Дні яўрэйскай культуры прайшлі ў цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Багдановіча 22-24 лістапада.

На пачатку імпрэзы адбылося адкрыццё выставы “Іерусалім” ізраільскага мастака Андрыяна Жудро, які нарадзіўся ў Баранавічах. Большасць яго работ на біблейскую і прыродную тэматыку. Працы вельмі выразныя, багатыя на колеры.

Пазнаёміўшыся з карцінамі мастака, прысутныя слухалі яўрэйскую музыку ў выкананні навучэнцаў музычнага вучылішча імя Міхала Клеафаса Агінскага і кіраўніка ансамбля “Пацешкі” Міхаіла Таўгеня. Пасля госці сустрэчы мелі магчымасць паглядзець гістарычны фільм яўрэйскага рэжысёра Роберта Маркарэлі “Эмісар: Біблейская эпоха”. Супрацоўнікі культурна-інфармацыйнага цэнтра пры пасольстве дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь спецыяльна да правядзення мерапрыемстваў падарылі бібліятэцы літаратуру і электронныя дакументы.

На другі дзень прысутныя праслухалі лекцыю “Яўрэі ў Беларусі” дырэктара музея культуры і гісторыі яўрэяў у Беларусі Іны Герасімавай і пазнаёміліся з цікавымі дакументальнымі фільмамі на гэту тэматыку.

“Круглы стол” “Шалом, Ізраіль!” завяршыў дні яўрэйскай культуры. Сабраліся тыя, хто бываў у Ізраілі, хто жыў з яўрэямі. Яны расказвалі пра гэтую цудоўную краіну, яўрэйскія традыцыі, звычаі, сваё жыццё за мяжой, дзяліліся сваімі ўражаннямі. У ходзе сустрэчы можна было пакаштаваць нацыянальныя яўрэйскія стравы і запісаць рэцэпты, убачыць нацыянальны касцюм, паслухаць нацыянальную музыку.

– Мы яўрэйскія сыны беларускага народа, – некалькі разоў паўтарыў на сустрэчы старшыня іўдзейскай рэлігійнай абшчыны “Відуй” Золя Сіроткін.

І сапраўды, многія яўрэі сталі беларускімі сынамі. Ужо каля шасці вякоў Беларусь з’яўляецца для іх другой радзімай. Два народы шмат гадоў жывуць побач. Пераплятаюцца іх жыцці, лёсы, культуры, перасякаюцца біяграфіі. Яўрэйская нацыя доўга цярпела знявагі, ганьбу, напакутавалася ў час другой сусветнай вайны ў гета.

Многія беларусы шкадавалі і падтрымлівалі зняважаных людзей. На нашай радзіме шмат узнагароджаных, якія, рызыкуючы сваім жыццём, ратавалі яўрэяў і дапамагалі ім.

Менавіта з беларускіх яўрэяў паходзяць знакаміты мастак Марк Шагал, які нарадзіўся ў Віцебску, прэзідэнт Ізраіля, лаўрэат Нобелеўскай прэміі Шымон Перас з вёскі Вішнева Валожынскага раёна, сёмы прэм’ер-міністр Ізраіля, лаўрэат Нобелеўскай прэміі Менахем Бегін і шмат іншых вядомых дзеячаў.

Гэта ўнікальная нацыя ўсяго дасягнула сама. Што і казаць, калі маладая краіна яўрэяў Ізраіль, якой няма і 100 гадоў, – адна з першых у свеце ў галіне медыцыны. Ды і наогул, у яўрэйскага народа трэба было б павучыцца іх ціхай цярпімасці, бязмежнай талерантасці, стойкай упартасці.  Аб гэтым і шмат іншым можна было даведацца ў рамках дзён яўрэйскай культуры, што прайшлі ў маладзечанскай бібліятэцы.