Аляксандр Аляксандравіч Салагуб – фатограф-аматар і даўні сябар “Рэгіянальнай газеты.

Нарадзіўся 26 кастрычніка 1935 года ў горадзе Алес (Францыя) у сям’і шахцёра. Дзяцінства прайшло на поўдні Францыі. У 1947 годзе бацькі пераехалі ў Савецкі Саюз, у Данбас, дзе Аляксандр Салагуб працягваў справу бацькі – працаваў шахцёрам. Праз некалькі гадоў сям’я перабралася ў Маладзечна, бліжэй да радзімы продкаў – Вілейшчыны.

Ад 1964 года Аляксандр Салагуб жыве ў Маладзечне. Шмат гадоў адпрацаваў на станкабудаўнічым заводзе, супрацоўнічаў з мясцовымі газетамі. Захапіўся фатаграфіяй яшчэ ў дзяцінстве: у сям’і быў вялікі фотаархіў, і бацькі ўхвалялі яго папаўненне новымі здымкамі. У 1974 годзе лёс прывёў Аляксандра Аляксандравіча ў клуб фотааматараў “Гарызонт” пры гарадскім Доме культуры, якім у той час кіраваў майстар сваёй справы Аляксей Фяцісаў. У клубе Аляксандр Салагуб пачаў удасканальваць навыкі, асвойваць новыя жанры.

У Інтэрнэце працуе выстава работ Аляксандра Аляксандравіча. Да гэтага ў Маладзечне праходзілі яго традыцыйныя персанальныя фотавыставы. На здымках – не толькі Маладзечна, але і іншыя мясціны нашага краю – Нарач, Будслаў, жыхары рэгіёна. А таксама здымкі з Францыі, Данбаса, Гданьска, Юрмалы… Большасці работ – больш за 20 гадоў. Яны чорна-белыя. Наведнікі інтэрнэт-выставы могуць успомніць (а маладыя і ўпершыню ўбачыць), як выглядаў Маладзечна ў тыя часы, што насілі дарослыя, у што гулялі дзеці, параўнаць французскія і беларускія краявіды, спусціцца ў забой шахты на глыбіню 1000 метраў.

Інфармацыя абнаўлялася ў лістападзе 2010 года.

Аддзел інфармацыі.