Каля 60% школьнікаў, па дадзеных спецыялістаў, маюць тыя ці іншыя парушэнні апорна-рухальнага апарату. Найбольш цяжкай і небяспечнай паталогіяй лічыцца скаліятычная хвароба.

Даведка “РГ”. Скаліёз – распаўсюджанае сярод дзяцей захворванне. Характарызуецца складанымі дэфармацыямі пазваночніка і грудной клеткі, трывалымі парушэннямі сардэчна-сасудзістай і дыхальнай сістэм.

Скаліёз характарызуецца складанымі дэфармацыямі пазваночніка і грудной клеткі.

Вынікі агляду нярэдка бываюць нечаканымі для дзяцей і іх бацькоў. Большасць дзяцей не адчувае змяненняў у пазваночніку, пакуль хвароба не выкліча відавочных касметычных дэфектаў.

З кожным годам колькасць парушэнняў паставы расце. Некалькі дзесяцігоддзяў таму дактары назіралі скаліёз у школьнікаў, пачынаючы ад пятага-шостага класа. Цяпер да іх звяртаюцца бацькі пацыентаў, якія яшчэ наведваюць старэйшую групу дзіцячага сада.

У дзяўчынак захворванне сустракаецца ў тры разы часцей, чым у хлопчыкаў. Прычына – больш нізкі тонус мышцаў, недахоп рухальнай актыўнасці, разумнай фізічнай нагрузкі.

Сваю лепту ў амаладжэнне скаліёзу ўносяць і маладыя мамы, якія імкнуцца як мага раней навучыць сядзець сваіх немаўлят. Між тым не рэкамендуецца прысаджваць дзяцей да шасцімесячнага ўзросту.

Скаліёз не “праходзіць”, як, напрыклад, насмарк. Але хваробу можна стабілізаваць, спыніць яе развіццё. А яшчэ лепш – папярэдзіць яе развіццё.

Асаблівую ўвагу бацькам трэба звярнуць на рухальную актыўнасць дзіцяці. Гіпадынамія (паніжаная рухавасць) бывае вымушаная і адвольная. У хворых на скаліёз яна часцей вымушаная – абмежаванне актыўнасці па рэкамендацыі доктара. Між тым змяншэнне нагрузкі на апорна-рухальны апарат можа быць нават шкодным. Асабліва для школьнікаў, якія каля 50% светлавога дня знаходзяцца ў змушанай позе – сядзяць. У хворых на скаліёз у такіх умовах развіваецца стамленне ў нервова-мышачным апараце дэфармаванага пазваночніка. Дзеці могуць скардзіцца на боль у спіне. У іх зніжаецца працаздольнасць мышцаў, якія кантралююць паставу, парушаецца кровазварот. Таму неабходна займацца прафілактыкай і абавязкова з выкарыстаннем спецыяльнай фізкультуры, якая разгружае дэфармаваны пазваночнік.

Традыцыйна ў комплексе кансерватыўнага лячэння скаліёзу прымяняюць масаж, фізіятэрапію, лячэбную гімнастыку. Добра ўздзейнічаюць таксама лыжная падрыхтоўка, пешыя прагулкі па перасечанай мясцовасці, лячэбнае плаванне брасам на спіне і жываце – калі назначыць доктар.

Выбіраючы сродкі і формы прафілактыкі і карэкцыі хваробы, не займайцеся самадзейнасцю. Неабходна кансультацыя спецыяліста: складаныя па тэхніцы практыкаванні, нерацыянальныя нагрузкі і маніпуляцыі на дэфармаваным пазваночніку могуць спрыяць прагрэсіраванню хваробы.

Бацькам таксама можна парэкамендаваць сачыць за харчаваннем, прычым не толькі дзяцей, але і дарослых членаў сям’і. Для касцей карысныя сыр, ёгурт, тварог, іншыя малочныя прадукты, рыба, арэхі, іншыя прадукты, багатыя на кальцый.

Алена ПОЮ, настаўніца фізічнай рэабілітацыі маладзечанскай санаторнай школы-інтэрната для дзяцей, хворых на скаліёз.