На правым беразе Ушы, ля руін Маладзечанскага замка, з’явіцца батанічны сад і горад майстроў. А госці горада павязуць адсюль у якасці сувеніра жаночую начную сарочку, якая, калі пацягнуць за тасёмку, адразу спадае на падлогу.

Даведка “РГ”. Замчышча – руіны былога Маладзечанскага замка. Размешчана на правым беразе ракі Уша, непадалёк ад выезда з Маладзечна на Вілейку. Маладзечанскі замак – цэнтр абароны сярэдневяковага Маладзечна. У пісьмовых крыніцах упершыню ўзгадваецца ў 1388 годзе. У XVII-XVIII стагоддзях у замку знаходзілася рэзідэнцыя князёў Агінскіх. Разбураны ў канцы XVIII  стагоддзя.

Гэта толькі частка планаў, якія аб’ядноўваюцца ў агульную праграму падрыхтоўкі да святкавання 250-годдзя з дня нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага. Чарговае іх абмеркаванне адбылося ў чацвер, 25 лістапада, у музычным вучылішчы.

Праграма ўключае некалькі асноўных праектаў: добраўпарадкаванне Замчышча ў Маладзечне, сядзібы “Паўночныя Афіны” ў Залессі, а таксама стварэнне сайта Агінскага і правядзенне анлайн-гульні “Наша Беларусь: разам з Міхалам Клеафасам Агінскім”.

На Замчышча – за сувенірамі

Аўтар праекта па забудове тэрыторыі каля Замчышча – Мікалай Тамашэўскі. Па прафесіі ён эканаміст, працаваў інжынерам, пабудаваў два дамы – сабе і бацькам. Адразу, як пачуў аб праграме падрыхтоўкі да юбілею знакамітага земляка, шчыра ёй захапіўся і стварыў праект гісторыка-культурнага комплексу.

Гарадская ўлада праект падтрымала. Пасля таго, як вызначацца з уласнікам аб’екта, возьмуцца за будаўніцтва гасцініцы, у якой будзе каля дзесяці двухмесных нумароў.

Непадалёк ад гісторыка-культурнага комплексу запланавана будаўніцтва аўтазаправачнай станцыі. Але пры ўзвядзенні давядзецца засяродзіць асаблівую ўвагу на яе афармленні. АЗС, як і ўсе пабудовы комплексу, павінна быць вытрымана ў агульным стылі XVIII-XIX стагоддзяў.

Паблізу гасцініцы з’явіцца маладзечанскі горад майстроў. Любы зможа тут заказаць эксклюзіўны выраб, напрыклад, княжацкае крэсла коштам каля трох тысяч долараў. Пачнуць працаваць і сувенірныя лаўкі, у якіх сярод іншага будзе інтрыгуючая начная жаночая сарочка. Калі пацягнуць яе за тасёмку, яна прыгожа спадзе на падлогу.

З іншага боку, горад майстроў – гэта прадпрыемства, на якім з’явяцца працоўныя месцы. Мікалай Тамашэўскі разлічыў, што іх будзе 50, а заробак кожнага, хто тут будзе працаваць, – каля двух мільёнаў рублёў.

Узновяць аранжарэю сям’і Агінскіх. Расці ў ёй будуць як беларускія фруктовыя дрэвы, так і лімоны, ананасы, апельсіны.

Вакол Замчышча адновяць канал, дно якога выкладуць каменем, каб вада цякла прыгожымі перакатамі.

Усім гэтым можна будзе любавацца з вышыні самога Замчышча, якое таксама ўпрыгожаць.

Цэнтр культуры – на сайце

У першыя дні 2011 года ці яшчэ раней пачне працаваць сайт Агінскага. Яго мэта – паказаць Маладзечна культурным цэнтрам Міншчыны і нават Беларусі. Зараз поўным ходам ідзе інфармацыйнае напаўненне.

Сайт будзе мець некалькі раздзелаў – музыка, жывапіс, гісторыя і інш. У раздзелах размесцяцца працы і сусветных аўтараў, але галоўны акцэнт будзе зроблены на мясцовыя падзеі і творцаў.

Каардынатар распрацоўкі сайта – Віталь Пескавы, мясцовы індывідуальны прадпрымальнік. Гэту работу яму даручыў мінскі сталічны саюз прадпрымальнікаў і працадаўцаў, якому і належыць ідэя стварэння сайта Агінскага.

Чакаецца фінал гульні

Зараз падводзяцца вынікі інтэрактыўнай анлайн гульні “Наша Беларусь: разам з Міхалам Клеафасам Агінскім”. Усяго ў ёй прынялі ўдзел каля чатырохсот чалавек з розных куткоў Беларусі.

З Маладзечна ўдзельнічалі дзве навучальныя ўстановы – музычнае вучылішча і гімназія №10. Узнагароджанне пераможцаў запланавана на чацвер, 2 снежня, у мінскай гімназіі № 6.

Лепшых гульцоў чакае кніга па гісторыі Беларусі і дыскусія па адказах удзельнікаў гульні. Паездка па гістарычных мясцінах, звязаных з Міхалам Агінскім, адкладзеная на вясну.

Аб выніках гульні і навінах праграмы падрыхтоўкі да 250-годдзя з дня нараджэння Міхала Агінскага чытайце ў “РГ” і на сайце rh.by

Зоя ХРУЦКАЯ.

Фота Зоі ХРУЦКАЙ.