Традыцыйны рэспубліканскі турнір “Залатая міля”, які прайшоў 3-4 снежня ў Маладзечне, сабраў спартсменаў з 10 гарадоў Беларусі.Наш рэгіён прадстаўлялі маладзечанцы, а таксама лёгкаатлеты са Смаргоні, Ашмянаў, Вілейкі і Валожынскага раёна.

У змешанай эстафеце 4х400 метраў (два хлопцы і дзве дзяўчыны) гаспадары спаборніцтваў не саступілі – выйграла каманда “Маладзечна-1” (Таццяна Гулецкая, Мілона Міхайлава, Вадзім Несцярэнка, Максім Чапцоў). У “Маладзечна-2” – трэцяе месца.

Таццяна Гулецкая і Мілона Міхайлава з Маладзечна 3-4 снежня перамаглі ў эстафеце 4х400 метраў у складзе каманды “Маладзечна-1”.

 

Рэкордаў сёлета не ўстанавілі ні на вярсце (1097 метраў), ні на мілі (1609 метраў). У бегу на вярсту перамог Уладзіслаў Сяргей з Маладзечна. На мілі першымі ў сваіх узроставых групах былі маладзечанцы Таццяна Гулецкая, Антон Салаўёў, Дзмітры Балабанскі.

Прадстаўнікі іншых раёнаў нашага рэгіёна пераможцамі не сталі, але занялі прызавыя месцы ў сваіх узроставых групах: Аляксандр Чэрнік са Смаргоні і Мікіта Шчарбінскі з Валожынскага раёна фінішавалі другімі на мілі, Уладзіслаў Лямбовіч (Валожынскі раён) быў трэцім.

Па словах галоўнага суддзі спаборніцтваў Леаніда Арцем’ева, заняць прызавое месца было няпроста. “Спартсмены з Наваполацка, Ліды і Дуброўна – моцныя сапернікі, якія паказваюць добрыя вынікі”, – патлумачыў ён.

Святлана ЦІШКО.

Фота з архіва “РГ”.