Заслужаны ансамбль песні і танца “Спадчына” адзначыў юбілей – 50 гадоў. І паўстагоддзя яго нязменным кіраўніком з’яўляецца Іосіф Сушко.

Калектыў быў створаны ў 1960 годзе. Яго аснову склалі артысты партызанскага ансамбля песні і танца, створанага на Мядзельшчыне ў 1943 годзе. Прыйшлі ў “Спадчыну” і спевакі з музычнага вучылішча, музычнай школы. Вялікі ансамбль атрымаўся, – успамінае Іосіф Сушко. Чалавек 80 – танцавальная, харавая групы, аркестр.

Іосіф Сушко.

Ужо ў 1961-м годзе “Спадчына” выступала ў Маскве. У 1963 годзе ёй прысвоілі званне “народны”. У 1970-м ансамбль стаў лаўрэатам прэміі Ленінскага камсамола Беларусі. Шмат гастралявалі па Беларусі, выступалі ў Маскве, на караблях Балтыйскага флоту, у Літве і Украіне на днях беларускага мастацтва. Ездзілі за мяжу. “Нас адправілі ў Германію, каб мы выступілі і перад савецкімі вайскоўцамі, і перад жыхарамі краіны. Тады, у 70-х гадах, у Савецкага Саюза былі напружаныя адносіны з ФРГ. Мы праехалі па Германіі каля 6000 кіламетраў”, – расказаў Іосіф Сушко.

“Спадчына” ўдзельнічала ў міжнародных фестывалях за мяжой. На фестывалі ў Балгарыі калектыў атрымаў залаты медаль.

Лёс складваўся па-рознаму, але апладысменты былі ў жыцці Іосіфа Сушко з дзяцінства. Яго дзед прывёз з Пецярбурга, дзе ён працаваў швейцарам, гармонік. Аднойчы маленькі Іосіф, якому было тады чатыры-пяць гадоў, убачыў інструмент у свірне. І пачаў асвойваць. Вучыўся, падбіраў мелодыі сам, сёе-тое падказваў бацька. Праз пару гадоў маленькага гарманіста ўжо запрашалі іграць на вяселлях і іншых святах.

У 1943 годзе бацька аддаў Іосіфа вучыцца ў настаўніцкую семінарыю ў Паставах. А ў 1944-м, 13 снежня, яго арыштавалі, а пасля прыгаварылі да 10 гадоў зняволення. За тое, што вучыўся пры немцах, што выступаў у самадзейнасці.

Так Іосіф Сушко аказаўся ў Тайшэце Іркуцкай вобласці. “Мне ў лагеры трапляліся добрыя людзі. Начальнік культурна-выхаваўчай часткі капітан КДБ Леанід Цюцін з Полацка, можна сказаць, апякаў мяне ўсе восем з паловай гадоў. Ён мне і настаўніка даў – дырыжора Венскай оперы”, – успамінае Іосіф Фаміч.

Іосіф Сушко іграў на разводах зняволеных, у сталовай. Пасля яго ўзялі ў канцэртную брыгаду. Малады беларус акампаніраваў знакамітай Лідзіі Русланавай.

“Мне страшна не было – я быў задаволены. Я малады, патрапіў у лагер і прызвычаіўся да думкі, што патрапіў. І рыпацца няма чаго. Мне дазвалялі выступаць у самадзейнасці – гэта ўжо добра. Адправілі на будаўніцтва завода. Брыгадзір паглядзеў, які я малы і худы, адправіў рабіць канаўку для электрапроваду. Капаць глыбока не трэба. А ў зямлі – арэхі. Капану – арэх, я ем. Значыць, мне таксама добра. Магчыма, смешна, дзіцячыя думкі, але так было. Калі давалі абед, повар стараўся зачарпнуць мне гусцейшага. Мне добра? Добра, лепш, чым іншым”, – успамінае Іосіф Сушко.

А пра свабоду ён не думаў. Больш за тое, калі ў 1954 годзе Іосіфа вызвалілі, ён расстроіўся: ансамбль зняволеных адпраўляецца на гастролі, а ён з усімі не паедзе.

Вярнуўшыся дамоў, Іосіф Сушко працаваў мастацкім кіраўніком Варапаеўскага Дома культуры (Пастаўскі раён). Толькі ў 31-гадовым узросце, у 1959 годзе, ён паступіў у Маладзечанскае музвучылішча. Іосіф меў высокі ўзровень выканальніцкага майстэрства і багаты рэпертуар. Але сёе-тое ў навуцы было карысным і новым. “Я на харавое аддзяленне паступіў. Аказалася, што некаторыя рэчы, да якіх я як кіраўнік хору ў Варапаеве ішоў доўга, праз церні, можна зрабіць прасцей. Так што талент – гэта добра, але лепш, калі выкладчыкі падкажуць”.

Праз “Спадчыну” за 50 гадоў прайшло нямала людзей, некаторыя з іх сталі вядомымі артыстамі. Працуюць у Гродзенскай, у Брэсцкай абласцях. Алена Шыгалёва, заслужаная артыстка Беларусі, цяпер выкладае ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. Вольга Сяргеева працуе ў Санкт-Пецярбургу. Яе дзіцячы хор – адзін з лепшых у Расіі. А вось Андрэй Майсяёнак стаў не артыстам, а доктарам біялагічных навук, прафесарам, працуе ў Інстытуце фармакалогіі і біяхіміі Нацыянальнай акадэміі навук.

Каб стаць артыстам “Спадчыны”, галоўнае, на думку Іосіфа Сушко, не саромецца. “Калі чалавек адчувае, што ў яго ёсць голас і слых, трэба прыйсці. Давядзецца прайсці праслухоўванне. Але я не патрабую вялікага голасу. Калі ёсць слых і хоць малы голас, – гэта таксама добра”, – лічыць Іосіф Сушко.

Святлана ЦІШКО.