Усё жыццё ён устае раней за сонца. Каб паспець, пакуль тое яшчэ спіць, заехаць у лес і зліцца з прыродай. Гэты чалавек з дзяцінства ведае павадкі ўсіх птушак і жывёл. Можа імітаваць іх галасы.
Сям’я Казлоўскіх жыве ў вёсцы Хаценчыцы Вілейскага раёна. Віктар і Святлана з дзецьмі Уладзімірам і Ліляй.
Пасля ўдалага палявання. Віктар Казлоўскі на пярэднім плане ў белым камбінезоне.
Лавіся, рыбка. Віктар Казлоўскі на рыбалцы.
Ліля і Вова – двайняты. Дачка была мамінай памочніцай. Сына бацька на паляванне пачаў браць з трох гадоў.
Фота школьнай пары. Віктар корміць з рук снегіра.
А яшчэ разводзіць пчол, ездзіць па ўсёй Беларусі ў пошуках цікавых фотакадраў, арганізоўвае персанальныя выставы, вядзе ў “РГ” рубрыку “Дзікая прырода”.
І гэта яшчэ далёка не ўсё, што ўмее, ведае і чым цікавіцца наш госць – Віктар Казлоўскі…
– Віктар Іосіфавіч, фатографаў, якія б здымалі дзікую прыроду, не так ужо і шмат. З чаго ўсё пачалося?
– Любоў да прыроды ў мяне з дзяцінства. Яшчэ школьнікам уставаў ледзь свет, садзіўся на веласіпед і ехаў за пяць кіламетраў у бліжэйшы лес. Хацелася паглядзець, як абуджаецца ўсё жывое. Пасля, дзесьці каля васьмі гадзін, вяртаўся дадому і ішоў на ўрокі.
– Бацькі падзялялі ваша захапленне ці ўсё ж казалі: “Сыночак, куды ты так рана, лепш бы паспаў?”
– Бацькі мае людзі працы. Тата быў электразваршчыкам, мама працавала тэхнічкай у школе. Ім было галоўнае, каб я не рабіў нічога благога. Яны не хвалілі, але і не перашкаджалі.
– Дык ад каго тады любоў да прыроды?
– Любоў да ўсяго жывога прыйшла сама па сабе. Сваю справу зрабілі і розныя спецыялізаваныя выданні. У пару школьнага дзяцінства вельмі папулярнымі былі часопісы “Юны натураліст”, “Родная прырода”. Я заўсёды іх выпісваў, з нецярпеннем чакаў чарговага нумара. У 1980 годзе, тады быў у дзявятым класе, адзін з маіх фотаздымкаў надрукавалі ў часопісе “Юны натураліст”. Гэта быў велізарны стымул. Нават сёння памятаю, як называлася тая работа, – “Сава вылятае на паляванне”.
Наша школа, а жыў і вучыўся я ў вёсцы Інгура, што ў Гродзенскай вобласці, была ў той час вельмі вядомая. Памятаеце гульню “Спартландыя”? Гэта інгураўскія дзеці перамаглі ўсіх у рэспубліцы і спаборнічалі са школьнікамі Грузіі, Масквы. А пасля ў нас паднялі яшчэ і школьнае лясніцтва. І са сваімі вынікамі дайшлі да выставы народных дасягненняў ў Маскве. Там і экспанаваўся альбом з маімі фотаздымкамі.
– У інстытут школьнік з Інгуры паступіў лёгка?
– Пасля школы я абраў для сябе Беларускі тэхналагічны інстытут. Дакументы аддаў на факультэт лясной гаспадаркі. У іншай прафесіі сябе проста не бачыў. Бо бясконца любіў прыроду і лес.
Яшчэ вучнем закончыў Беларускую малую лясную завочную акадэмію пры станцыі юных натуралістаў у Мінску. Гэта была свайго роду прафесійная арыентацыя школьнікаў. А самае цікавае, што летам нас вазілі на два тыдні на зборы ў Негарэлае. Там жылі разам са студэнтамі тэхналагічнага інстытута. Адзін з маіх добрых знаёмых з вёскі, ён на тры гады старэйшы, тады ўжо вучыўся на факультэце лясной гаспадаркі. Пагаварыўшы з ім, я яшчэ больш захварэў лесам.
У той час для выпускнікоў, у якіх сярэдні бал атэстата быў 4,5, мелася прывілея. Пры паступленні ў вышэйшую навучальную ўстанову яны здавалі толькі два экзамены. Сярэдні бал майго атэстата быў 4,8. Але ў ім завялася адна тройка. Таму давялося здаваць чатыры экзамены.
– І па якім жа прадмеце?
– Па беларускай мове.
– Не ведалі, дзе ставіць коскі?
– Ды не, усё нашмат прасцей. Дзесьці ў выпускных класах я пачаў пісаць невялічкія расказікі пра прыроду. Адзін, напісаны на беларускай мове, вырашыў паказаць завучу. Яна прачытала, сказала, што ўсё гэта я бессаромна спісаў, ды ўляпіла ў атэстат тры.
– А вы праз гады ёй “дзякуй” не перадалі?
– Навошта. Хаця, калі шчыра, крыўда тая жывая і сёння.
Першыя два экзамены я здаў на “5” і на “4”. Трэцім была хімія, якую ведаў вельмі добра. Памятаю, узяў білет, прачытаў і кажу: “Гатовы адказваць”. Мяне пасадзілі, сказалі, каб рыхтаваўся. Задача была вельмі складаная. Члены камісіі два разы зачытвалі, каб унікнуць у сутнасць. Пасля ўзялі маё рашэнне, паглядзелі і сказалі: “Табе трэба ісці ў хімічную ВНУ, а не ў тэхналагічную.
– На адкрыцці адной са сваіх выстаў у Вілейцы вы сказалі: “Каб купіць прафесійны фотаапарат, я прадаў трактар”. Як на гэта паглядзела сям’я?
– Трактар мой, дый усё (смяецца). А калі сур’ёзна, то тэхніка была мне не вельмі патрэбная. Калі працаваў у Вілейскім лясгасе ляснічым, наогул аддаваў трактар егеру і той працаваў на ім на дабрабыт лясгаса. Мы ў той час сеялі 27 кармавых участкаў для жывёлы. А гэта нялёгкая і марудная работа. Спачатку іх трэба было задыскаваць, пасля разараць, закультываваць, засеяць… Палі гэтыя мы пакідалі на корані. Для таго, каб жывёлы карміліся. Яны знаходзілі іх хутка. І нідзе ў іншых месцах не шукалі корму, не ішлі ў іншыя лясы. Гэта адзін са спосабаў інтэнсіўнага вядзення паляўнічай гаспадаркі.
– Як вы, ураджэнец Гродзенскай вобласці, трапілі ў Вілейку?
– Пасля заканчэння інстытута, а ішоў я па размеркаванні дзесьці ў другой дзясятцы, паехаў у Гродна. Яно зразумела, любы чалавек хоча быць бліжэй да радзімы, сваіх родных месцаў. Работы там мелася шмат, і мне яе паабяцалі. А вось з жыллём было туга. Дырэктар лясгаса так і сказаў: “Кватэрай не забяспечым”. Для мяне ў той час жыллёвае пытанне было вельмі важным. Жонка ўжо была цяжарная. І летам мы чакалі нараджэння першынца. Таму адмовіўся, сказаў, што буду шукаць месца, дзе паабяцаюць жыллё.
А ў час вучобы сябраваў я з хлопцам, які трапіў на работу ў Вілейку. Мы сустракаліся час ад часу, дзяліліся навінамі і праблемамі. Ён і падказаў, што ў Вілейскім лясніцтве ў вёсцы Хаценчыцы запланавана будаўніцтва жылога дома. А ў савецкія часы ж было так: калі ёсць план, значыць, будзе і жыллё.
Я паехаў у Вілейскі раён. І ў гэтым жа, 1986 годзе, мы з жонкай Святланай заклалі фундамент свайго дома. Праз год былі ўжо гатовыя сцены, а ў 1988 годзе справілі наваселле. Будаваліся гаспадарчым спосабам. Грошы выдзяляў лясгас, а я шукаў рабочых.
– Фотапаляванне – дарагое задавальненне?
– Канешне. Адзін фотаапарат, без аб’ектыва, прычым не самы дарагі, каштуе дзесьці дзве тысячы долараў ЗША. Аб’ектыў пацягне столькі ж. І гэта толькі пачатак. Бо аб’ектываў павінна быць некалькі.
Я здымаю па ўсёй Беларусі. Каб паехаць куды-небудзь, трэба машыну не толькі заправіць, але і прасачыць, каб была тэхнічна спраўная. А гэта таксама грошы. Дадайце да ўсяго гэтага яшчэ спецадзенне. Выйдзе не танна.
– Фатаграфія для вас хобі ці хлеб? Ці можна ёй зарабіць на жыццё?
– Апошнія тры гады яна дае вынікі. Я звольніўся з работы, стаў больш здымаць, ездзіць. Друкуюся ў часопісах, газетах, раблю свае выставы, удзельнічаю ў выданні календароў для розных арганізацый, лясгасаў. Гэта аплачваецца. Але каб зарабіць грошы, трэба вельмі шмат працаваць. І ўвесь час прафесійна расці. Добрае фота для часопіса зрабіць вельмі складана. І людзей, якія могуць яго прапанаваць, няшмат. У Беларусі ўсяго 2-3 чалавекі.
– Вашы фотасесіі шмат разоў праходзілі ў Прыпяцкім радыелагічным заказніку. Чым ён вас уразіў?
– Месца цікавае ў першую чаргу тым, што не мае антрапагеннага фактару. Людзі адтуль выехалі, засталася толькі ахова. Памяняў свой графік жыцця і звер. Яго можна ўбачыць, застаць і сфатаграфаваць у светлы час сутак. Калі ваўка зняць у нашых умовах амаль нерэальна, хіба што на паляванні ў сцяжках, то там гэту жывёліну бачылі сярод белага дня кожны раз. Іншая справа, што не кожны раз удавалася драпежнікаў зняць. Днём сустракалі і барсука, і янота. Бачылі, як кормяцца дзікі. Хаця ім там вельмі цяжка. Да канца зімы ваўкі паядаюць практычна ўвесь маладняк.
– Каб зрабіць добры фотаздымак, у засадзе трэба сядзець доўга?
– Цярпенне на гэта патрэбна жалезнае. Бывае, што дзеля аднаго кадра даводзіцца траціць трое сутак. І гэта яшчэ не факт, што ты сфатаграфуеш тое, што хочаш. Бывае, садзішся ў схованку з самай раніцы і знаходзішся там, пакуль не сцямнее. Калі цябе звер альбо птушка заўважаць, то назаўтра ні за што тут не з’явяцца. Арлан-белахвост, напрыклад, бачыць за 2 кіламетры.
– У вас ёсць фотаздымкі, якіх няма ў ніводнага фатографа?
– Ёсць, напэўна. І на кожны затрачаная неймаверная праца. Я нават ім раблю своеасаблівую праверку. Стаўлю на камп’ютары на рабочы стол. Калі фота там вісіць тыдзень, два, а то і месяц, значыць – удалося.
– Якая вам пара года падабаецца больш?
– Люблю вясну. Гэта канец сакавіка, красавік, май. Час, калі прырода толькі пачынае абуджацца і не так шмат зеляніны. Падабаецца восень, калі наступае пара вяселляў у ласёў і аленяў. Яны б’юцца, не так баяцца чалавека, абазначаюць сябе ў прыродзе. Іх можна падмануць, заманіць, зымітаваўшы гук падобны да саперніка.
– У кастрычніку “РГ” друкавала матэрыял пра норак. Там вы расказвалі, як пішчалі мышкай, каб выманіць жывёліну з чароту. Як вучацца мове звяроў і птушак?
– Ты адразу назіраеш за імі, слухаеш. А пасля вучышся “гаварыць”, як яны. Акрамя гэтага ёсць вельмі шмат паляўнічых манкоў, што прадаюцца ў магазіне для паляўнічых. Той жа самы на лісу, што пішчыць мышкай, там таксама можна купіць. Асабліва ён дапамагае зімой, калі на марозе мерзнуць вусны.
– Дзе вы праводзіце свой адпачынак?
– На прыродзе і дома. Добрае надвор’е – еду здымаць. Не – апрацоўваю фотаздымкі. І так адпачываю.
– Вы ўжо столькі гадоў займаецеся фатаграфіяй. Ведаеце звычкі звяроў, вывучылі іх лад жыцця. А можаце пасля ўсяго гэтага ўзяць ружжо?
– З ружжом я хаджу на качак ды на вальдшнэпа. А так толькі з фотаапаратам. Прыроду можна і трэба любіць. Але лічыць, што паляўнічыя – гэта забойцы, варвары, нельга. Усё ў прыродзе павінна быць пад кантролем. У апошнія гады, напрыклад, перасталі страляць ліс. І што з гэтага атрымалася? Яны размножыліся да такіх маштабаў, што спакойна ходзяць па вёсках, кусаюць людзей, сабак. Тое ж можа быць і з ваўкамі, іншымі жывёламі.
У Беларусі 100 тысяч паляўнічых. Яны ў першую чаргу – карыстальнікі прыроды. Мы ж таксама карыстаемся паветрам. І калі ім не дыхаць, то кіслароду будзе больш.
– Што прымушае чалавека ехаць за 300 кіламетраў, каб зрабіць фотаздымак?
– Магчыма, амбіцыі. Напрыклад, ты прывозіш на выставу фотаздымак, на якім сямейства ласёў. Ён цікавы, прыгожы. Але ты ведаеш, што можна сфатаграфаваць лася на каленях. Такіх фотаздымкаў, праўда, адзінкі. Але ты хочаш быць у ліку людзей, якія гэта бачылі і сфатаграфавалі. Вось гэта, напэўна, і прымушае. Здаровы, нармальны працэс стварэння новых фотаздымкаў, новых сустрэч з жывёламі.
– Каму першаму паказваеце свае фотаздымкі?
– Першым глядзіць сын, Уладзімір. Ён працуе ў Мінску, у Таварыстве паляўнічых і рыбаловаў старэйшым паляўніцтвазнаўцам. Ад трох гадоў ездзіць са мной на паляванні. Ведае ўсе іх віды. Звычайна, як толькі прыязджае дадому, адразу ж праглядае ўсе папкі з фотаздымкамі.
– Прыслухоўваецеся да парад?
– Канешне. Тым больш, што і сам ён бярэ ў апошні час у рукі фотаапарат, калі бацька заняты іншай справай. Хоча з часам купіць свой, каб таксама заняцца фатаграфіяй.
– Атрымліваецца, што сваіх дзяцей любоўю да прыроды вы ўсё ж заразілі?
– Атрымліваецца, так. Ездзілі мы ў верасні разам з сынам на фотапаляванне ў Магілёўскую вобласць. Ён там такія добрыя кадры зрабіў! Разам прынялі ўдзел у конкурсе фатографаў “Дзікая чарапаха”. На яго даслалі свае работы каля дзвюх тысяч фатографаў. Журы адабрала 353. Мы з сынам таксама выйшлі ў паўфінал.
– Ведаю, што ў вас ёсць яшчэ дачка.
– Дзеці ў мяне двайняты. Дачка Ліля працуе ў рэдакцыі аднаго з часопісаў. Яна таксама закончыла тэхналагічны інстытут, аддзяленне садова-паркавага будаўніцтва.
– А хто па прафесіі ваша жонка?
– З жонкай мы пазнаёміліся ў інстытуце. Яна маладзейшая за мяне на год. Па прафесіі – інжынер лясной гаспадаркі. Працуе ў лясніцтве бухгалтарам.
– У вас бывае дрэнны настрой?
– Я думаю, ва ўсіх ён бывае.
– Памятаеце крыўды?
– Ды не. (Смяецца). Я не злапамятны.
– А ціхае паляванне любіце?
– У гэтым годзе назбіралі і замарынавалі больш за 50 літраў грыбоў. Я люблю ўсе: баравікі, лісічкі, падасінавікі. Вельмі падабаюцца восеньскія апенькі. Наогул ведаю вельмі шмат грыбоў. Яшчэ ў школьныя гады купіў кніжку “Мікраміцэты”. З ёй ездзіў у лес вывучаць грыбы. Ведаеце, як называецца ўсім вядомая курачка? Каўпачок кольчаты.
– Фотаздымкі робіце, суправаджаеце іх тэкстамі. А вершы не спрабавалі пісаць?
– Гэта не маё. І я дакладна ведаю.
– Вы жаваранак ці сава?
– Летам, восенню, ды і вясной, я падымаюся за гадзіну да світання. Хаця вечарам таксама рана не кладуся. Калі ёсць работа, магу сядзець дапазна. Так што тут цяжка разабрацца, жаваранак я ці сава.
– Чаго вам больш за ўсё не хапае?
– Рэалізацыі сваіх ідэй.
– У вас ёсць любімае свята?
– Свята для мяне – гэта сустрэча з сябрамі і аднакурснікамі. Раней звычайна збіраліся зімой у мяне дома. Хлопцы прыязджалі з сем’ямі. Мы хадзілі на паляванне, жонкі гатавалі. Пасля доўга сядзелі разам за адным сталом. Гаварылі, успаміналі, радзіліся. Гэта для мяне і было святам.
– Ваш любімы пісьменнік?
– Васіль Быкаў. Так, як раскрывае характары ён, не раскрывае, на маю думку, ніхто.
– Што такое, на вашу думку, дабро, а што – зло?
– Зло – гэта падман. Вялікай колькасці людзей малым. Дабро – спачуванне адных людзей другім. І дапамога. За якую нічога не патрабуюць узамен.
– Вы памятаеце сваю першую настаўніцу?
– Канешне. Яе звалі Марыя Іванаўна Сычова.
– А гатаваць любіце?
– Які ж паляўнічы не ўмее гатаваць. Магу, калі трэба, падсмажыць мяса, зварыць шулюм.
– Шулюм? Гэта каша?
– Гэта паляўнічы суп. (Смяецца).
– Тады раскажыце нашым чытачам, як яго варыць?
– Бераце 20 літраў вады з рэчкі і вешаеце ёмістасць на агонь. Калі вада закіпіць, апускаеце туды рэбры дзіка, дадаяце розных спецый, крапівы, калі на дварэ не зіма, і варыце да таго часу, пакуль мяса не адстане ад касцей. Упрэе – атрымаецца шулюм. (Смяецца).
– А звычайны суп зварыце?
– Лёгка. Гэтаму я калісьці вучыўся ў бацькі, які ў суп заўсёды клаў двайную норму мяса, спецый, цыбулі. Яго суп я заўсёды любіў больш, чым мамін.
– Якая страва любімая?
– Дранікі. А яшчэ – галубцы.
– Акрамя фотапалявання, у вас ёсць яшчэ якое-небудзь хобі?
– У мяне дома 20 сем’яў пчол. З імі вельмі шмат работы. Але я люблю іх даглядаць, люблю назіраць за іх жыццём. Таму занятак гэты для мяне яшчэ і прыемны. Магу пахваліцца, што ўсяму навучыўся сам, па кнігах. І час ад часу кансультую вяскоўцаў.
– Што б вы пажадалі чытачам “Рэгіянальнай газеты”?
– Здароўя, шчасця, душэўнага спакою. Прыслухайцеся да сябе. Зразумейце, чаго вам у гэтым жыцці не хапае. Займіцеся любімай справай. І тады жыццё не будзе праходзіць міма.
Марына СЛІЖ.
Фота забяспечана Віктарам Казлоўскім.