Адна мая знаёмая вельмі любіць гаварыць пра часы перабудовы і дэфіцыту. Калі нідзе нічога немагчыма было купіць. Хіба што толькі дастаць.

“Прыйдзеш у магазін, – успамінае яна, – кінеш вокам, на паліцах – нічагусенькі, адзін вецер гуляе. А людзі ўсё топчуцца, топчуцца. Значыць – нешта зараз выкінуць. Ты яшчэ не ведаеш, трэба яно табе ці не, але ўжо гатовы браць. Бо запас бяды не чыніць, бо дома спатрэбіцца ўсё. Калі не табе, то дзецям, калі не дзецям – бацькам альбо сваякам”.

У часы, калі на паліцах і вітрынах магазінаў было пуста.

Курткі навырост, на два памеры большыя боты, тры аднолькавыя хрустальныя вазы і сорак кавалкаў мыла ляжалі калісьці і ў маёй шафе. А ў дзіцячым пакоі паміж канапай і пісьмовым сталом быў уціснуты мяшок цукру. Так тады жылі ўсе. Ці амаль усе.

Памятаю чэргі за малаком, хлебам, крупамі, кансервамі, бялізнай, пральным парашком, з якіх вылазілі мокрыя, расхрыстаныя, без гузікаў.

Неяк з сястрой мужа, акурат у час дэфіцыту, паехалі ў Мінск спраўляць пакупкі. Добры дзесятак магазінаў перабралі, пакуль пашчасціла трапіць у той, дзе хоць нешта, ды выкінулі. Адстаяўшы гадзіны дзве ў чарзе, купілі  дзецям па пары каляровых гумовых ботаў, дзве мужчынскія сарочкі, шкарпэткі, махровыя ручнікі.

Усё гэта пасля лягло ў шафе “мёртвым грузам”. Боты дзеці “перараслі”, а сарочкі тыя мужчыны нашы так і не адзелі. Маўляў, белыя, непрактычныя.

У адной маёй знаёмай усе антрэсолі ў шафе закладзеныя ніткамі для вязання. Думала, што ў цяжкія часы, калі не будзе чаго апранаць, пачне вязаць сабе, дзецям, мужу світары і камізэлькі.

Другая жанчына сабрала цэлую калекцыю маланак. Прычым, рознай даўжыні і колеру. Збіралася, як стане зусім туга, шыць сваім дочкам спаднічкі і сукеначкі.

Адна знаёмая сям’я кожны год робіць рамонт. Любяць людзі паднавіць перад велікоднымі святамі ў хаце падлогу, вокны, пераклеіць на кухні шпалеры, якіх толькі на паўгода і хапае.  “Вы б сабе якія-небудзь сучасныя купілі, тыя, што мыюцца”, – параіла неяк ім. “А гэтыя дзе дзяваць?” – расчыніла жанчына дзверы кладоўкі, дзе на паліцах ляжала рулонаў 20, а то і больш, шпалераў. Аказваецца, у часы перабудовы яна працавала ў спецыялізаваным магазіне. І, як кажа мой адзін знаёмы, “трэба ці не трэба, а хапала”.

На паліцах сучасных магазінаў цесна ад рознага тавару. Былі б грошы – купіш усё, што трэба. Хаця адна мая знаёмая, калі збіраецца за пакупкамі, не-не, ды і ўспомніць былыя часы і слова “дэфіцыт”. Кажа, што тады ёй было прасцей. Прыйшоў у магазін, што даюць, тое і ўхапіў. І ні табе пра фасон думаць, ні пра колер. А то чацвертыя выхадныя запар ходзяць з мужам на рынак, каб купіць шпалеры. Адзін дзень на блакітных спыняцца, другі бэжавыя таргуюць. А дадому з пустымі рукамі ды яшчэ пасварыўшыся ідуць. Ну, не могуць людзі зарыентавацца ў моры тавару, ды і ўсё тут.

Мусіць, трэба арганізаваць ім экскурсію ў кладоўку да маіх знаёмых. Там выбар меншы, і аддаюць бясплатна. Тавар не проста выйшаў з моды, псавацца пачынае…

Марына СЛІЖ.