Пяць сметніц знікла з тэрыторыі сельскага Дома культуры ў вёсцы Відзеўшчына 21 лістапада. Праз восем дзён міліцыя затрымала падазроных у крадзяжы і ўзбудзіла крымінальную справу.

Паводле праведзенай праверкі, сметніцы скралі 24-гадовы жыхар Відзеўшчыны, які нідзе не працуе, і 22-гадовы рабочы Мінскай дыстанцыі пуці Беларускай чыгункі, жыхар Рудзенска. Аддзелу культуры Маладзечанскага райвыканкама нанесеная шкода ў памеры 960 тысяч рублёў.

Крымінальная справа ўзбуджаная па артыкуле “Крадзеж групай асоб”. Зламыснікі змешчаныя ў ізалятар часовага ўтрымання, паведамілі “РГ” у аддзяленні інфармацыі і грамадскіх сувязяў упраўлення ўнутраных спраў Мінаблвыканкама.

Сяргей ЗЯНЬКО.