Цеплавоз грузавога цягніка вечарам 24 лістапада на станцыі Уша ўдарыў у галаву 62-гадовага мужчыну, які стаяў па карачках паміж рэйкамі. Пенсіянер атрымаў закрытую чэрапна-мазгавую траўму, яго адвезлі ў рэанімацыю.

– Гэты чалавек у кашулі нарадзіўся, – сказаў у інтэрв’ю “РГ” начальнік лінейнага паста міліцыі па станцыі Уша Сяргей Бараноўскі. – Цяжка ўявіць такое: пабываць пад грузавым цягніком і застацца жывым.

Па словах Сяргея Бараноўскага, здарэнне адбылося каля 18 гадзін. Моцна п’яны мужчына, жыхар вёскі Раёўка, на вакзал прыйшоў з вуліцы Станцыйная. Ён ішоў па пасадачнай платформе і раптам зваліўся ў каляіну другога пуці. Паміж рэйкамі спрабаваў устаць на ногі, але гэта ў яго не атрымлівалася.

Грузавы цягнік ішоў з Маладзечна ў бок Мінска. Станцыя асвятляецца, і пражэктар цягніка асвятляе шлях метраў на 30. Убачыўшы перашкоду, машыніст пачаў тармазіць, а калі стала ясна, што паміж рэйкамі – чалавек, кіроўца цягніка ўключыў экстраннае тармажэнне.

Гэта не дапамагло. Пенсіянера ўдарыла ў галаву “мяцельнікам”, жалезным шчытом, які мацуецца ўнізе пярэдняй часткі цеплавоза. Пацярпелы трапіў пад цеплавоз, затым – пад вагоны. Цягнік нарэшце спыніўся. Машыніст і людзі, што былі на платформе, дасталі мужчыну, які ляжаў паміж трэцім і чацвертым вагонамі.

Доктар у рэанімацыі сказаў Сяргею Бараноўскаму, што, як не дзіўна, усе косці ў траўмаванага цэлыя. Ён атрымаў толькі рассечаную рану лба, страсенне мазгоў і закрытую чэрапна-мазгавую траўму. Яму выратавала жыццё тое, што, знаходзячыся пад вагонамі цягніка, які яшчэ рухаўся, пенсіянер ляжаў і не паднімаў галаву.

Замест даведкі: вага грузавога цягніка каля трох тысяч тон. Яго тармазны шлях 1 кіламетр 200 метраў.