Што дзешавей – лячыцца ад грыпу ці прышчапіцца ад яго? “Рэгіянальная газета” падлічыла кошт аптэчкі хворага.

Дзешавей за ўсё, вядома ж, не хварэць. Тым не менш пры падліках мы зыходзілі з таго, што падчас уздыму захваральнасці чалавек можа “падхапіць” грып ці іншае ВРЗ. Улічылі меркаванне спецыялістаў, якія сцвярджаюць, што самым дзейсным сродкам прафілактыкі з’яўляецца вакцынацыя. А таксама не зважалі на рэплікі скептыкаў, што імунамадулятары не ўсім дапамагаюць, а то і небяспечныя.

Даведка “РГ”. Імунамадулятары – прэпараты, якія актывізуюць імунітэт.

У сярэдзіне гэтага тыдня ў аптэках рэгіёна хапала розных сродкаў ад грыпу і ВРЗ – і для прафілактыкі, і для лячэння. Быў нават даражэзны – 112.750 рублёў за ўпакоўку – супрацьвірусны прэпарат з міжнароднай назвай Оseltamivir, які так нахвальвалі летась, калі баяліся свінога грыпу. (Мы свядома не называем лекаў, да якіх прыцэньваліся.)

Прафілактыка. Дзеля прафілактыкі рэкамендуюць загартоўвацца, часта мыць рукі, больш гуляць у нешматлюдных месцах. Гэта практычна нічога не каштуе: ужо затрачаныя ваду і мыла лічыць не будзем. А калі прыняць на ўзбраенне параду “менш карыстацца грамадскім транспартам і хадзіць у госці”, то ўвогуле атрымаецца эканомія.

Шматразовая марлевая павязка абыдзецца ў 1830 рублёў. Полівітаміны ў залежнасці ад вытворцы і складу могуць каштаваць і 2500 рублёў, але іх трэба прымаць часцей, і 11.020 рублёў, і 19.320, і больш. Вядомая большасці аксалінавая мазь – каля 2 тысяч рублёў.

На прафілактыку спатрэбіцца каля 15.000 рублёў. І дадайце сюды “паўнацэннае харчаванне”, а таксама такія народныя сродкі, як мёд, часнок і адвары траў і карысных пладоў.

Лячэнне. Стандартны набор хворага – жарапаніжальны сродак, вітамін С і што-небудзь супрацьвіруснае. Танныя таблеткі ад тэмпературы – 380 рублёў. Жарапаніжальныя і супрацьзапаленчыя – каля 7000 рублёў. Вітамін С у таблетках (10 штук) – 860 рублёў, у дражэ (50 штук) – 1430 рублёў. Стандартны супрацьвірусны сродак беларускай вытворчасці – 1660 рублёў, але адной упакоўкі будзе мала. Той, што рэкамендуюць менавіта супраць грыпу і актыўна рэкламуюць па тэлебачанні – каля 13.500 рублёў.

Можа спатрэбіцца таксама камбінаваны парашок для прыгатавання цёплага напою (кшталту “Фервекс”, “Колдрэкс”, “Рынзасіп” і іншых) – каля 15.000 рублёў.

Гэта рэкамендацыі на першыя два-тры дні. Пасля трэба ісці да доктара. Ён назначыць лячэнне ў кожным канкрэтным выпадку. У “кошык хворага” могуць дадацца і спрэй супраць болю ў горле (каля 4500 рублёў), і нават антыбіётыкі (каля 6000 рублёў), і іншыя лекі.

Так што ў першыя дні нездароўя давядзецца набыць прэпаратаў на суму ад 3000 да 37.000 рублёў. Далей – як скажа доктар.

Вакцынацыя. Сёлета ў нашым рэгіёне прышчаплялі вакцынамі расійскай, кітайскай і французскай вытворчасці. Кітайская каштавала каля 15.000-16.000 рублёў, французская – каля 41.000. Грамадзянам з групы рызыкі яе рабілі бясплатна. А ў некаторых райцэнтрах, напрыклад Вілейцы, любы і кожны мог прышчапіцца бясплатна – вакцыну аплаціў мясцовы бюджэт. У чацвер, 2 снежня, жыхары Вілейкі і раёна яшчэ мелі такую магчымасць. Вакцыны былі трох відаў: кітайскі “Флюваксін”, расійскія “Ультравак” і “Грыпавакс”.

Такім чынам, дзешавей за ўсё абыходзіцца прафілактыка, але і гарантый ніякіх, што чалавек не захварэе. Вакцынацыя каштуе прыкладна столькі ж, а то і бясплатная. І дактары сцвярджаюць, што яна эфектыўная, асабліва калі прышчапляцца штогод. Лячэнне ж заўсёды было дарагім.

На 1 снежня 2010 года актыўнасць вострых рэспіраторных інфекцый знаходзілася на нізкім узроўні, – паведамляе на сваім сайце Міністэрства аховы здароўя. Ва ўсіх кантрольных гарадах, у лік якіх уваходзіць і Маладзечна, захваральнасць не перавышала эпідэмічны ўзровень. Большую частку хворых, каля 67%, складалі дзеці. Па выніках даследавання на 1 снежня пераважалі негрыпозныя рэспіраторныя вірусы – адэнавірусы, парагрып, змешаныя інфекцыі і іншыя вірусы. У 11,2% вылучаныя вірусы грыпу А і В.

Святлана ЦІШКО.