У Хажове і Красным у сваіх дамах у чацвер, 2 снежня, знайшлі целы нябожчыкаў. У вёсцы Хажова памерлі 88-гадовая бабуля і яе 54-гадовы сын, у мястэчку Краснае – 50-гадовы мужчына і яго 54-гадовая сужытніца.

– Унікальнасць сітуацыі ў тым, што, па папярэдніх дадзеных, і ў адным, і ў другім выпадку смерці людзей наступілі ў адзін дзень, – сказаў у інтэрв’ю “РГ” памочнік пракурора Маладзечанскага раёна Яраслаў Навумік, які выязджаў на месцы здарэнняў.

Па словах Яраслава Навуміка, у абодвух выпадках на целах памерлых не знайшлі пашкоджанняў, нішто не паказвала на гвалтоўную смерць. У Хажове аператыўнікі ўбачылі страшэнную антысанітарыю. Святло было адключанае за неаплату.

Дом у Красным чысцінёй таксама не вызначаўся. Па словах відавочцаў, сужытнікі злоўжывалі спіртным, іх бачылі, калі яны бадзяліся па мястэчку і лазілі па сметніцах.

Памочнік пракурора адразу пасля здарэння не ўзяўся назваць нават прыкладныя прычыны смерцяў. Іх вызначыць медыцынская судовая экспертыза. Бабуля магла памерці проста ад старасці, а ў астатніх выпадках можна разглядаць некалькі версій: алкагольнае атручэнне альбо пераахаладжэнне, альбо і тое і другое разам.

Сяргей ЗЯНЬКО.