Капітан футбольнага клуба “Маладзечна” Сяргей Дараховіч, маючы спецыяльнасць футбольнага трэнера, грошы для сям’і зарабляе не футболам. Але наш капітан марыць аб тым, што калі-небудзь у Маладзечне футбаліст зможа зарабляць на жыццё сваёй прафесіяй.
Даведка “РГ”. Сяргей Дараховіч. Нарадзіўся 16 чэрвеня 1979 года ў Маладзечне. Скончыў сярэднюю школу №5, потым – прафесійна-тэхнічнае вучылішча №21, затым – Смаленскі дзяржаўны інстытут фізічнай культуры па спецыяльнасці “трэнер па футболе”. Футболам займаўся з сямі гадоў у маладзечанскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе. Першы трэнер – Аляксандр Гармаза. Гуляў у футбольных клубах “Маладзечна-96”, “Забудова” (Чысць), “Маладзечна”, “Смаргонь”. Ад 2007 года зноў гуляе за “Маладзечна”. Цяпер – капітан каманды. Жанаты. Гадуе шасцігадовага сына Андрэя.
Капітан “Маладзечна” – у справе. Дараховіч атакуе вароты саперніка.
Сёння Сяргей Дараховіч – госць нумара “Рэгіянальнай газеты”.
– Сяргей , дзе праходзіла дзяцінства? Як трапіў у футбол?
– Жыў з бацькамі і старэйшым братам каля футбольнага стадыёна дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы. Брат Анатоль, які старэйшы за мяне на сем гадоў, тады займаўся футболам. Мы, малыя хлопцы, пастаянна хадзілі на стадыён. Таму тое, што пачаў займацца і я, – заканамернасць. У гэты від спорту мяне ніхто за ручку не прыводзіў. Калі пайшоў у першы клас, сам прыйшоў у спартшколу і запісаўся ў футбольную секцыю. Было вялікае жаданне стаць футбалістам. І ад таго часу да сённяшняга дня ўсё маё жыццё – футбол.
– Але ёсць жа яшчэ і сям’я…
– Мая сям’я – гэта жонка Алеся і сын Андрэй. Яму шэсць гадоў. Сёлета пайшоў у першы клас. Жывём пакуль у маёй мамы, але хутка збіраемся абзавесціся ўласным жыллём.
– З Алесяй дзе пазнаёміліся?
– У бабулі на канікулах.
– На якіх канікулах?
– На школьных, вядома. Мне гадоў 16 было тады, ёй – 15. Я да сваёй бабулі прыязджаў у вёску Мойсічы, а яна там жыла ў сваёй. У Хажова быў клуб. Там і пазнаёміліся. Сустракаліся доўга. Пажаніліся праз сем гадоў пасля знаёмства.
Удзячныя фанаты дзякуюць свайму любімцу за вернасць ФК “Маладзечна”.
– А жонка дзе працуе?
– У букмекерскай канторы. Таксама звязаная са спортам.
– Цяпер у “Маладзечне” ты гуляеш на пазіцыі паўабаронцы пад нападаючымі. На якіх пазіцыях яшчэ даводзілася гуляць?
– Яшчэ гуляў на пазіцыі апорнага паўабаронцы.
Сяргей Дараховіч.
– А на якой з іх падабаецца больш?
– Раней больш падабалася апорнага, цяпер – пад нападаючымі. Апорны паўабаронца – такая пазіцыя, дзе прыходзіцца бегаць, насіцца, мячы літаральна “выгрызаць” у праціўніка, займацца чарнавой работай. Пад нападаючымі працуеш больш на стварэнне галявых момантаў сваёй каманды, чым на разбурэнне атак саперніка.
Сяргей Дараховіч (злева) абыграе саперніка!
– Сумесная праца з цяперашнім галоўным трэнерам Аляксандрам Гармазой у цябе ад самага дзяцінства. Бо ён быў тваім першым трэнерам. А як з трэнерам Віталем Казяком?
– Калі я, малады, першы раз прыйшоў у “Маладзечна”, ён яшчэ гуляў у камандзе. Потым у першай лізе быў у нас галоўным трэнерам. Таму з абодвума гэтымі спецыялістамі ў мяне даўнія добрыя адносіны.
– Сына яшчэ не аддаў у футбольную школу?
– Планую, але яшчэ ранавата. У красавіку Андрэю будзе сем гадоў. Магчыма, тады і аддам.
– Тата ў Андрэя строгі?
– Бываю строгім. Лічу, што выхоўваць трэба хлопчыка цяпер. Пасля ўжо не перавыхаваеш. Але жонка не дае быць занадта строгім. Заступаецца за малога.
– Ці цяжка пераходзіць моладзі з дзіцячага футбола ў дарослы? Чым адрозніваецца дзіцячы футбол ад дарослага?
– Дарослы футбол больш жорсткі. Няма такога, што, атрымаўшы мяч, ты можаш і траіх, і чацвярых абыграць. Тут усё па-іншаму. Сапернік не даруе лішніх рухаў.
Усё павінна быць вельмі хутка – прыняў мяч, аддаў перадачу, адкрыўся для перадачы сам. Маладыя ж, паглядзеўшы па тэлевізары на вядомых футбалістаў, пачынаюць рабіць нейкія непатрэбныя фінты і ў выніку губляюць мяч. Да таго ж, часта баяцца адказнасці, баяцца памыліцца. Даводзіцца ім дапамагаць адчуць у сябе ўпэўненасць.
– Сяргей, цяпер ты – капітан каманды. Якія функцыі ў капітана каманды на полі?
– Сяброўская падказка партнёрам (з усмешкай).
– У жорсткай форме?
– Здараецца, што і ў жорсткай.
– Але капітан, адзіны з каманды, хто мае права на размовы з суддзёй?
– Па-мойму, у другой лізе з суддзямі ўсе размаўляюць, калі нервы не вытрымліваюць. Таму што суддзі тут маладыя. Хаця ў капітана, канешне, на гэта больш паўнамоцтваў.
– Ты кажаш, што футбол для цябе не захапленне, а работа і жыццё. У такім выпадку, якія ёсць захапленні?
– Рыбалка.
– Дзе рыбачыш?
– Паўсюль, дзе рыба клюе. Не буду ж я выдаваць рыбныя месцы. Скажу толькі, што летам лаўлю карася і карпа. Зімой – плотку і падлешчыка.
– Колькі гадзін у суткі спіш?
Нармальна сплю, як большасць людзей. Ад адзінаццаці гадзін вечара да сямі раніцы.
– А з кім сябруеш?
– З партнёрамі па камандзе Аляксандрам Грыхуцікам, Віталём Макрыцкім, Сяргеем Драздом. Адносіны ў нас не толькі футбольныя. Мы ўсе сябруем і за межамі футбольнага поля, падтрымліваем адзін аднаго. Хаця пасябравалі мы, канешне, дзякуючы футболу.
– Вы ж усе аднаго ўзросту?
– Я на год старэйшы за Грыхуціка і Макрыцкага, за Дразда – на чатыры гады. А футболам яшчэ са спартшколы займаемся разам.
– Давай пагаворым пра твой непераход у “Гарадзею” ў пачатку сезона. Хадзілі чуткі, што ты ўжо перайшоў. І раптам – выходзіш на поле ў форме “Маладзечна”… Запрашэнне ж было з “Гарадзеі”?
– Канешне, было. Трэнеры гэтай каманды звязаліся са мной, запрасілі і далі час падумаць. А ў нас якраз былі затрымкі ў выплаце за харчаванне. У пятніцу прыйшлі на стадыён. Нам кажуць: грошай няма. Я са злосці званю ў “Гарадзею” і кажу, што згодны, пераходжу.
У сераду трэба было ехаць у Гарадзею. У выхадныя я многа думаю, перажываю. Ведаеш, такая хваля нахлынула… І раптам разумею, што я дамашні чалавек, маладзечанскі, і не трэба мне ніякая Гарадзея.
Званю туды, прашу прабачэння. Была сярэдзіна месяца, а кіраўніцтва клуба мне абяцае нават зарплату заплаціць за поўны месяц, абы перайшоў, пытаюцца для гэта пашпартныя дадзеныя. Усё адно адмовіўся. (З усмешкай): не ведаю, можа, там падумалі, што ў Маладзечне мне больш грошай далі.
– А якую зарплату ў Гарадзеі абяцалі?
– Ды які сэнс пра гэта цяпер гаварыць? Думаю, там футбаліст за месяц атрымлівае каля двух мільёнаў рублёў зарплаты, плюс прэміяльныя за перамогу каля 600-700 тысяч. Вось і лічы.
– Прыемна было, калі пасля твайго рашэння застацца фанаты на дамашняй гульні са “Жлобінам” на сваім сектары вывесілі расцяжку з надпісам “Дзякуй, Дорык”?
– Не трэба гэтага было рабіць. Я чалавек сціплы і нават саромеюся такой пільнай увагі да сябе.
– Не сакрэт, што каманда ў нас аматарская і футбалісты маюць асноўную работу. Дзе працуеш ты?
– Цяпер працую рабочым на чыгунцы. Ужо паўтара месяца. Перад гэтым працаваў у спартыўным клубе “Агеньчык”. На чыгунку пайшоў, бо там зарплата большая. Працуем усе разам – я, Грыхуцік, Макрыцкі, Дзіма Касцюк. Калі разам адпраўляюць на адзін участак, разам і дамоў вяртаемся. А на рабоце – усё, што трэба для рабацягі: кірзавыя боты, рыдлёўкі, ламы, сякеры.
– Што бліжэй да сэрца – футбол ці чыгунка – пытацца нават не трэба?
– Якая чыгунка?! Я табе так скажу: футбол – маё жыццё і мая мара. Але ў гэтым футбольным жыцці ад 1997 года мы з хлопцамі ўвесь час былі ў бядоце. І калі гулялі ў вышэйшай лізе, і калі з яе выляталі, і цяпер. Увесь час змагаліся за выжыванне.
Толькі тады, калі ў “Смаргонь” прыйшоў у 2003 годзе, адчуў, што такое адносіны кіраўніцтва горада да каманды. Тады і грошай крыху падзарабіў. Чыгунка ж цяпер мне для таго, каб пайсці на работу, дзень адпрацаваць і прынесці ў сям’ю нейкі мільён рублёў.
– Хто ў доме гаспадар?
– Мы пароўну размяркоўваем сямейныя абавязкі.
– Ты мыеш бялізну, яна варыць есці ці наадварот?
– Бялізну мые пральная машына. А есці варыць жонка.
– Любімая страва. Што любіш есці?
– Я не пераборлівы. Есці магу ўсё.
– Ну, калі ўспомніў “Смаргонь”, раскажы крыху, як было там.
– Здавалася б, і гарадок невялічкі. 36 тысяч насельніцтва, а грошы футбалістам тады плацілі нядрэнныя. У першай лізе выйгравалі ва ўсіх. Першы год, калі выйшлі ў вышэйшую лігу, перамагалі ў барысаўскага БАТЭ, у “Нёмана”. За перамогу над БАТЭ плацілі 1000 долараў ЗША прэміяльных. Уяўляеш?
Але ўсё адно, я хачу звязаць свой лёс з футболам у Маладзечне. Няхай сабе, я нічога ў гэтым горадзе не выйграў як футбаліст, мару пра тое, што яшчэ змагу нечага істотнага дасягнуць як трэнер ці адміністратар каманды.
Мару, каб каманда выйшла ў вышэйшую лігу і нармальна там выступала. І каб стадыён быў забіты пад завязку, а балельшчыкі, як раней, нават з даху басейна глядзелі гульню.
Скажу шчыра: каб цяпер з’явілася добрая перспектыва ў каманды і магчымасць за нармальную зарплату працаваць у адміністрацыі клуба, я б павесіў буцы на цвік і завяршыў кар’еру футбаліста. Толькі вось ці наступяць такія часы?..
– Чаго не хапае ў жыцці Сяргею Дараховічу?
– У жыцці хапае ўсяго. Галоўнае, дзякуй Богу, усё ў парадку ў сям’і. Не ўсяго хапае ў футбольным жыцці. Не хапае моцнага клуба “Маладзечна” ўзроўню вышэйшай лігі. Гэта і ёсць галоўны мой клопат.
– Раскажы, калі ласка, пра цяперашні стан футбольнага клуба “Маладзечна”. За гэтыя тры сезоны, у якія камандай кіруюць Гармаза з Казяком, што змянілася? Каманда знаходзіцца на тым жа ўзроўні, што і тры гады назад, ці развіваецца?
– Гульня маёй каманды мне падабаецца, значыць, напэўна, мы не стаім на месцы. Стараемся гуляць у камбінацыйны футбол, кароткі пас, кантраляваць мяч. Тактыка не такая, што “бі – бяжы”. Хаця, можа, у такі футбол, які прапагандуе “Маладзечна”, цяжкавата гуляць маладым футбалістам. Але мы, ветэраны, стараемся ім дапамагаць.
Што тычыцца развіцця клуба, то адбіваецца, канешне, дрэннае фінансаванне. І ў такой сітуацыі аб якім развіцці можа ісці гаворка? Маладыя шукаюць больш выгадныя прапановы ад іншых клубаў і з’язджаюць з Маладзечна.
– З’язджаюць бо не бачаць тут перспектывы?
– Ну дык а як? На сённяшні дзень у Маладзечне ў іх няма аніякай перспектывы. Я ўспамінаю сваё дзяцінства, юнацтва. Калі гуляла ці трэніравалася наша асноўная каманда, мы прыходзілі на стадыён, з задавальненнем падавалі футбалістам мячы і марылі калі-небудзь трапіць у гэту каманду. А да чаго цяпер дзецям імкнуцца? Куды марыць трапіць?
– Хочаш сказаць, што гэта бачаць не толькі выпускнікі спартшколы, але і малыя дзеці, якія толькі пачынаюць займацца футболам?
– А чаму яны не будуць бачыць? Яны ж прыходзяць на нашы гульні, так, як некалі і мы, падаюць мячы. І хлопчыкі разумеюць: так, каманда ёсць, яна гуляе. Але ж гэта ўзровень усяго толькі другой лігі.
Я лічу, што такі ўзровень – для хлопцаў 1992-1993 гадоў нараджэння, каб яны маглі тут гуляць з мэтай трапіць у асноўную каманду, якая павінна выступаць калі ўжо не ў вышэйшай, то прынамсі ў першай лізе. Упэўнены: такі горад, як Маладзечна, павінны быць прадстаўлены ў больш высокім футбольным дывізіёне.
– Чаго ў жыцці з лішкам?
– Такога, бадай, і няма.
– Пасля прыходу новага кіраўніцтва Маладзечанскага раёна што-небудзь змянілася ў фінансавым становішчы клуба?
– Пакуль не, але тое, што новы старшыня райвыканкама Фёдар Дамаценка наведвае дамашнія матчы каманды, усяляе надзею на лепшае. Два папярэднія старшыні на футбол не хадзілі.
– Што б ты хацеў пажадаць балельшчыкам “Маладзечна”, чытачам “Рэгіянальнай газеты”, жыхарам нашага горада?
– Жадаю, каб балельшчыкі хадзілі на футбол, падтрымлівалі сваю каманду. Чытачам газеты і жыхарам горада – здароўя. Будзем здаровыя – будзе ў нас усё добра.
Гутарыў Сяргей ЗЯНЬКО.
Фота з архіва “РГ”.