго асабліва і не сумуюць. Адмовіліся і ад мабільнай сувязі. “Навошта ўсё гэта, – разважае гаспадыня, – здарыцца што, можна ў вёску схадзіць. Пражывём і без гэтага глупства”.

Зоф’я, а ёй ужо за семдзесят, усё яшчэ спрытная. “Муж мой вунь занямог, – скардзіцца жанчына. – Ногі баляць. А некалі ж адным з лепшых механізатараў у калгасе быў. Хвалілі яго, прэміі і граматы давалі. А як паляванне любіў!”

“Вы ўсё яшчэ спяваеце?” – пытаюся ў жанчыны. “Рэдка, – прызнаецца яна. – Пакуль на пенсію пайсці, я ў мастацкай самадзейнасці ўдзельнічала. Хадзіла ў клуб на спеўкі. Ды калі гэта было. А цяпер бывае калі-небудзь дома на свята сваіх павесялю ці ў градах корпаючыся заспяваю”.

Таргонскія, як і раней, садзяць бульбу, агарод. Кажуць, што расце ў іх усё добра. Нават капустка, на якую сёлета неўраджай, не падвяла. А яшчэ ў іх вельмі вялікі сад. Такі, што і вокам не акінуць.

Прама за ім пачынаецца лясок. “Па грыбы мы вунь туды ходзім, – паказвае жанчына ў яго бок рукой. Сёлета таксама і наеліся, і на зіму намарынавалі. Захочаш, усё будзеш мець. Галоўнае – не лянуйся!”

Гаспадары праводзяць нас да машыны. Разам з ім крок у крок ідзе вялізазны сабака Буржуй. Яшчэ раз аглядаем хутар, любуемся прыгажосцю прыроды і веліччу дуба, што расце амаль насупраць дома. “Восенню прыгожа, – разважае гаспадыня, – але вы вясной яшчэ прыедзьце, як чаромха зацвіце. Пах у нас тут тады такі – што не надыхаешся”.

Марына СЛІЖ.

Зоф’я Францаўна Таргонская для нас ўсё ж паспявала. Аўдыёзапіс можна пачуць тут: